У Данецку фігуранта справы аб збіцці МН17 арыштавалі па іншым абвінавачванні


Адзін з чацвярых абвінавачаных па справе аб крушэнні малайзійскага «боінга» над Данбасам Леанід Харчанка быў арыштаваны ў Данецку за «захоўванне зброі», перадае Бі-бі-сі.

Паводле крыніцаў Бі-бі-сі, Харчанка затрымалі каля ягонага дому ў Данецку. Да гэтага часу ён знаходзіцца ў СІЗА ў «ДНР».

«Абвінавачванні смешныя – нібыта ўдзел у незаконным ператрусе ў 2014 годзе і незаконнае захоўванне зброі. Па першым пункце ў пацярпелых да яго прэтэнзіяў няма. Па другім – гэты пісталет яму у 2019 годзе выдалі ў міністэрстве дзяржбяспекі для забеспячэння асабістай бяспекі ў сувязі са справай МН17», – распавяла крыніца.

Суразмоўцы выдання мяркуюць, што Харчанка арыштавалі, каб ізаляваць і «выключыць варыянт яго выкрадання спецслужбамі Украіны».

Леанід Харчанка трапіў пад арышт праз два дні пасля таго, як у Нідэрландах пачаўся суд па справе аб крушэнні малайзійскі «боінга». Усіх чатырох абвінавачаных судзяць завочна, яны абвешчаныя ў міжнародны вышук. Таксама Харчанка з 2015 года шукаюць улады Украіны па абвінавачванні ў стварэнні тэрарыстычнай групы.

У ліпені 2019 года ўкраінскія спецслужбы выкралі з непадкантрольнай Кіеву тэрыторыі былога камандзіра СПА Уладзіміра Цэмаха, які меў статус ключавога сведкі па справе аб крушэнні «боінга» (пазней ён атрымаў статус падазраванага). У верасні 2019-га яго выдалі Расеі ў рамках абмену палоннымі, пасля чаго ён вярнуўся ў «ДНР».

***

У выніку крушэння рэйсу МН17 у ліпені 2014 году над Данецкай вобласцю загінулі амаль 300 асобаў. Міжнародная следчая група прыйшла да высновы, што залп па самалёце быў зроблены з ракетнай устаноўкі «Бук», якая належала Расеі.

КА belsat.eu

Стужка навінаў