Прадстаўнік Ірану ў ААН паабяцаў ваенны адказ на забойства генерала Салеймані

Амбасадар Ірана ў ААН Маджыд Тахт-Раванчы ў інтэрвʼю тэлеканалу CNN заявіў, што забойства генерала Касэма Салеймані раўназначна абвяшчэнню вайны. Ён падкрэсліў: «Адказ на ваенную акцыю – ваенная акцыя».

Пра гэта паведамляе golos-ameriki.ru.

Раней адпомсціць ЗША паабяцаў міністр абароны Ірану Амір Хатамі.

3 студзеня Вашынгтон абвясціў аб адпраўцы на Блізкі Усход дадаткова 3,5 тысяч жаўнераў, патлумачыўшы гэта пагрозай дзеянняў у адказ з боку Ірану. Падраздзяленні арміі ЗША пераведзеныя ў стан падвышанай баявой гатоўнасці, паведамляе Бі-Бі-Сі.

Дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Робэрт ОʼБраэн заявіў, што любая спроба Ірану адпомсціць ЗША за ліквідацыю Салеймані будзе «вельмі дрэнным рашэннем».

ОʼБраэн правёў тэлефонную прэс-канферэнцыю, падчас якой паведаміў журналістам, што Салеймані быў забіты, калі здзяйсняў па краінах Блізкага Усходу паездку з мэтай планавання нападаў на амерыканскіх вайскоўцаў і дыпламатаў, якія знаходзяцца ў рэгіёне.

Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп заявіў, што амерыканскія вайскоўцы забілі Касэма Салеймані, «каб спыніць вайну, а не пачаць яе». Ён заявіў, што ЗША не ставяць сваёй мэтай змену рэжыму ў Іране, аднак «гатовыя распачаць любыя неабходныя дзеянні» ў выпадку, калі Іран будзе пагражаць амерыканскім грамадзянам.

  • Генерал Касэм Салеймані, камандуючы элітным спецпадраздзяленнем «Кудс» у складзе Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі, забіты ў Іраку ў выніку авіяўдару ЗША. У Пентагоне заявілі, што авіяўдар быў нанесены па загаду прэзідэнта Доналда Трампа.
  • Авіяўдар па Салеймані быў нанесены праз некалькі дзён пасля спробы пратэстоўцаў у Багдадзе ўзяць штурмам амерыканскую амбасаду. У Вашынгтоне заявілі, што напад на дыпмісію быў здзейснены па распараджэнні генерала Салеймані. Паводле інфармацыі амерыканскіх вайскоўцаў, Салеймані і спецназ «Кудс» нясуць адказнасць за гібель сотняў амерыканскіх вайскоўцаў, а таксама вайскоўцаў міжнароднай кааліцыі, і за раненні тысяч з іх.

Іран прагне помсты за забойства генерала Касэма Салеймані

КА belsat.eu

Hавiны