Літва ўручыла ноту пратэсту Беларусі з нагоды заяваў Церцеля пра атаку дронамі


МЗС Літвы выклікаў часовага паверанага ў справах Беларусі і выразіла пратэст адносна заяваў кіраўніка КДБ Івана Церцеля пра атаку дронамі, якая рыхтавалася з тэрыторыі Літвы.

Міністэрства замежных спраў Літоўскай Рэспублікі.
Фота: Augustas Didžgalvis / lt.wikipedia.org, CC BY-SA 4.0

Нота пратэсту была ўручаная часоваму паверанаму ў справах Беларусі Яраславу Хмылю. У ёй быў «выказаны рашучы пратэст» у сувязі з заявамі старшыні КДБ Беларусі Івана Церцеля, зробленымі на Усебеларускім народным сходзе 25 красавіка пра нібыта пагрозы для Беларусі, «якія зыходзяць з Літвы, у тым ліку пра нібыта ўдары ваенных беспілотнікаў з тэрыторыі Літвы па аб’ектах на тэрыторыі Беларусі і іншыя падобныя бяздоказныя інсінуацыі».

У літўскім МЗС падкрэслілі, што «такія заявы прадстаўнікоў беларускага рэжыму не маюць нічога агульнага з рэчаіснасцю».

Таксама ў літоўскім ведамстве выступілі з патрабаваннем да МЗС Беларусі неадкладна абвергнуць дэзынфармацыю.

Таксама ў ноце было пацверджана, што Літва прыме ўсе магчымыя меры для забеспячэння сваёй бяспекі, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці.

Нагадаем, што старшыня КДБ Іван Церцель 25 красавіка заявіў, што Камітэт дзяржбяспекі разам з іншымі сілавымі структурамі апошнім часам «правёў шэраг вострых чэкісцкіх мерапрыемстваў, якія дазволілі перадухіліць нанясенне ўдараў баявымі дронамі з тэрыторыі Літвы па абʼектах у Менску і яго прадмесцях».

У сваю чаргу прадстаўнік Дэпартаменту стратэгічных камунікацыяў Узброеных сілаў Літвы маёр Гінтаўтас Цюніс назваў гэтыя заявы «трызненнем».

Пры гэтым нават у Расеі засумняваліся ў звестках, пададзеных Іванам Церцелем, адзначыўшы, што «інфармацыя патрабуе тлумачэнняў як з беларускага, так і з літоўскага боку». Гэта падкрэсліў дэпутат Дзярждумы РФ Канстанцін Затулін у размове з выданнем «Говорит Москва». «Не да канца зразумела, што здарылася з гэтымі дронамі, ці былі яны збітыя, ці знаходзяцца яны на тэрыторыі Беларусі. Ці можа Беларусь у выпадку неабходнасці прадэманстраваць іх рэшткі? Самае галоўнае – ці быў пры гэтым урон нейкі нанесены Беларусі. Ад гэтага будуць залежаць канчатковыя рашэнні», – сказаў Затулін.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў