Стала вядома, якія катэгорыі беларусаў могуць атрымаць бясплатны «шэнген»


На Нацыянальным прававым партале апублікаваны тэкст «Пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і Еўрапейскім саюзам аб спрашчэнні выдачы віз». Паводле яго, шэнгенская віза для беларусаў будзе каштаваць 35 еўра.

Калі заплаціць 70 еўра – то візу можна будзе атрымаць усяго за два дні. А некаторыя катэгорыі грамадзянаў змогуць атрымаць шматразовы «шэнген» на пяць гадоў бясплатна, а менавіта:

  • чальцоў ураду і парламенту, Канстытуцыйнага і Вярхоўнага суду і чальцы афіцыйных дэлегацыяў, якія рэгулярна прымаюць удзел у перамовах на тэрыторыі ЕЗ;
  • блізкія сваякі асобаў, якія жывуць на тэрыторыі ЕЗ і якіх яны перыядычна наведваюць;
  • грамадзяне, занятыя ў сферы навукі, адукацыі і культуры, у тым ліку ўдзельнікі ўніверсітэцкіх праграм абмену, а таксама школьнікі, студэнты і выкладчыкі, якія накіроўваюцца на стажыроўкі ў ЕЗ;
  • спартоўцы і асобы, якія суправаджаюць іх з мэтай выканання прафесійных абавязкаў;
  • удзельнікі афіцыйных праграм абмену, арганізаваных гарадамі-пабрацімамі і іншымі муніцыпальнымі адзінкамі;
  • прадстаўнікі грамадскіх арганізацый грамадзянскай супольнасці, якія едуць у адну з краін ЕЗ на трэнінгі, семінары, канферэнцыі, у тым ліку ў рамках праграм абмену;
  • удзельнікі афіцыйных праграм трансгранічнай супрацы паміж Беларуссю і ЕЗ;
  • інваліды і (пры неабходнасці) асобы, якія іх суправаджаюць;
  • асобы, якія маюць дакументы, якія пацвярджаюць неабходнасць паездкі на пахаванне, праз цяжкую хваробу блізкага сваяка, на тэрміновае медычнае лячэнне;
  • дзеці ва ўзросце да 12 гадоў.

Рашэнне аб выдачы «шэнгену» консульскімі ўстановамі і дыпмісіямі павінны прымацца на працягу 10 каляндарных дзён. У некаторых выпадках гэты тэрмін можа быць павялічаны да 30 каляндарных дзён. Перыяд прыняцця рашэння аб разглядзе выдачы візы можа быць скарочаны да 2 каляндарных дзён ці нават менш – у асабліва тэрміновых выпадках.

Ад 2 лютага ў ЕЗ уступіў у сілу новы Візавы кодэкс і цяпер за візу беларусам даводзіцца плаціць 80 еўра. Аднак 8 студзеня Беларусь і ЕЗ дамовіліся аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. Дакумент прадугледжвае спрашчэнне працэдуры атрымання візы і паніжае кошт да 35 еўра. Беларускі бок пагадненне ўжо ратыфікаваў, цяпер гэта мусіць зрабіць і Еўразвяз.

КА belsat.eu

Стужка навінаў