ЗША ў адказ на мілітарысцкую рыторыку Пуціна: Мы не заспетыя знянацку


Пентагон заклікаў не перабольшваць значэння заявы прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна наконт прарыву Масквы ў галіне стратэгічных узбраенняў.

Па словах прадстаўніка Пентагона, узбраення, пра якія ідзе гаворка, распрацоўваліся ўжо даўно, і яны прымаюцца ў разлік у ЗША пры ацэнцы суадносін атамных сілаў.

«Мы не заспетыя знянацку (гэтымі) заявамі, і амерыканскі народ, як і раней, павінен быць упэўнены ў тым, што мы цалкам падрыхтаваныя», – заявіла прэс-сакратар Пентагона Дэна Уайт.

Прэс-сакратар Белага Дому Сара Хакабі Сандэрс адзначыла, што заявы Пуціна не сталі для адміністрацыі ЗША нечаканасцю і што яны яшчэ раз пацвярджаюць, што на працягу шэрагу апошніх гадоў Крэмль праводзіць агрэсіўную мілітарысцкую палітыку, якая пагражае стабільнасці і бяспекі ў свеце, адказам на якую павінна стаць умацаванне абароннай магутнасці Злучаных Штатаў.

Нагадаем, падчас звароту да Федэральнага сходу Пуцін абвясціў пра стварэнне ў Расеі новай зброі, у тым ліку ядравай, якая не мае аналагаў у свеце. «Да нас абавязаны прыслухацца. Стрымаць Расею не ўдалося», – заявіў Пуцін.

ІІ, belsat.eu, паводле “Голас Амерыкі”

Стужка навінаў