Оперная спявачка Маргарыта Ляўчук выклала ў сторыз кавалак прамовы Аляксандра Лукашэнкі на гала-вячэры ў рэстарацыі «Лябяжы» 21 снежня. Прэс-служба кіраўніка дзяржавы не паведамляла, што Лукашэнка наведваў гэтую імпрэзу.
Невядома пра што казаў Лукашэнка ў выступе. На відэа гучаць толькі некалькі фразаў, кантэкст якіх невядомы: «Прэзідэнцкую таксама.. Ну можа быць разоў пяць. Другі раз, я дакладна памятаю, мы з Уладзімірам Мікалаевічам былі. Але пра гэта лепш не распавядаць, нават у вузкім коле… Таму я загадзя…»
Далей у сторыз бачна як на сцэне выступаюць вядомыя беларускія гурты «Тяни-толкай», J:МОРС ды іншыя.
Дырэктар гурту J:МОРС на сваёй старонцы ў ФБ адзначыў, што на імпрэзе нельга было фатаграфаваць.
Маргарыта Ляўчык разам з сяброўкамі танчыць, а за яе спіной можна пабачыць, што Лукашэнка танчыць з невядомай бландзінкай.
Гала-вячэра ў «Лябяжым» была прымеркаваная да адкрыцця шматфункцыянальнага комплексу «Алімпік Парк», які ўключае ў сябе дзве лядовыя пляцоўкі. Тэлеканал «Беларусь-1» учора выпусціў пра гэта адмысловы сюжэт, адзначыўшы, што комплекс будавалі па загадзе Лукашэнкі, але без выкарыстання бюджэтных сродкаў. У сюжэце паказалі і кадры з гала-вячэры ў «Лябяжым», аднак ніводнага слова пра ўдзел у імпрэзе Лукашэнкі сказана не было. Не распавядала пра гэта і прэс-служба Лукашэнкі. Праўда, БелТА 21 снежня паведамляла, што кіраўнік дзяржавы прыняў удзел у хакейным матчы з хакеістамі Менскай вобласці як раз на лёдзе «Алімпік Парку».
У сюжэце БТ з афіцыйных асобаў на гала-вячэры можна пабачыць толькі старшыню Менгарвыканкаму Анатоля Сівака. Але ў сторыз Маргарыты Ляўчук таксама трапіў Уладзімір Макей.
Рэстарацыя «Лябяжы» належыць кампаніі «Тапас» бізнесоўца Паўла Белага, з якім Лукашэнка гуляе ў хакей з 2006 года.
Яшчэ ў 2014 годзе Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №365, паводле якога кампанія «Тапас» атрымала частку тэрыторыі побач з заказнікам «Лябяжы» для пабудовы там шматфункцыянальнага комплексу. Праект забудовы сам па сябе выклікаў шмат пытанняў у грамадскіх актывістаў і эколагаў – яны выказвалі меркаванні, што жыллёвы комплекс можа нашкодзіць прыродзе. У 2018 годзе сітуацыя яшчэ больш абвастрылася – ва ўжо зацверджаны праект сталі ўносіць істотныя змены. «Тапас» залез на берагавую лінію сажалкі Лябяжы, хаця гэтая зона мае статус «тэрыторыі з адмысловым рэжымам засваення і ўтрымання». Менавіта там і пабудавалі рэстарацыю.
ІІ belsat.eu