Пісьменнік, паэтка, перакладчык і выдавец анансавалі тур па чатырох гарадах: Вільня, Таллін, Вроцлаў і Прага. Сустрэчы з чытачамі ладзяць у межах праграмы «ArtPower Belarus» Беларускай рады культуры і Дацкага інстытуту культуры пры фінансавым спрыянні Еўразвязу.
Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч, прэзентуе прыгодніцкі раман «Капітан Лятучая Рыба» з ілюстрацыямі Лявона Вольскага. Ён таксама анансаваў, што паразмаўляе пра свае ранейшыя кнігі – пра пра «Сабакаў Еўропы», «Ператрус у музеі», «Хлопчыка і снег», «Плошчу Перамогі». І расказаў падрабязней пра планы астатніх удзельнікаў туру.
Паэтка і перакладчыца Юлія Цімафеева, жонка Бахарэвіча, прэзентуе «Менскі дзённік» – аповед пра падзеі ў Беларусі кастрычніка 2020 – сакавіка 2021, які пачаўся з англамоўнагага эсэ для брытанскай газеты «Financial Times». Яна таксама прэзентуе свой ранейшы паэтычны зборнік «Воўчыя ягады» і паэму Іллі Камінскага «Рэспубліка глухіх», якую яна пераклала на беларускую разам з Вальжынай Морт.
Журналіст і перакладчык Сяргей Шупа, аўтар «Падарожжа ў БНР», прэзентуе новы поўны пераклад рамана «Зэлмэняне» Мойшэ Кульбака – расстралянага ў 1937 літаратара са Смаргоні, які пісаў на ідышы. Таксама ён прэзентуе свае пераклады кніг «Туўла» Юргіса Кунчынаса і «Белы саван» Антанаса Шкемы.
З імі ў турнэ паедзе Андрэй Янушкевіч – стваральнік выдавецтва «Янушкевіч» і крамы «Кнігаўка», якая ў лютым адрадзілася ў Варшаве. Ён раскажа пра навінкі беларускага кнігавыдання і стан, у якім працуюць беларускія выдавецтвы, а таксама прывязе свежанадрукаваныя кнігі.
Разам яны абяцаюць шчырыя размовы на сустрэчах з чытачамі і аўтограф-сесіі. Расклад такі:
· Вільня, 9 траўня, 18:00. Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча (Vilniaus, 20).
· Таллін, 11 траўня, 17:00. Прастора «Workland» (Pärnu mnt., 12).
· Вроцлаў, 18 траўня, 17:00. Бібліятэка Славянская, Ніжнесілезійская бібліятэка ва Вроцлаве (Rynek, 58).
· Прага, 19 траўня, 18:00. Прадстаўніцтва дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэхіі (Vodičkova, 9).
Алесь Наваборскі belsat.eu