Кіраўніцтва дзіцячага прытулку ў Мазыры аформіла на ўласных сваякоў «гуманітарку» з Нямеччыны


Адміністрацыя Мазырскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтру (СПЦ) накіравала ў нямецкі Фонд дапамогі дзецям Чарнобыля спіс гадаванцаў, якім патрэбная гуманітарная дапамога. Аднак сярод іх апынуліся прозвішчы як мінімум 6 блізкіх сваякоў кіраўнікоў цэнтру.

У распараджэнне Тэлеграм-каналу NEXTA трапіў дакумент – пералік атрымальнікаў пасылак з нямецкай «гуманітаркай», дасланы ў арганізацыю «Wuppertaler hilfe für kinder von Tschernobyl», якая знаходзіцца ў горадзе Вупперталь, Нямеччына, і спецыялізуецца на падтрымцы дзяцей з рэгіёнаў, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Пачынаючы з 1994 году, яна дастаўляе ў школы, садкі і прытулкі Гомельшчыны мэблю, цацкі, абсталяванне, вопратку і запрашае дзяцей на аздараўленне ў Нямеччыну.

Сярод тых, хто атрымліваў гуманітарную дапамогу журналісты Belsat.eu знайшлі дзяцей супрацоўнікаў адміністрацыі Сацыяльна-педагагічнага цэнтру ў Мазыры.

Мазырскі СПЦ функцыянуе з 2006 года і мае 2 падраздзяленні: інфармацыйна-метадычнае і непасрэдна прытулак, дзе дзеці жывуць да моманту ўсынаўлення або вяртання ў біялагічную сям’ю. У штаце цэнтру працуюць 33 педагогі. Паводле дадзеных СМІ, у 2018/2019 гадах рэабілітацыю тут прайшлі 49 дзяцей і падлеткаў, з іх шасцёра трапілі ў прыёмныя сем’і.

Ілюстрацыйны здымак. Фота Reuters / Forum

Цэнтр атрымлівае дапамогу не толькі ад дзяржавы, але і шчыльна супрацоўнічае з міжнароднымі фондамі, у тым ліку са згаданым вышэй Wuppertaler hilfe. У чэрвені 2019 году СПЦ даслаў у арганізацыю спіс асобаў, якім патрэбныя пакеты з гуманітарнай дапамогай, па 3 на кожнага.

Што канкрэтна ў пакетах – нам невядома, але, мяркуючы па інфармацыі пра дзейнасць фонду, гэта магло быць адзенне, прадукты, медыкаменты, прадметы для школы або нават гаджэты.

У шапцы ліста пазначана прызначэнне гуманітарнай дапамогі: «для дзяржаўнай установы адукацыі Сацыяльна-педагагічны цэнтр г. Мазыра, вул. Харужай, 3, установаў адукацыі і аховы здароўя, інвалідаў, пенсіянераў, дзяцей-сірат, шматдзетных, няпоўных і прыёмных сем’яў, малазабяспечаных грамадзян і грамадзян, што апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі».

Пры гэтым на адрас прытулку (Харужай, 3) мусіць паступіць толькі адзін іменны пакет, вынікае з дакументу. Астатняя дапамога запісана на іншыя адрасы, а прозвішчы атрымальнікаў супадаюць з прозвішчамі працаўніц адміністрацыі прытулку.

Адміністрацыя Сацыяльна-педагагічнага цэнтру ў Мазыры

Напрыклад, у спісе значыцца 17-гадовы Матвей Шмідт. Тым часам дырэктарку СПЦ завуць Алла Шмідт. Намесніца дырэктаркі і загадчыца прытулку Ніна Перапеча на сваёй старой старонцы ў сацыяльных сетках пісала, што мае ўнукаў Ксенію і Матвея. Пагодкі (2011 і 2012 гадоў нараджэння) Ксенія Перапеча і Матвей Перапеча з’яўляюцца і ў спісе атрымальнікаў «гуманітаркі». Акрамя таго, туды запісаная і 88-гадовая Валянціна Перапеча – імаверна, маці Ніны.

Прозвішча 8-гадовы Калерыі Клямені супадае з прозвішча загадчыца гаспадаркай СПЦ. Алена Кляменя ў сацсетках падпісаная як Кляменя-Шаблінская. І вось у спісе тых, каму патрэбны іменны пакет з Нямеччыны апынуліся 12-гадовы Захар Шаблінскі і 62-гадовы Аляксей Шаблінскі. Мы высветлілі, што ў Мазыры жыве толькі адна сям’я Шаблінскіх, таму лагічна дапусціць, што яны – блізкія сваякі «завхоза» прытулку. У сябрах Алены Клямені «Вконтакте» ёсць супрацоўніца СПЦ Алеся Чэнкіна, якая ў графе «дачка» на сваёй старонцы напісала – Калерыя. Вельмі верагодна, што гэта і ёсць унучка Алены, якой прызначаецца нямецкая дапамога.

Ілюстрацыйны здымак. Фота Reuters / Forum

Каб даведацца пра абставіны, пры якіх сваякі адміністрацыі апынуліся ў спісе, мы патэлефанавалі дырэктарцы Алле Шмідт. Але яна не пажадала гаварыць з журналістам, як толькі пачула пра Вупперталь.

«А чаму я павінна адказваць на такія пытанні па тэлефоне? А пры чым тут наагул?.. Я на гэтыя пытанні не адказваю, толькі пры асабістай сустрэчы. Я не бачу, з кім размаўляю, не бачу вашага дакументу, які пацвярджае асобу… Прабачце, не даю ніякіх каментароў, не магу!», – сказала Шмідт і паклала слухаўку.

Іншыя працаўнікі цэнтру гутарыць з прэсай не захацелі.

  • Belsat.eu таксама накіраваў запыт у фонд «Wuppertaler hilfe für kinder von Tschernobyl» з пытаннем, ці бачылі яны «супадзенне» у спісах.

КА belsat.eu

Стужка навінаў