Ці каранцін у Беларусі ўводзіць ужо позна?


Беларусь – сярод лідараў у свеце паводле колькасці асобаў, інфікаваных каронавірусам на душу насельніцтва. Толькі паводле афіцыйнай статыстыкі ў нашай краіне каля 15 тысячаў пазітыўных вынікаў тэстаў на SARS-CoV-2. Штодня гэты лік павялічваецца ледзь не на тысячу. Як цяпер варта змагацца з COVID-19 і куды можа завесці краіну палітыка ўладаў у дачыненні пандэміі?

Беларусь атрымае $ 60 млн дапамогі ад Еўрапейскага Звязу. Аднак толькі ў тым выпадку, калі будзе выконваць рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі здароўя. Але ні адмены масавых імпрэзаў, ні пераводу навучальных установаў на дыстанцыйную адукацыю пакуль не відаць. Кіраўнік Беларусі ж страшыў насельніцтва надта жорсткімі захадамі, якія нібыта рэкамендавала САЗ.

«Трэба каранцін? Будзем уводзіць каранцін. Трэба каменданцкая гадзіна? Увядзем каменданцкую гадзіну. Што за праблема ўвесці каменданцкую гадзіну? Ну, трэба гэта нашым людзям?» – заяўляў Аляксандр Лукашэнка.

Аднак нідзе ў рэкамендацыях Беларусі каменданцкая гадзіна не згадваецца. Адкуль тады яна ўзялася? Невядома. Што праўда, цяпер нават гэткія захады ўжо не дапамогуць – сцвярджае доктар медычных навук Томаш Анышэк, упаўнаважаны па лабараторнай медыцыне вялікай польскай фірмы «Diagnostyka», якая робіць тэсты на каронавірус.

Каментуе Томаш Анышэк, доктар медычных навук:

«У свеце ёсць краіны, як Швецыя, якая не надта пераймалася ізаляцыяй. І там захворванняў досыць шмат, але неяк далі з тым рады. Ёсць краіны, як Польшча, Чэхія ці Славаччына, дзе была моцная ізаляцыя, і там сітуацыя выглядае добра. А ёсць краіны, дзе агулам не было ізаляцыі, як ЗША, і там дайшло да жахлівай сітуацыі. […]

Ізаляцыя, уведзеная на самым пачатку распаўсюду інфекцыі, была найбольш эфектыўнай. А чым далей у лес, як той казаў, то тым менш для гэтага падставаў. І цяпер сапраўды пытанне ў тым, ці ёсць сэнс у ізаляцыі ў Беларусі. Бо той час, калі яна мусіла быць, ужо прайшоў».

Сапраўды, цяпер можа быць сэнс толькі ў ізаляцыі асобных эпіцэнтраў інфекцыі, каб весці своеасаблівае кропкавае змаганне. Дзеля гэтага трэба праводзіць вялікую колькасць тэстаў на каронавірус. Цяпер іх вырабляюць у Беларусі, аднак спачатку мы атрымлівалі іх з Расеі, Кітаю і краінаў Еўразвязу. З водгукаў адмыслоўцаў, расейскія ды кітайскія тэсты былі нізкай якасці.

«Добра, што самі пачалі рабіць гэтыя тэсты, і беларускія тэсты аказаліся больш дакладнымі. Расейцы самі прызналі – іх галоўны доктар, які сам заразіўся і тэставаўся расейскімі тэстамі, дык гэта ён назваў лічбу 60. Вось такія тэсты, і мы іх таксама набывалі», – заявіў кіраўнік Беларусі.

У Беларусі колькасць праведзеных тэстаў набліжаецца да 200 тыс. – каля 19 на адну тысячу насельніцтва. Напрыклад, у Польшчы гэты паказнік складае 7,4, у Расеі – 23, ва Украіне – 2,6, у Латвіі – каля 25, у Літве – 36,6. Найлепшы ж вынік у свеце – у Ісландыі, амаль 135 тэстаў на 1000 чалавек. Аднак у нас ёсць праблема з хуткасцю правядзення тэстаў і атрымання вынікаў. На відэа, знятым схаванаю камераю ў адным з віцебскіх шпіталяў, пацыенты скардзяцца лекару, што доўга чакаюць вынікаў тэстаў.

ВІДЭА
Каронавірус падабраўся да Лукашэнкі. Час зачыняць гарады?
2020.04.25 10:21

Гэта азначае, што лабараторыі перагружаныя і не выдаюць вынікаў аналізаў своечасова. Варта падкрэсліць, што ў Беларусі тэставаннем займаюцца толькі дзяржаўныя ўстановы. У Польшчы ж, напрыклад, падключаныя прыватныя лабараторыі, і яны абавязаныя даслаць вынікі тэстаў максімальна хутка.

«У Польшчы ёсць патрабаванне, каб вынікі тэстаў былі вядомыя не пазней, чым праз 24 гадзіны. І рэдка бывае, калі гэта правіла парушаецца. Бо калі вынік прыходзіць пазней, лабараторыя пагаршае сваю рэпутацыю ці губляе грошы», – распавядае Томаш Анышэк.

У той жа час спецыялісты лічаць, што каб атрымаць рэальную колькасць захворванняў і смерцяў у Беларусі, варта памножыць афіцыйныя звесткі ўладаў як мінімум на пяць. Бо нават з адкрытых крыніцаў вядома, што не ўсе шпіталі маюць дастаткова тэстаў, а да таго ж хапала выпадкаў, калі тэсты рабілі няправільна.

«У Цэнтральнай і Паўночнай Еўропе колькасць цяжкіх выпадкаў значна меншая, чым у Італіі, Францыі ці Іспаніі. І гэта напэўна не таму, што мы такія мудрыя і дасканалыя ды маем такую выдатную медычную сістэму. Мусіць быць іншая генетычна-папуляцыйная прычына…. Адзін з момантаў, у якім ёсць розніца паміж нашымі краінамі і Паўднёвай Еўропай і ЗША: там не робяць прышчэпак супраць туберкулёзу, а ў нас яны дагэтуль робяцца. І прышчэпка ад туберкулёзу пэўным чынам павялічвае імунітэт арганізму. Таму можа быць, што гэта той чыннік, які нас уратаваў», – працягвае Томаш Анышэк.

Аднак пакуль пра ўратаванне казаць рана. Папярэдне прагназуецца, што пік захворванняў можа прыпасці на канец траўня, бо краіну мусяць дагнаць наступствы Радаўніцы, суботніку ды параду на 9 траўня, да якога ўсё яшчэ рыхтуюцца і ў якім адмовіліся ўдзельнічаць нават традыцыйныя замежныя госці – вайскоўцы з Расеі ды Кітаю.

Каментуе Віталь Цыганкоў, палітычны аглядальнік радыё «Свабода»:

«Лукашэнка застаўся паслядоўным. Калі ад кагосьці і можна было чакаць нейкіх унікальных выбрыкаў і непрымання агульнай сусветнай лініі, дык гэта ад аўтарытарнага кіраўніка аўтарытарнай Беларусі. У гэтым сэнсе ён толькі пацвердзіў свой імідж такога чалавека, не заўсёды адэкватнага сусветным нормам, які любіць ісці не ў нагу, калі ўсе ідуць у нагу».

Атрымалася, што каронавірус сарваў з кіраўніка Беларусі чарговы раз надзетую маску гатовага да рэформаў і лібералізацыі палітыка, які ідзе на збліжэнне з Захадам. Ды і беларусы адчулі на сабе наступствы дзеянняў кіраўніцтва краіны. Гэтак, паводле сацыялагічнага даследавання Беларускай аналітычнай майстэрні, цяпер больш за 60% беларусаў лічаць, што краіна – у дрэнным эканамічным стане. З пачатку года гэты паказнік вырас амаль на 20%.

«Тут Аляксандр Лукашэнка кажа, што нікога не дазволіць звольніць з прадпрыемстваў. З іншага боку, Беларусь – ці не адзіная краіна, якая рэальна не дапамагае сваім грамадзянам, якія як і ва ўсім свеце зазнаюць эканамічны крызіс», – працягвае Віталь Цыганкоў.

ВІДЭА
Лукашэнка правакуе паніку. Зноў закруціць гайкі?
2020.04.18 09:05

І гэта лішні раз адштурхне патэнцыйных інвестараў.

Цікава, што з просьбай да кіраўніцтва Беларусі выконваць рэкамендацыі САЗ звярнулася нават сталая прадстаўніца ААН у нашай краіне Ёанна Казана-Вісьнёвецка. Публікацыя адкрытага звароту ад гэтай арганізацыі – гэта крык душы, які азначае, што ўсе дыпламатычныя каналы сувязі з уладамі Беларусі вычарпаныя.

«Ну, а ў самым драматычным варыянце падзей Беларусь зноў у гэтым сэнсе стане такім пандэмічным ізгоем. Калі меры, якія прымае беларускае кіраўніцтва, будуць прызнаныя недастатковымі ці публічна будзе вынесены недавер беларускай статыстыцы, і тады гэта можа адбіцца на тым, што сапраўды беларускіх грамадзянаў даўжэй за іншых не будуць пускаць у іншыя краіны», – мяркуе Віталь Цыганкоў.

Такім чынам, правакацыйная рыторыка і фактычная адмова ад падпарадкавання рэкамендацыям міжнародных інстытутаў могуць адбіцца не толькі на палітычным іміджы краіны, з якой мала хто захочаь весці справы, але і на ўсіх беларусах.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Cюжэт з праграмы «ПраСвет» 01.05.2020

Іншыя тэмы выдання:

Калаж з фота: Gleb Garanich / Reuters / Forum

 

Стужка навінаў