Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп паведаміў у «Twitter», што ЗША гатовыя нанесці ўдары па 52 цэлях у Іране ў выпадку, калі Тэгеран вырашыць адпомсціць за забойства генерала Гасэма Сулеймані.
Нагадаем, у ноч на 3 студзеня генерал Гасэм Сулеймані, камандуючы элітным спецпадраздзяленнем «Кудс» у складзе Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі, быў забіты ў Іраку ў выніку авіяўдару ЗША. У Пентагоне заявілі, што авіяўдар быў нанесены па загаду прэзідэнта Доналда Трампа. Тэгеран абвясціў, што адпомсціць ЗША за забойства генерала. У тым ліку пра гэта заявіў міністр абароны Амір Хатамі і амбасадар Ірана ў ААН Маджыд Тахт-Раванчы, які сказаў, што забойства Сулеймані раўназначна абвяшчэнню вайны.
….targeted 52 Iranian sites (representing the 52 American hostages taken by Iran many years ago), some at a very high level & important to Iran & the Iranian culture, and those targets, and Iran itself, WILL BE HIT VERY FAST AND VERY HARD. The USA wants no more threats!
— Donald J. Trump (@realDonaldTrump) January 4, 2020
Трамп у сваім допісу адзначае, што Іран «шмат гадоў быў праблемай» і ліквідацыя Сулеймані мусіць стаць папярэджаннем Тэгерану. Трамп заявіў, што калі Іран нанясе ўдары па амерыканцах або амерыканскіх абʼектах, то ЗША нанясуць удары па 52 цэлях «высокага ўзроўню», якія важныя для «Ірану і іранскай культуры». «ЗША не хочуць больш пагрозаў», – піша амерыканскі лідар.
Што гэта за цэлі прэзідэнт не ўдакладніў.
Трамп адзначыў, што 52 цэлі сімвалізуюць 52 амерыканскіх закладнікаў, што ўтрымліваліся ў Іране шмат гадоў таму. Гаворка ідзе пра амерыканцаў, што былі захопленыя ў амбасадзе ЗША ў Тэгеране падчас ісламскай рэвалюцыі ў 1979 годзе. Яны знаходзіліся ў палоне 444 дні – да 1981 года.
ІІ belsat.eu