Беларусь у аб’ектыве «Reuters». Найлепшыя здымкі года

Рэдактары агентцтва «Reuters» абралі найлепшыя здымкі за 2019 год, звязаныя з нашай краінай.

Заплыў праз Беразіну ў лістападзе

Жанчына выходзіць на бераг пасля таго, як пераплыла Бярэзіну падчас рэканструкцыі бітвы 1812 года. 23 лістапада 2019 года. Фота – Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Відавочцы сцвярджалі, што па вадзе плавалі крыгі ільду – гэтаксама, як больш за 200 гадоў таму, калі французскія пантаньеры рабілі пераправу для рэшты напалеонаўскага войска, стоячы ў ледзяной вадзе. Амаль усе яны памерлі ад пераахалоджвання.

Сёлетні заплыў праз раку зладзілі ў іх гонар. На беразе ўдзельнікаў заплыву сустракаў амбасадар Францыі.

Раніца ў Налібоцкай пушчы

27 верасня. Самец аленя ў рэспубліканскім ландшафтным запаведніку «Налібоцкі» каля вёскі Казлікі. Фота – Васіль Федасенка / Reuters / Forum

Алень – адна з найбольш характэрных жывёлінаў у лясах сярэдняй паласы Беларусі.

«Лінія Сталіна»

21 снежня. Дзеці страляюць з пнеўматычных вінтовак у мемарыяльным комплексе «Лінія Сталіна» каля вёскі Гарошкі. Фота – Васіль Фядосенка / Reuters / Форум

Экстрэмальны марафон у Катары

28 верасня. Беларуска Вольга Мазуронак (леваруч) і партугалка Саломэ Роча падчас забегу на жаночым марафоне на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы ў Досе. Фота – Dylan Martinez / Reuters / Forum

Паводле беларускі, праз спёку да фінішу дабегла крыху больш за палову атлетаў. Нашая суайчынніца па выніках забегу стала пятай.

Лясны мёд

14 лістапада. Мужчына каштуе мёд ад дзікіх пчол, якія жывуць у ствале дрэва ў лесе каля вёскі Сакалойка. Фота – Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Беларускія візажысты

7 лістапада. Беларускія візажысты бяруць удзел у штогадовым нацыянальным конкурсе ў Менску. Фота – Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Спаборніцтвы па цырульніцкім майстэрстве, сэрвісе пазногцяў ды візажы «Ружа Вятроў HAIR-2019» прайшлі ў межах выставы індустрыі прыгажосці і здароўя «Інтэрстыль-2019» на Футбольным манежы ў Менску.

Вучэнні ў Астраўцы

11 кастрычніка. Вучэнні па рэагаванні на радыяцыйную аварыю на БелАЭС каля Астраўца. Фота – Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Халадовіч у Досе

1 кастрычніка. Таццяна Халадовіч кідае кап’ё падчас на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы ў Катары. Фота – Kai Pfaffenbach / Reuters / Forum

Па выніках спаборніцтве ў кіданні кап’я на чэмпіянаце па лёгкай атлетыцы ў Катары Таццяна Халадовіч заняла шостае месца.

Сэлфі з БелАЗам

27 жніўня. Людзі фатаграфуюцца каля самазвалу БелАЗа на аўтазаводзе ў Жодзіне. Фота – Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Кадэты на бале Лукашэнкі

23 снежня. Кадэты на калядным бале ў Менску. Фота – Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Багач у Вязынцы

29 верасня. Наведнікі фестывалю традыцыйнай культуры «Багач» у Дзяржаўным літаратурным музеі імя Янкі Купалы каля вёскі Вязынка. Фота – Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Нашыя продкі святкавалі свята Багач пасля завяршэння збору ўраджаю. Само слова азначае кошык з жытам, у якое ўстаўлялася свечка. Жыта для Багача зносілі жыхары ўсёй вёскі. У хату, дзе знаходзіўся Багач, запрашалі святара. Пасля імшы кошык абносілі вакол вёскі і статку скаціны. Сяляне лічылі, што абрад прыносіць у дом багацце і шчасце.

Балотны футбол у Дамброўцы

10 жніўня. Жанчыны ўдзельнічаюць у балотным футбольным матчы каля вёскі Дамброўка. Фота – Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Фотаздымак зроблены падчас чэмпіянату Гарадзеншчыны па балотным футболе, які прайшоў у межах «Свята мора» на Аўгустоўскім канале.

Гэты від спорта, які цяпер актыўна развіваецца ў Беларусі, мог б стаць нацыянальным: чаго-чаго, а балотаў у Беларусі хапае.

Здымак увайшоў таксама ў сусветны топ агенцтва «Адзін фотаздымак, адна краіна, адзін год».

Чалавек пляце гняздо

20 кастрычніка. Арнітолаг Уладзімір Іваноўскі будуе гняздо для драпежных птушак на дрэве на балоце каля вёскі Казяны. Фота – Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Падборку найлепшых здымкаў фатографаў «Белсату» можна паглядзець тут.

ДД belsat.eu

Hавiны