Што за новае судовае паседжанне ў справе Ціханоўскага і Статкевіча? Патлумачыў юрыст


У Гомельскім абласным судзе 25 красавіка адбудзецца новае паседжанне ў «справе Сяргея Ціханоўскага». Слуханні правядзе суддзя Мікалай Доля. Падрабязнасці гэтага паведаміла радыё «Свабода».

Сяргей Ціханоўскі.
Фота: Мікола Камінскі / Белсат

У фармулёўцы анонсу суду гаворыцца пра «іншыя пытанні, звязаныя з прывядзеннем прысуду, выраку, пастановы ў выкананне». Працэс пройдзе ў межах артыкулу 402 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Юрыст адзначыў выданню, што гэта можа быць звязана з рэчавымі доказамі, пералік якіх у першым прысудзе заняў некалькі дзясяткаў старонак.

«Відаць, нешта ўпусцілі ці суд вырашыў больш не захоўваць рэчавыя доказы, знішчыць іх. Таму праводзяць паседжанне», – мяркуе крыніца «Свабоды» ў юрыдычных колаў.

Паводле юрыста, ёсць рэчавыя доказы, якія застаюцца пры справе назаўжды (дыскі з пратаколамі апытанняў, аператыўна-пошукавымі мерапрыемствамі, пратаколы аглядаў і так далей), а ёсць такія, якія не маюць асаблівай каштоўнасці (значкі, сцягі, улёткі, літаратура, мегафоны і так далей).

«Гэта ідзе на знішчэнне, звычайна такое рашэнне прапісваюць у прысудзе. Доказы знішчаюцца, калі прысуд набывае моц. Грошы і матэрыяльныя каштоўнасці ідуць у казну, на карысць дзяржаве. Наркотыкі, зброя, фальшывыя грошы таксама знішчаюцца. Тут хутчэй пытанне пра тыя рэчавыя доказы, якія не маюць прамога дачынення да прысуду. Таму і будзе разгляд», – патлумачыў юрыст.

Паводле крыніцаў выдання, фігурантаў справы на паседжанне прывозіць не плануюць.

Згодна з абвесткай на сайце Вярхоўнага суда, паседжанне закранае экс-прэтэндэнта ў прэзідэнты на выбарах 2020 года Сяргея Ціханоўскага, лідара «Народнай грамады» Мікалая Статкевіча, мадэратара сацыяльных сетак «Краіны для жыцця» Дзмітрыя Папова, журналіста і блогера Ігара Лосіка, аўтара YouTube-канала MozgON Уладзіміра Цыгановіча, сябра ініцыятыўнай Святланы Ціханоўскай Арцёма Сакава. Шмат хто з яе фігурантаў знаходзіцца ў інфармацыйнай блакадзе працяглы час.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў