Лукашэнка падстаўляе Еўропу. Беларусь трапіць у чорныя спісы?


На Захадзе перасталі жартаваць пра Лукашэнку. Ува ўсім свеце ведаюць, што ў Беларусі – вар’яцкі палітык, які не прымае праблемы каронавіруса па-сур’ёзнаму. Так лічыць Франак Вячорка, віцэ-прэзідэнт «Digital Communication Network». Гэтая няўрадавая міжнародная арганізацыя прасоўвае інавацыі ў лічбавай галіне. Ці зробіцца Беларусь чумным баракам і хворым суседам, з якім лепей не вітацца? Калі пачнуцца падарожжы ды якою будзе «новая нармальнасць» пасля выбуху каронавіруса? Інтэрвʼю Аліны Коўшык.

Аліна Коўшык: Вельмі часта мы бачым твае каментары для замежных медыяў пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Гэта значыць, што з-за неўвядзення каранціну да нашай краіны ўзрасла цікавасць. Як замежныя СМІ ўспрымаюць тое, што адбываецца ў нашай краіне, і як гэта каментуюць?

Франак Вячорка: Усе ў свеце ведаюць, што ў нашай краіне няма каранціну, ведаюць, што там ёсць трошкі вар’яцкі палітык – Лукашэнка, які не ўспрымае праблемы ўсур’ёз. Лукашэнку ставілі ў адзін шэраг з прэзідэнтам Бразіліі Баўсанару, з кіраўнікамі Таджыкістану, Туркменістану і Паўночнай Карэі, якія казалі, што вірус – не праблема.

Пасля таго, як Бразілія і Таджыкістан прызналі, што іх стаўленне да вірусу было недальнабачным, Лукашэнка застаўся адзіным чалавекам, які ўсур’ёз не прызнае праблемы каронавірусу. Я не скажу, што стаўленне змянілася ці ўзрасла ўвага. Увагі асаблівай не было тады, няма і цяпер. Але з’явілася нагода для смешных жартаў, кпінаў, каментароў пра Беларусь і беларускую рэальнасць.

Якія самыя яскравыя каментары і жарты табе запомніліся?

Першая хваля смешных заходніх каментароў была пра беларускі футбол. Пра тое, што беларускіх футбалістаў не бярэ вірус. Яны настолькі суворыя, што могуць гуляць і хворыя, і здаровыя. Потым з’явіліся розныя футбольныя клубы, фанскія суполкі «Слуцку» і іншых.

Потым замежныя журналісты пачалі біць трывогу: «Што ж адбываецца ў Менску?» У Расеі тысячы падаюць хворымі. У Польшчы і Румыніі жорсткія каранцінныя захады, а з Беларусі няма ніякай інфармацыі ані пра хворых, ані пра смерці, ні пра што.

Потым палітыкі пачалі звяртаць на гэта ўвагу, асабліва ў Twitter, дзе пайшло абмеркаванне, ці правільна Беларусь робіць. Прыхільнікі лукашэнкаўскай мадэлі казалі: «Мы ж робім усё, як у Швецыі. Мы таксама не ўводзім каранціну».

Тыя, хто казаў, што палітыка бяздумная, прыводзілі прыклад заходнееўрапейскіх краінаў, як Італія, Нідэрланды, дзе адсутнасць захадаў у пачатку прывяла да крытычнай сітуацыя пры самым канцы.

Цяпер я бачу шмат публікацыяў, якія з’яўляюцца і ў «The Guardian», і ў «The Independent», і ў «The Washington Post», і ў «The New York Times» пра тое, што гэтая палітыка выкліканая выключна асабістым неразумным стаўленнем Лукашэнкі.

Я думаю, што цяпер людзі перасталі жартаваць, а пачалі думаць, што насамрэч кіруе Лукашэнкам: ці ён страціў хватку, ці ён адарваўся ад рэальнасці, ці сапраўды ён лічыць, што эканамічныя наступствы нашмат больш небяспечныя і важныя за тыя смерці людзей ад каронавіруса.

ВІДЭА
Ці каранцін у Беларусі ўводзіць ужо позна?
2020.05.02 08:13

Як змянілася сярод палітыкаў, аналітыкаў стаўленне да нашай краіны? Ці мы можам казаць пра тое, што будуць зварочвацца нейкія праграмы, на Беларусь будуць глядзець, як на заражанага суседа, з якім лепей не вітацца за руку? Некаторыя кажуць пра тое, што Беларусь стала чумным баракам Еўропы. Якія наступствы гэтае неўвядзенне каранціну можа мець у палітычным плане для нашай краіны і для беларусаў?

Калі нармальны чалавек на Захадзе чытае навіны пра Беларусь, ён круціць пальцам каля скроні і думае: «Ну ідыёты». Гэта сапраўды стаўленне адэкватнага чалавека да тых заяваў Лукашэнкі пра футбол, пра гарэлку і масла, якое лечыць ад хваробы. Не ведаю, ці Беларусь стане чумным баракам, але ўспрыманне Беларусі як вар’яцкай краіны, якая замест таго, каб папярэдзіць каронавірус і ягоную дыстрыбуцыю, зрабіла ўсё, каб пашырэнне стала яшчэ большым, застанецца.

Думаю, што Беларусь трапіць у спіс краінаў, адкуль нельга будзе прымаць грамадзянаў, каму не трэба будзе даваць візы. Памятаеце, калі кітайцы не маглі прыехаць у краіны Заходняй Еўропы? Гэтаксама будзе і з беларусамі, калі краіны Заходняй Еўропы выйдуць з віруса, са стадыі пандэміі і новых захворванняў, а беларусам будзе забаронены ўезд у гэтыя краіны.

Забарона можа зацягнуцца па інерцыі на доўгі час. Беларусь дадалі да спісу неўязных краінаў у Японію, нібыта часова, але такая сітуацыя можа застацца на доўгія-доўгія гады. Нават калі ўжо не будзе новых выпадкаў каронавіруса ў Беларусі, гэтыя забароны будуць здымацца вельмі павольна. Уся тая дапамога, якая ідзе на Беларусь і па лініі Чырвонага Крыжа і па лініі Сусветнай арганізацыі здароўя, і тая дапамога, якую Еўразвяз прапаноўвае Лукашэнку (адмена масавых мерапрыемстваў), – гэта ўсё сведчыць пра тое, што Захад ужо не давярае ані беларускім уладам, ані Лукашэнку асабіста ў змаганні з пандэміяй.

То бок гэта такая чарговая галачка, калі зноў улады паказалі сябе ненадзейным партнёрам у любых размовах, нават у такіх сур’ёзных справах, калі ідзе гаворка пра здароўе мільёнаў людзей.

Улады паводзяць сябе неадэкватна, неадказна, падстаўляюць жыцці грамадзянаў, але самае страшнае, што падстаўляюць увесь еўрапейскі кантынент. Каронавірус не скончыцца да таго моманту, пакуль не скончыцца каронавірус у кожнай еўрапейскай краіне. Немагчыма, каб было, што Італія, Францыя ўжо жывуць нармальным жыццём, а недзе за пару сотняў кіламетраў ёсць Беларусь, Украіна, Расея, у якой тысячы хворых і тысячы памерлых. Толькі разам, калі вылечаць усе выпадкі захворванняў па ўсім еўрапейскім кантыненце, можна будзе сказаць, што заразу перамаглі.

Таму Лукашэнка павінен уключыцца ў еўрапейскі план барацьбы з каронавірусам, дзейнічаць зладжана, дзейнічаць сінхронна.

Людзі могуць самаізалявацца. Людзі павінны ўзяць на сябе адказнасць не выходзіць, не заражаць іншых, не заражаць сваіх бацькоў. Але ўладзе дадзены мандат, каб прыняць захады і выключыць магчымыя новыя ўспышкі эпідэміі: не дазваляць службаў у цэрквах, не дазваляць футбольных матчаў, не дазваляць парадаў.

На гэта дадзены мандат уладам. Гэтаксама як падчас катастрофы на чарнобыльскай АЭС улады, а не людзі павінны былі бараніць здароўе людзей. Гэтага яны не рабілі ў савецкія часы, гэтага яны не робяць цяпер. А людзі, на жаль, не маюць поўнай інфармацыі і падстаўляюць саміх сябе і блізкіх.

Набліжаецца лета. Гэта зазвычай сезон вакацыяў, выездаў. Вядома, што ты вельмі шмат падарожнічаеш. Якія ў цябе планы на гэтае лета? Ты збіраешся кудысьці ехаць ці не?

Я думаю, што ўсе падарожжы будуць прыпыненыя да наступнага года. Мае калегі ў Вашынгтоне кажуць, што новая нармальнасць, якая пачнецца пасля ўспышкі каронавіруса, будзе вельмі адрознівацца ад нармальнасці 2019 года, якую мы памятаем. Не будзе масавых камандзіровак, не будзе масавых міжнародных івэнтаў бліжэйшыя год-два, а можа быць, тры. Але зносіны не ўзновяцца ў бліжэйшыя гады.

Нам трэба рыхтавацца да абсалютна новай рэальнасці, будзе шмат камунікацыі ў інтэрнэце, шмат аддаленай працы, будзе менш працы ў офісах. Я ўпэўнены, што і ў Амерыцы, і ў Еўропе, і ў Беларусі будзе ўведзены абавязковы тэмпературны кантроль. Хадзіць у масках мы будзем не толькі ў крамах, але і ў офісах, і ў самалётах, і ў грамадскім транспарце. Гэтая рэальнасць мяне, з аднаго боку, палохае, але з іншага – я маральна да яе рыхтуюся.

Інтэрв’ю з праграмы «ПраСвет» 01.05.2020

Іншыя тэмы выдання:

Калаж з фота: Srdjan Ilic / PIXSELL

Стужка навінаў