Сейм Літвы ўвёў абмежаванні на сельскагаспадарчую прадукцыю з Беларусі, але не на беларусаў


Сейм Літвы працягнуў на год санкцыі супраць грамадзянаў Расеі і Беларусі. Аднак прапановы новых абмежаванняў для беларусаў літоўскія парламентарыі не падтрымалі, перадае BNS.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сейм Літвы.
Фота: lrt.lt

Дэпутаты падтрымалі ўвядзенне забароны на завоз у Літву сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў расейскага або беларускага паходжання. Канкрэтны спіс забароненых прадуктаў і кармоў будзе зацверджаны ўрадам.

Адносна прапановы зраўняць абмежаванні для грамадзянаў Беларусі і РФ дэпутат Жыгімантас Павілёніс, старшыня камітэту Сейму ў замежных справах, заявіў, што параўноўваць іх недапушчальна, бо цягам 30 гадоў улады Літвы спрабуюць аддзяліць беларусаў ад рэжыму.

«Людзі, якія падтрымліваюць акупацыю або хваляць Пуціна [прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна – рэд. belsat.eu], – не толькі беларусы», – сказаў ён, падкрэсліўшы недапушчальнасць абвінавачвання толькі адной нацыі.

Паводле яго, «немагчыма пакараць увесь народ і атаясаміць яго з рэжымам».

У сваю чаргу дэпутат Аўдронюс Ажубаліс заявіў, што пасля таго, як Расея пачала вайну ва Украіне і Беларусь падтрымала яе, стаўленне змянілася. І таму «абмежавальныя ўмовы, якія выкарыстоўваюцца да грамадзянаў Расеі, мусяць распаўсюджвацца і на грамадзянаў Беларусі».

Пасля таго, як Сейм пастанавіў не забараняць грамадзянам Беларусі набываць нерухомасць у Літве, Ажубаліс заявіў, што гэта робіць закон марным і адчыняе «дзверы беларускім алігархам».

Прапанова абмежаваць паездкі расейцаў і беларусаў на радзіму нават не разглядалася, бо для яе прыняцця да разгляду не хапіла галасоў. Таксама была прыбраная прапанова пазбаўляць грамадзянаў Беларусі і РФ дазволаў на часовае пражыванне ў Літве, калі яны наўмысна і сістэматычна публічна распаўсюджваюць ілжывую інфармацыю, што супярэчыць інтарэсам грамадства ці дзяржавы або супярэчыць дакументам ААН. На думку Ажубаліса, пасля выключэння гэтых прапановаў Літва пазбавілася зброі для змагання з «ліцвінізмам».

Паводле дэпутата, часты выезд грамадзянаў у Расею і Беларусь стварае пагрозу нацыянальнай бяспецы і дапамагае спецслужбам Беларусі кансалідаваць сваю агентурную сетку ў Літве і іншых краінах NATO.

Сейм толькі ўхваліў прапанову дадаткова правяраць беларусаў, якія прыбываюць у Літву з Беларусі і Расеі.

Згодна з прынятым летась законам, які цяпер працягнулі дэпутаты, расейцы і беларусы абмежаваныя ў магчымасці атрымання літоўскіх візаў і статусу электроннага рэзідэнта. Магчымасць грамадзянаў Расеі прыехаць у Літву і набыць нерухомасць яшчэ больш абцяжараная, а заявы на атрыманне віду на жыхарства ў Літве ад іх часова не прымаюцца.

Прыняты закон будзе дзеяць да 2 траўня 2025 года. Але яго яшчэ мусіць падпісаць прэзідэнт Гітанас Наўседа. Летась ён наклаў вета на такі закон праз розныя санкцыі, уведзеныя супраць грамадзянаў РФ і грамадзянаў Беларусі, але Сейм адхіліў гэтае вета.

Разбор
Абмежаванне на выезд беларусаў з Літвы: пытанне не закрытае?
2024.04.23 19:26

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў