Макрон: Еўропа можа памерці – гэта трэба ўсвядоміць і дзеяць


Еўропа мусіць пазбыцца сваёй добраахвотнай наіўнасці, інакш ёй можа пагражаць гібель. Пра гэта 25 красавіка заявіў у сваёй двухгадзіннай прамове ў парыжскім універсітэце Сарбона прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон, перадае BBC.

Эманюэль Макрон.
Фота: elysee.fr

«Мы мусім усвядоміць, што нашая Еўропа смяротная. Яна можа памерці. Усё залежыць ад выбару, які мы робім, і гэты выбар неабходна зрабіць цяпер», – сказаў французскі прэзідэнт.

Песімістычна ацэньваючы негатовасць Еўропы да «змены парадыгмы» ў свеце, Эманюэль Макрон заявіў, што варожасць з боку Расеі, адсутнасць цікавасці з боку ЗША і канкурэнцыя з боку Кітаю могуць ператварыць Еўразвяз у «маргіналізаваную» супольнасць.

«Эра, калі ЕЗ купляў энергію і ўгнаенні ў Расеі, перадаваў сваю вытворчасць Кітаю і залежаў ад ЗША ў плане сваёй бяспекі, гэтая эра скончылася», – сказаў ён.

Макрон заклікаў еўрапейскіх лідараў быць гатовымі да «маштабных стратэгічных пастановаў» у галіне абароны і эканомікі, падкрэсліўшы, што для еўрапейскіх інтарэсаў цяпер неабходная вялікая доза пратэкцыянізму. У прыватнасці, паводле яго, трэба стварыць надзейную незалежную сістэму абароны, якая б у выпадку неабходнасці магла пачаць вайну без дапамогі ЗША. Таксама, сказаў ён, Еўразвяз не можа быць адзіным, хто выконвае правілы адкрытага міжнароднага гандлю, калі Кітай і ЗША іх «больш не паважаюць».

Прэзідэнт патлумачыў магчымасць адпраўкі сухапутных войскаў ва Украіну тым, што гэтая «стратэгічная двухсэнсоўнасць» ёсць важнай часткай новага геапалітычнага парадку. «Чаму мы мусім казаць расейцам, дзе наш ліміт?» – спытаў ён.

На думку Макрона, адной з самых вялікіх рызык для выжывання Еўропы ёсць яе ўласная дэмаралізацыя, «Еўропа можа памерці сама ў сабе». Таму ён заклікаў еўрапейцаў ізноў прыняць каштоўнасці, якія зрабілі кантынент асаблівым.

«Мы не такія, як астатнія. Мы ніколі не мусім забываць пра гэта. Гэта не проста кавалак зямлі, гэта канцэпцыя чалавецтва», – сказаў прэзідэнт Францыі.

Ён пахваліў тое, што еўрапейцы абудзіліся ад сваёй «наіўнасці», але папярэдзіў, што яны дагэтуль не цалкам усведамляюць, што «мы не ўзброеныя супраць рызык, з якімі сутыкаемся».

Раней Макрон заявіў, што Францыя можа правесці вайсковую аперацыю ва Украіне супраць Расеі, калі таго запатрабуюць абставіны. Паводле яго, французскі Генштаб рыхтуецца «да любых сцэнароў». І шмат «зусім не малых» краінаў Еўропы «падтрымліваюць лінію Францыі», дадаў прэзідэнт.

Абноўлена
Сікорскі: рэжым у Менску васальны Расеі, паправіць стасункі з ім немагчыма
2024.04.25 11:38

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў