Здзекаваўся, зламаў нос, пагражаў забіць. У Мазыры ў ахвяры хатняга гвалту могуць адабраць дзіця


Святлана Мішота з сынам Мікітам. Фота belsat.eu

Жыхарка Мазыра Святлана Мішота амаль штодня наведвае мясцовы РАУС. Ужо практычна год яна змагаецца з былым мужам, які пагражае забраць у яе дзіця. Паводле Святланы, нягледзячы на доказы фізічных і маральных здзекаў з боку былога сужэнца, міліцыя і ўлады гораду бяздзейнічаюць. Belsat.eu выслухаў усе бакі канфлікту.

Святлане 34 гады, да дэкрэту яна працавала інструктаркай танцаў для дзяцей. У 2017-м пазнаёмілася са сваім будучым мужам, 37-гадовым Максімам Ляпёшкіным. У ліпені таго ж года зацяжарыла. Жанчына кажа, што на пачатку супольнага пражывання ўсё было нармальна, але з часам яна пачала заўважаць неадэкватныя паводзіны Максіма.

«Калі зацяжарала, ён сказаў рабіць аборт, але я адмовілася, бо хацела дзіця. Усё неяк вярнулася да нормы, але ў часе цяжарнасці ў яго пачаліся выбухі агрэсіі», – распавядае Святлана.

Дом, у якім жыве Святлана Мішота. Фота belsat.eu

З ейных словаў, спачатку Максім абмяжоўваўся толькі словамі, але не біў – чапляўся да дробязяў, абражаў, брыдкасловіў і абзываў.

«Я не магла зразумець, як можна гэтак ставіцца да цяжарнай. Часамі даводзіў мяне да слёзаў, а пасля выклікаў хуткую, нарад з псіхіятрычнага шпіталю і распавядаў ім, што я звар’яцела. Вядома, мяне нікуды не забралі. Яны гаварылі, што ён проста гэтак нервова рэагуе на маю цяжарнасць», – кажа Святлана.

Ад закручвання накрыўкі да пабояў

Святлана кажа, што муж наўмысна правакаваў канфліктныя сітуацыі, каб пазней падчас судовых разбораў абвінаваціць яе ў неадэкватнасці.

«Здаралася, я не закруціла накрыўку ад згушчанага малака. Ён змушаў мяне пры ім «вучыцца закручваць» яе. Даходзіла да варʼяцтва», – зазначае дзяўчына.

Сын Святланы Мішоты і Максімя Ляпёшкіна Мікіта. Фота belsat.eu

Неўзабаве дайшло да рукапрыкладства. Першы раз здарыўся пасля візіту Святланы да маці, якая таксама жыла ў Мазыры. Святлана даведалася, што тая хварэе на рак, і яна адзначае, што ейны муж нікога не шкадаваў. Нават цяжка хворай цёшчы ён казаў, што яна «хутка здохне».

«Каб яна не перажывала, я вярнулася ў ягоную кватэру, дзе мы жылі. Ніхто не разумеў, чаму я не магу яго супакоіць. Міліцыя пыталася, чаму я не магу вярнуцца жыць да маці, кінуць яго. Я баялася, не хацела, каб ён яе нерваваў, у яе быў цяжкі стан», – адзначае спадарыня.

«Сваю кроў я сама змывала з падлогі»

Крызіс у дачыненнях пары здарыўся ў Святланін дзень народзінаў. З самай раніцы Максім намагаўся вывесці Святлану з раўнавагі. Яна хацела наведаць маці. Калі Максім пабачыў, што яна заплаканая апранае куртку, яшчэ больш раззлаваўся.

«Ён пачаў крычаць: маўляў, куды я ў такім стане паеду. Мы з сынам ужо былі ў дзвярах, ён забраў Мікіту, развярнуў мяне да сябе і ўдарыў кулаком у твар», – згадвае Святлана.

Святлана Мішота паказвае доказы пабояў. Фота belsat.eu

Максім зламаў жонцы нос і рассек губу, якую пазней давялося зашываць. Акрамя гэтага ён змусіў жанчыну змываць кроў з падлогі.

«Лаяўся, што я запэцкала хату крывёю, таму да прыезду хуткай мне прыйшлося поўзаць на каленях і яе змываць. Але яму не хапіла гэтага, ён бегаў за мной і хацеў яшчэ ўдарыць. Не раз здаралася, што ён крычыць на мяне, а я мушу выбачацца перад ім, што сапсавала яму гумор».

У хуткай яна не прызналася, што яе збіў муж, сказала, што ўпала з ровара. Паводле Святланы, яна перажывала, што Максім пачне вайну і будзе адыгрывацца на хворай маці.

Хваля здзекаў

На трэці дзень пасля смерці маці Максім зноў збіў Святлану.

«Мы былі з сынам у маміным доме, ён прыехаў разʼюшаны, што я ад яго сышла. Забраў Мікіту, мяне паваліў і левай нагой пачаў біць па галаве. Можа, хацеў забіць і сказаць, што я скончыла жыццё самагубствам. Ён распаўсюджваў такія чуткі».

Святлана баялася, што ён можа яе забіць, выскачыла праз вакно і пабегла да суседзяў прасіць ратунку.

«Максім першы выклікаў міліцыю і пачаў распавядаць, што ён прыйшоў у пусты дом. Маўляў, я кінула сына аднаго, а сама швэндаюся невядома дзе. Я падала на яго заяву, праз два месяцы яго асудзілі за прычыненне лёгкіх цялесных пашкоджанняў», – распавядае жанчына.

Святлана Мішота з сынам Мікітам. Фота belsat.eu

Некаторы час Святлана правяла ў крызісным пакоі [дзяржаўная кватэра з кратамі на вокнах, дзе хаваюцца ахвяры хатняга гвалту, там ёсць псіхалагічная дапамога. – Заўв. belsat.eu] з сынам. Перажыць цяжкі момант дапамагала маці сяброўкі Наталля Яцкова. Некаторы час яны жылі разам у матчыным доме.

Увесь гэты час, паводле Святланы, Максім прыходзіў пад вокны і мог гадзінамі за ёй сачыць. Часта мужчына зʼяўляўся з незнаёмымі хлопцамі, якія цяпер у судзе выступаюць як сведкі з мужавага боку.

«Яны прыходзяць на суды і паклёпнічаюць, што я стаяла на ганку з незнаёмцам, паліла, піла. Максім проста хоча знішчыць мяне маральна і фізічна. Акрамя запужвання і пераследу, ён піша на мяне ў розныя інстанцыі, ад суда да органаў апекі. Напісаў заяву ў пракуратуру – правесці мне псіхічную экспертызу», – кажа Святлана.

«У міліцыі з мяне смяюцца»

Жанчына кажа, што стамілася паведамляць пра здзекі ў міліцыю. Замест дапамогі яны адкрыта смяюцца і перадражніваюць яе, кажа мазыранка.

«Яны жартуюць: маўляў, прыйшоў, закапаў, надпіс напісаў. Кажуць, гэта трэба даказаць! За збіццё і здзекі яму ўжо далі тры штрафы. Для дзяржавы ён зыскоўны чалавек. У нас была гісторыя, што ён забраў у мяне аліменты, каб набыць сабе тэлевізар. Я гатовая адмовіцца ад гэтых аліментаў, абы ён пакінуў мяне ў спакоі», – тлумачыць суразмоўца.

Святлана Мішота з сынам Мікітам. Фота belsat.eu

Яшчэ адным каменем спатыкнення стала кватэра, грошы на якую перад смерцю дала Святланіна маці. Жанчына загадала набыць жытло для ўнука. Кватэру куплялі, калі пара была разам, таму жытло лічыцца супольна нажытым. Цяпер Максім увесь час змяняе ключы і не пускае туды былую жонку. Аднойчы, калі ў Святланы яшчэ быў доступ да кватэры, Максім прыйшоў і пачаў ламаць дзверы.

«Я баялася адмыкаць, зноў выскачыла праз вакно, пабегла да суседзяў, каб ён зноў не сказаў, што я вар’ятка. Калі прыехала міліцыя, яны сказалі, што нічога не могуць яму зрабіць, бо дзверы аформленыя на яго, ён іх купіў. Кажуць, ідзіце ў суд і разбірайцеся», – кажа дзяўчына.

Святлана дадае, што міліцыя чула, як ён крычаў, што забʼе яе і выкручваў рукі. Каб вырвацца, яна адмахнулася ад яго жаночай торбай. За гэта пазней яе аштрафавалі на 300 рублёў.

«На судзе быў нармальны ўчастковы. Ён сказаў, што гэта Максім мяне правакаваў, што калі б яны не прыехалі, ён бы мяне забіў, але ягоныя словы праігнаравалі. Я пісала скаргу ў пракуратуру, але яны нават яе не чыталі і рашэння не адмянілі».

Супрацоўнік мазырскай міліцыі Андрэй Паўленка адмовіўся размаўляць з журналістамі «Белсату» па тэлефоне. Фота belsat.eu

«Сын яму не патрэбны»

Святлана адзначае, што практычна жыве ў рабстве ў былога мужа – не можа нікуды выйсці або зʼехаць, бо ён увесь час яе кантралюе, кажа міліцыі, што яна не даглядае дзіцё, пакідае яго з чужым чалавекам і бʼе.

«Яму не патрэбны сын, але ён і так намагаецца яго забраць, хоць я галоўны апякун Мікіты. Максім парушае графік. Апошні раз мне давялося выменьваць сына за заяву, якую я напісала ў дзіцячым пакоі міліцыі, куды ён прыйшоў і пачаў чапляць і абражаць мяне», – заяўляе Святлана.

Святлана Мішота з сынам Мікітам. Фота belsat.eu

«Я – маньяк, але яна чамусьці жывая»

У справу ўмяшаліся суседзі. Жыхары вуліцы Трусевіча напісалі калектыўную заяву ў пракуратуру за тэрарызаванне цэлай вуліцы. З пракуратуры, адзначае Святлана, прыйшла чарговая адпіска.

«Гэта жах. Ён хлусіць ад пачатку да канца. Яна не курыць, не пʼе, не брыдкасловіць. Ён яе тэрарызуе. А ўлады толькі пагражаюць забраць у яе дзіця. А ў Светы нікога няма, яна адна!» – кажа Святланіна сяброўка Наталля Яцкова.

Зварот суседзяў у пракуратуру
Зварот суседзяў у пракуратуру

Максім Ляпёшкін таксама пагаварыў з belsat.eu. Мужчына кажа, што не вінаваты і «ні за што» заплаціў ужо тры штрафы.

«Я забойца і маньяк, але чамусьці яна ходзіць жывая і здаровая, а я на свабодзе. Я ўпэўнены, што забяру сына. За свае неадэкватныя паводзіны за 2,5 гады яна ані разу не папрасіла прабачэння. Я выклікаю ў якасці сведкаў працаўнікоў міліцыі, сваіх знаёмых, каб ахарактарызавалі ейныя паводзіны», – пракаментаваў сітуацыю Максім Ляпёшкін.

Максім Ляпёшкін не змог патлумачыць, у чым перад ім вінаватая Святлана Мішота. У размове з belsat.eu ён абражаў былую жонку і Наталлю Яцкову, якая той дапамагае [у рэдакцыі ёсць тэлефонны запіс размовы].

«Хай дамаўляюцца паміж сабой»

Пагрозы адабраць правы на сына і размясціць яго ў сацыяльна-педагагічным цэнтры гучаць і ад уладаў.

«Замест таго, каб адгарадзіць мяне ад яго, яны высылаюць да мяне праверкі. Пагражаюць, што прызнаюць нас сацыяльна неўладкаванымі, калі мы не дамовімся наконт умоваў пражывання Мікіты. Але як дамовіцца, калі ніхто не можа з ім дамовіцца?» – дадае жыхарка Мазыра.

Ужо два разы Святлану і Максіма выклікалі на каардынацыйныя саветы ў Мазырскі райвыканкам да намесніка старшыні Фелікса Галюка.

Мазырскі сацыяльна-педагагічны цэнтр. Фота belsat.eu

Рэдакцыя Belsat.eu звязалася з адвакатам Святланы Мішоты Мікалаем Грэцкім, участковым Андрэем Паўленкам, начальніцай аддзелу навучання Мазырскага райвыканкаму Любоўю Клепчуковай. Усе яны адмовіліся каментаваць справу, бо разбор яшчэ працягваецца, а Святлана і Максім маюць прайсці псіхалагічнае правяранне.

«Я каментаваць гэтай справы не буду, бо ў нас за гэта вялікая адказнасць. Магу сказаць, што ўсе органы ў курсе сітуацыі гэтай сямʼі. Тут трэба звяртацца не да журналістаў, а да свайго сумлення. Яны не могуць дамовіцца паміж сабою, а калі гэтага не зробяць, то ўмяшаюцца органы. Яны прасілі даць ім яшчэ час», – з неахвотай сказала нам Любоў Клепчукова і паклала слухаўку.

Belsat.eu будзе сачыць за развіццём сітуацыі Святланы Мішоты.

Hавiны
Кіраўніцтва дзіцячага прытулку ў Мазыры аформіла на ўласных сваякоў «гуманітарку» з Нямеччыны
2019.10.07 15:38

ДР belsat.eu

Стужка навінаў