Мікола Статкевіч: Лукашэнка празяваў Ціханоўскага


Мікола Статкевіч, старшыня партыі «Народная грамада» заявіў, што Аляксандр Лукашэнка дзеіць па біблейскім прынцыпе: Паразі пастыра – статак разбяжыцца. У інтэрв’ю Аліны Коўшык палітык раскрывае стратэгію пратэстаў, распавядае пра тое што ён запланаваў разам з Сяргеем Ціханоўскім. У чым сакрэт палітычнай папулярнасці новай зоркі YouTube? Хто збудаваў сістэму фальсіфікацыі выбараў? Ці Аляксандр Лукашэнка можа прайграць выбары?

Вы заклікаеце да пікетаў і мітынгаў, каб беларусы выйшлі ў нядзелю і паказалі сваё незадавальненне. Ці вы лічыце, што цяпер адпаведны момант для такіх дзеянняў?

Цяпер акурат самы адпаведны момант для такіх дзеянняў. Цяпер самы свабодны перыяд за шмат гадоў. Толькі падчас выбараў, толькі падчас этапу збору подпісаў беларусы могуць збірацца амаль без абмежаванняў, без папярэджанняў, дазволаў. Могуць размаўляць, даваць подпісы або не даваць. У нас адзіная такая магчымасць. «Народная грамада» ўжо паказала, як гэта рабіць падчас мінулай парламенцкай кампаніі, калі мы пусцілі 40 кандыдатаў. Яны не збіралі подпісаў, але атрымаліся сотні пікетаў, дваццаць мітынгаў у дваццаці гарадах краіны і ніводнага пратаколу.

Ці будзеце вы звяртаць увагу на тое, каб пратэсты падчас эпідэміі, якая ў Беларусі ўсё ж яшчэ дастаткова моцная, былі бяспечныя для людзей? Ці будзеце заклікаць, каб людзі былі ў масках? Ці будзеце пільнаваць, каб была пэўная адлегласць паміж людзьмі?

Я ўвесь час гэта раблю. У нашай інфармацыі пра мітынгі заўсёды нагадваем пра маскі, пра адлегласць. Але мы сутыкнуліся з такой акалічнасцю, што ўся праца Лукашэнкі, каб зменшыць небяспеку пандэміі, усё ж такі спрацавала. Мы бачым, што шмат людзей у небяспечных месцах ходзіць без масак. Мабыць, яшчэ ўплывае надвор’е і папросту псіхалагічная стомленасць. Але мы заўсёды звяртаем увагу на небяспеку. Мы прымусам людзей, як Лукашэнка на парад, не гонім. Ён нават забараніў там маскамі карыстацца. Але людзі разумеюць, што Лукашэнка горшы за любы вірус.

Спадару Мікола, вы вядомы лідар апазіцыі ў Беларусі. Як так атрымалася, што вы цяпер сталі побач, калі можна сказаць, плячом да пляча з YouTube-блогерам Ціханоўскім? Што вас цяпер аб’ядноўвае?

Нас аб’ядноўвае Лукашэнка, тое, што ён зрабіў з нашаю краінай. Ён сам паставіў мяне сваімі дзеяннямі з любымі лідарамі, якія гатовыя змагацца, якія маюць для гэтага юрыдычную магчымасць. Я нагадаю, што мы вылучалі 30 кандыдатаў пратэсту для таго, каб мець магчымасць легальна збіраць людзей, выводзіць іх на вуліцы. 29 групаў не былі зарэгістраваныя. Ува ўсіх іх была адна агульная акалічнасць. Там было прозвішча Статкевіча. Каб не даваць ніякага пасведчання нават сябрам ініцыятыўнай групы, Лукашэнка напляваў на закон і адмовіў у законнай рэгістрацыі 29 групам. У 30-й групы атрымалася, бо яны выпадкова забыліся мяне запісаць у групу. Гэтая група была зарэгістраваная. Лукашэнка забраў у мяне такую магчымасць, але мая стратэгія была падхопленая іншымі людзьмі, у тым ліку правацэнтрыстамі. Я бачу, яны яе хоць агучваюць. Таксама Сяргей Ціханоўскі падхапіў, які ўзяў на ўзбраенне сваю жонку. Ён і вылучаў як кандыдат пратэсту. Але мы гатовыя падтрымаць і іншых кандыдатаў, якія заявяць, што выбараў няма, фальсіфікацыі можна супрацьстаяць толькі масавым пратэстам. Гатовыя падтрымаць кандыдатаў, якія паказваюць сваю волю да барацьбы. Мы бачым толькі аднаго такога чалавека, Сяргея Ціханоўскага, які гэта зрабіў.

Сяргей Ціханоўскі – абсалютна новы чалавек на беларускім палітычным полі, які з’явіўся ніадкуль, а дакладней, з YouTube-каналу. Што гэта за чалавек? І як вы лічыце, у чым сакрэт ягонай хуткай папулярнасці, якую ён набірае сярод беларусаў?

Ён працаваў і не баяўся: гэта два фактары. Трэцяе: ягоную небяспеку ацанілі толькі ў апошні момант. Калі я даўні страшны вораг Лукашэнкі і мяне адсякаюць на дальніх подступах да кампаніі, то яго празявалі. Яго б не выпусцілі, але мы абвясцілі яго сцягам барацьбы. Я на Камароўку спачатку заклікаў, калі ён яшчэ сядзеў, у ягоную абарону. Таму яго выпусцілі, але адначасова зарэгістравалі ягоную групу, спадзеючыся, што ён зоймецца зборам подпісаў і не збярэ іх. Я яму вельмі зычу, каб ён іх сабраў, падаў, каб людзі пабачылі і пераканаліся ў тым, што Лукашэнка можа зрабіць з воляю народу, каб людзі яшчэ больш раззлаваліся.

Спадару Мікола, ёсць яшчэ іншыя кандыдаты, якія, паводле апытанняў, прынамсі ў інтэрнэце набіраюць цяпер найбольшую колькасць галасоў. Гэта спадар Бабарыка, а таксама Цапкала, які крыху ніжэй ідзе ў сацыяльных даследаваннях. Што вы думаеце пра гэтых двух кандыдатаў? Якая іхная галоўная мэта на сёлетніх выбарах?

Па-першае, я б вельмі крытычна выказаўся наконт усялякіх інтэрнэт-апытанняў: у Telegram, у Facebook і гэтак далей. У Facebook толькі 700 тысяч беларусаў. А ў «Аднакласніках» і «УКантакце» па 5 мільёнаў. Па-другое, падчас усіх гэтых апытанняў чамусьці забыліся ўключыць адно прозвішча – Статкевіч, які ўва ўсіх папярэдніх апытаннях займаў першае месца з адрывам. Гэта маніпуляцыя. Правядзіце такое незалежнае апытанне ў «Аднакласніках» і вы ўбачыце зусім іншы вынік. Але галоўнае для мяне не гэта. Самае дурное, што можна зрабіць, – паверыць у гэтую працэдуру, што сабралі подпісы, зарэгістравалі, пайшлі прагаласавалі. Выбараў няма! Вырашыць можа толькі вялікая колькасць людзей на вуліцах. Калі любы зарэгістраваны кандыдат, я гэта казаў месяц, два, тры таму, атрымаў пасведчанне аб рэгістрацыі, скажа:«Выбараў няма! Трэба выходзіць і змагацца!» І скажа:«Мікалай Статкевіч, вось табе 10-15 пасведчанняў давераных асобаў для тваіх людзей, для цябе, каб вы маглі ладзіць пратэсты».

Мы падтрымаем і гэтага кандыдата. Пакуль мы бачым волю, жаданне змагацца толькі ў аднаго. Калі акрамя Сяргея нехта яшчэ такую волю праявіць, мы падтрымаем.

Спадару Мікола, якая ў вас будзе стратэгія на дзень выбараў, 9 жніўня? Шмат хто параўноўвае сёлетнія выбары з выбарамі 2010 года. Вы пасля плошчы апынуліся ў турме. Які ўрок вы з гэтага вынеслі і што плануеце рабіць менавіта 9 жніўня?

Па-першае, я хачу адказаць тым людзям, якія апісваюць Плошчу як нешта жахлівае. Гэта найперш людзі, якія не пацярпелі там, якія не адыгрывалі там ніякай ролі, асабліва гэтыя некаторыя палітыкі, якія даўно ўжо ў нешта траваеднае ператварыліся, нейкія аналітыкі, якія толькі па хвастам тлумачаць, што адбылося. Не лезьце ў Плошчу 2010 года. Гэта гонар нашага народу. Гэта быў чын годнасці, калі мы паказалі, што нацыя ёсць. За гэта прыйшлося заплаціць. Так, я за гэта заплаціў вялікі кошт. Магчыма, нават больш за кагосьці іншага. Але я ані на секунду не пашкадаваў пра гэта. Гэта была акцыя з маленькім шанцам на надзею, бо сістэма была ўстойлівая, эканоміка працавала, даходы раслі.

Цяпер абсалютна іншая сітуацыя. Краіна на мяжы бездані. Рэжым на мяжы абвалу. Лукашэнка аб’ядноўвае ўсіх беларусаў нянавісцю да яго. Цяпер выдатныя шанцы. Цяпер трэба зрабіць так, каб гэтая сістэма развалілася, але гэта дасягаецца толькі масавым мірным доўгатэрміновым – ключавое слова – пратэстам, бо патрэбен час, каб сістэма пачала хістацца. У ноч выбараў, калі мы толькі выйдзем, дзе нас сустрэне кансалідаваная машына заглушэння, мы толькі пакажам, што маем годнасць. А нам ужо цяпер патрэбная перамога. Таму мы пачынаем.

Мы пачалі 14 траўня, калі зрабілі мітынг на плошчы Незалежнасці. Мы працягнулі 24-га каля Камароўкі. Мы далі пляцоўку. Цяпер мы працягваем 31 траўня а 12:00 у цэнтрах беларускіх гарадоў, цяпер гэта абласныя цэнтры ды Менск. Мы скарыстаемся легальнаю магчымасцю. Мы хочам доўгі масавы мірны пратэст, каб сістэма пачала развальвацца. Калі Лукашэнка ўрэшце дасць каманду «фас», каб яе ніхто не выканаў, акрамя ягонага шпіца.

Ці лічыце вы, што ў Беларусі ёсць шанец на мірную перадачу ўлады? Калі нас, напрыклад, параўнаць з Арменіяй, дзе рэвалюцыя атрымалася. Рэвалюцыя годнасці мела свой вынік, і ўлада змянілася. Ці вы разглядаеце такі варыянт? Безумоўна, для гэтага патрэбныя вельмі доўгатэрміновыя ды вельмі масавыя пратэсты і поўная мабілізацыя грамадства.

Так, мы разглядаем армянскі досвед, які толькі пацвярджае мае словы. Але ў нас значна больш запалоханае грамадства. Людзі ўцягваюцца паступова. Глядзіце, на Камароўцы 500 чалавек стаіць на мітынгу, а астатнія 3 тысячы толькі ставяць подпіс. Дарэчы, 500 таксама паставілі. Чаму так? Бо людзі яшчэ не вераць у бяспеку гэтага пратэсту. Людзі думаюць: «Ага, я пастаўлю подпіс, я прыйшоў. У мяне ёсць легальная прычына, за мяне ніхто не прычэпіцца». Але людзі будуць уцягвацца, будуць станавіцца ў мітынгі і будуць ужо выходзіць, калі нават подпісы даўно паставілі.

Нам папросту трэба больш часу, бо нашая краіна замарожаная. Мы яе разаграваем, яе разагравае Сяргей Ціханоўскі, у тым ліку іншыя кандыдаты. Яны пасмялелі, пабачыўшы нашыя пратэсты. Як яны мяняюць рыторыку. Спадары, калі не хочаце выглядаць смешна, вашыя фэйсбучныя рэйтынгі вам не дапамогуць, калі вы не будзеце далучацца. Гэтак жа ў 2010 годзе шматлікія кандыдаты мусілі паўтараць за мной. Ужо не толькі «галасуйце за мяне цудоўнага», але «выходзьце на плошчу, бо выбараў няма». Калі вы хочаце мець шанцы, захавацца хоць у палітыцы пасля выбараў, вы мусіце прыйсці да гэтага. Прыйсці да мяне, да маёй каманды і сказаць: «Мы гатовыя, давай працаваць разам».

ВІДЭА
Зянон Пазняк: Будуць дзясяткі тысяч смерцяў
2020.05.18 11:52

Спадару Мікола, вы, напэўна, чулі, што ў нас, магчыма, зменіцца прэм’ер-міністр, што месца Румаса можа заняць Шэйман. Гэта даволі адыёзная фігура, вядомая з не вельмі добрага боку. Гэта асоба пад санкцыямі (рэд. Персанальныя санкцыі Еўразвязу), мае датычнасць да палітычных забойстваў. Ці гэта адпаведны крок і пра што ён сведчыць? Чаму Аляксандр Лукашэнка хоча гэта зрабіць? Я нагадаю, што вы асабіста добра ведаеце спадара Шэймана яшчэ з 1990-х гадоў.

Я ведаў Шэймана з пачатку 1990-х. Здаецца, 25 гадоў яго не бачыў і не ведаю, якое ў яго цяпер становішча. Але гаворка не пра гэта. Прызначэнне халуя, які ўзначальвае ўрад. Урад – гэта эканамічнае пытанне. Калі Лукашэнка пойдзе на прызначэнне Шэймана, гэта больш PR-крок, спроба запалохаць грамадства. Нарэшце да Лукашэнкі дайшло, у якой ступені яго ненавідзяць. Цяпер ён кідаецца, не ведае, што рабіць. Адзін з варыянтаў – гэта нейтралізаваць лідараў пратэсту, абвясціць надзвычайнае становішча па каранціне і адмяніць выбары.

Таму я звяртаюся да людзей. Сачыце ўважліва. У мяне ўжо днямі быў суд за ўскладанне кветак 8 траўня да магілы савецкіх салдатаў. Магчыма, там ужо ёсць нейкія содні. Калі мяне будуць арыштоўваць, значыць, рыхтуецца гэты варыянт, калі Лукашэнка дзеіць па біблейскім прынцыпе: паразі пастыра – статак разбяжыцца. Ну вы ж не статак, вы не чарада, вы не жывёла. Тады рыхтуйцеся адразу выходзіць на плошчу. Асабліва звяртаюся да патрыётаў. Цяпер няма нацыянальнага патрыятычнага кандыдата. Лукашэнка плюнуў на Канстытуцыю і не зарэгістраваў маю групу з 3000 чалавек. Абвясцілі, што ў мяне, сумленнага чалавека, судзімасць за тое, што я спрабаваў спыніць злачынства Лукашэнкі. У нас няма нацыянальнага кандыдата. Але калі мы хочам зламаць гэты лёд над краінаю, каб атрымаць шанец, мы павінныя быць там, дзе пратэстуе народ, быць з тымі, хто пратэстуе. Сяргей Ціханоўскі неаднаразова запрашаў мяне ехаць разам з ім на свае сустрэчы. Я яму адказаў, што ў нядзелю арганізую пратэсты. У нядзелю я сам буду ў Менску, калі мяне не арыштуюць. А далей я паеду з ім. Я хачу паказаць, што падтрымка тых патрыётаў, якія змагаюцца, побач з тымі, хто змагаецца.

Як вы ацэньваеце ў адсотках шанцы на тое, што пасля 9 жніўня Аляксандр Лукашэнка перастане быць прэзідэнтам Беларусі?

Я не Ванга, і нейкія матэматычныя прагнозы тут недарэчныя. Усё залежыць ад таго, што мы зробім разам. Тое, што зраблю я, мая каманда «Народнай грамады», мае паплечнікі з БНК. Што здолеюць зрабіць тыя, хто атрымаў гэтае пасведчанне аб рэгістрацыі. Усё залежыць ад гэтага. Але я магу гарантаваць вам толькі адное, што казаў яшчэ паўтара года таму, калі БНК вылучыў мяне кандыдатам на прэзідэнцтва. Драматычныя перамены непазбежныя. Хочам мы гэтага ці не, яны ўсё роўна адбудуцца. Не ведаю, калі, але ў бліжэйшай будучыні Лукашэнкі не будзе. Гаворка пра тое, ці праз два месяцы, ці праз чатыры месяцы. Калі мы хочам, каб тут была нармальная ўлада, каб краіна рухалася да поспеху, захавала незалежнасць, нам давядзецца браць сітуацыю ў свае рукі, бо інакш знойдзецца, каму яе ўзяць.

Ці дапускаеце вы такую магчымасць, што Аляксандр Лукашэнка прайграе гэтыя выбары?

У гэтым балагане, які Лукашэнку зладзіў, корміць яго, кіруе ім, задае задачу, электаральная перамога немагчымая. Нават калі нехта ўзбунтуецца ў выбарчых камісіях, уся перамога ўжо будзе ў ноч з суботы на нядзелю, калі нікому не вядомыя чыноўнікі прыйдуць да урнаў, міліцыя іх пусціць уначы. Яны дастануць 15 % галасоў беларусаў, якія рэальна прагаласуюць датэрмінова, пакладуць сорак з галасамі за Лукашэнку. І гэта ўжо будзе перамога. А потым ужо камісіі сваёй пасіўнасцю (ад чарговых удзельнікаў нават нічога не трэба, усё робіць старшыня камісіі), зробяць з перамогі элегантную перамогу. Гэтая сістэма ўнікальная ў свеце. Ніхто яшчэ такую не прыдумаў. Яна не ламаецца. Яе пабудаваў прафесар Абрамовіч, выбітны юрыст, які нам гэту подлую гадасць падсунуў. Нікому нічога не жадаю, але яму няхай на тым свеце адгукнецца, на што ён нас вырак. Гэтую сістэму можна зламаць толькі звонку. Калі нехта спрабуе пагуляцца ў яе па-іншаму, то ён папросту нас падманвае. Ён папросту гуляе блазна ў гэтым цырку. Гэта подлы і нізкі чалавек. Не верце яму, не верце такім людзям.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 29.05.2020

Іншыя тэмы выдання:

Калаж на прэв’ю: Vasily Fedosenko/Reuters/Forum; David Mdzinarishvili/Reuters/Forum

Стужка навінаў