У Менску ратаўнікі ледзь паспелі разгарнуць «куб жыцця», каб злавіць жанчыну


Падзенне жанчыны ў Менску.
Фота: mchs.gov.by

Працаўнікі Міністэрства надзвычайных здарэнняў выратавалі жанчыну, якая выкінулася з 8-га паверху. Пра гэта паведамілі ў МНС.

Інцыдэнт здарыўся раніцай 25 лютага на вуліцы Нёманскай. Відавочцы пабачылі ў акне восьмага паверху жанчыну і выклікалі ратаўнікоў. Працаўнікі МНС былі на месцы праз 6 хвілін пасля паведамлення.

Калі яны сталі падымаць пад’ёмнік, каб з пагутарыць з жанчынай, яна вярнулася ў кватэру і зачыніла акно. У гэты час унізе ратавальнікі разгортвалі пнеўматычны «куб жыцця». Раптам 36-гадовая жанчына зноў адкрыла акно і скокнула ўніз, патрапіўшы на ратавальную падушку МНС. Жанчына шпіталізаваная з чэрапна-мазгавой траўмай.

А ўвечары 24 лютага ў Горадні на агароджы балкона пятага паверха шматпавярхоўкі на вуліцы Саламянкоўскай вісеў мужчына 1994 года нараджэння.

Працаўнікі МНС разгарнулі «куб жыцця» і ўключылі аўтаматычную драбіну. Мужчына абапёрся на прыступку лесвіцы і перабраўся праз агароджу на балкон.

Ратаванне мужчыны ў Горадні.
Фота: mchs.gov.by

МГ belsat.eu

Стужка навінаў