«Усебеларускі сход» адзінагалосна ўхваліў Ваенную дактрыну і Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі


Першы дзень «Усебеларускага сходу» скончыўся амаль адзінагалосным абраннем Аляксандра Лукашэнкі старшынём сходу, абраннем у Прэзідыум чыноўнікаў другога і трэцяга эшалонаў. У другі дзень, 25 красавіка, пасля трох гадзінаў агітацыі адзінагалосна ўхвалілі Ваенную дактрыну і Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі.

Слухачы «Усебеларускага сходу» галасуюць за Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі. Менск, Беларусь. 25 красавіка 2024 года.
Фота: sb.by

За Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі і Ваенную дактрыну галасавалі ўздыманнем картак проста ў зале. За іх прагаласавалі адзінагалосна – Аляксандр Лукашэнка нават прасіў падняцца тых, хто супраць ці ўстрымаўся, ахвочых не знайшлося.

Праект Канцэпцыі ўжо публікавалі – вядома, што ў ім: еўразійская інтэграцыя і скасаванне шматвектарнасці, пагрозы ад экстрэмізму да неанацызму, пашырэнне рэпрэсіяў і паглыбленне ізаляцыі. Пра Ваенную дактрыну ёсць толькі ўскосныя звесткі, часам супярэчлівыя.

Другі дзень сходу пачаўся з прамовы Аляксандра Лукашэнкі, працягнуўся выступамі з запужваннем вонкавымі пагрозамі і заклікамі ўхваліць Канцэпцыю і Дактрыну. Агулам гэта цягнулася тры гадзіны. Сярод пагрозаў згадваліся і краіны Захаду, і полк Каліноўскага, і біялабараторыі з баявымі камарамі.

Абноўлена
Ядравая зброя, мір на ўмовах Расеі і баявыя камары. Пра што кажуць на другім дні УНС
2024.04.25 11:06

Адзін з выступоўцаў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Мікалай Бузін казаў пра стаўку непрыяцеляў Беларусі на дроны, штучны інтэлект, касмічныя сістэмы, «ментальную і кіберзброю», насуперак іншым казаў, што ў Ваеннай дактрыне крыніцамі пагрозаў называюцца ЗША, NATO, Польшча і краіны Балтыі.

Тым, хто «збіраецца нападаць на Беларусь», Лукашэнка прыгразіў: «Вы вельмі моцна шкодзіце сваім родзічам», якія застаюцца ў Беларусі. І параіў забыць пра маёмасць на тэрыторыі Беларусі.

Лукашэнку асабліва непакоілі далёкабойныя ракеты «ATACMS», якія Украіна ўжо атрымала ад ЗША. Праўда, Лукашэнка назваў іх неразборліва – словам,  падобным да «атакус». Пазней у прамове ён таксама назаве гэтыя ракеты «атамсамі».

Абноўлена
«Ніхто акрамя нас», англасаксы і страшныя 1990-я. Што казаў Лукашэнка «Усебеларускаму сходу»
2024.04.24 13:59

Галасаванне адносна гэтых дакументаў – адзінае, што анансавалі на другі дзень сходу. Але ці завершаны сход або ён яшчэ працягнецца, невядома: дэлегатаў не адпускалі дадому. У першы дзень сходу пасля выступу Лукашэнкі дэлегатаў звадзілі на канцэрт, на якім, са словаў Лукашэнкі, дэлегаты «някепска адпачылі, паглядзелі канцэрт».

У пачатку другога дня Лукашэнка хваляваўся, што пасля ўчорашняга дэлегатам будзе цяжка слухаць выступы. Але прасіў вытрываць, «як бы ні было цяжка». Як і ў першы дзень, на афіцыйнай трансляцыі паказвалі нямала людзей, якія сумавалі, цяжка ўздыхалі, пазяхалі або спалі.

Агляд
Столькі хайпу, а прапагандыст заснуў. Крынж лукашэнкаўскага «Усебеларускага сходу»
2024.04.24 18:39

Што гэта за сход

Дэлегатамі сходу выбралі 1200 асобаў, але тыя выбары прайшлі без удзелу звычайных беларусаў (сход праводзяць пад лозунгам «Время выбрало нас»). Але, паводле дзяржаўных медыяў, на сход даехалі 1159 дэлегатаў (анансавалі 1162) і 700 госцяў без права голасу.

Лукашэнка праводзіў «Усебеларускі сход» з 1996 года, але да зменаў у Канстытуцыю 2022 года гэты сход не меў аніякіх паўнамоцтваў і быў простай трыбунай для выступаў Лукашэнкі. Цяпер «Усебеларускі народны сход» як канстытуцыйны орган улады мае ўносіць прапановы для зменаў у Канстытуцыю, развязваць пытанні легітымнасці выбараў, прымаць пастановы пра змяшчэнне прэзідэнта ці ўвядзенне ваеннага становішча, прызначаць суддзяў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў.

Але фактычна канфігурацыя рэжыму Лукашэнкі не змянілася: Лукашэнка пераклаў уладу з адной кішэні ў другую.

Аналітыка
«Недзе ўбаку» і без палітбюро. Чаму Лукашэнка не стаў змяняць канфігурацыю свайго рэжыму
2024.04.25 06:10

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў