Гараўскі: Паўлічэнка дапамагаў выбіваць грошы з бізнесоўцаў

Юрый Гараўскі, які заявіў пра сваю датычнасць да забойства апазіцыйных палітыкаў у 1999 годзе, прызнаў, што сапраўды затрымліваўся за вымаганне, як пра гэта сказаў былы кіраўнік СОБРу Дзмітрый Паўлічэнка.

Дзмітрый Паўлічэнка пракаментаваў прызнанне былога спецназаўца аб забойстве апазіцыянераў

Словы Гараўскага ў размове з радыё «Свабода» прывёў журналіст расейскай службы «Deutsche Welle» Уладзімір Дорахаў, які быў адным са сцэнарыстаў фільму з удзелам былога СОБРаўца.

«Наконт заявы Паўлічэнкі, што Гараўскі ў 1999 годзе сядзеў у турме за вымаганне, цяпер Гараўскі паведаміў наступнае: Сапраўды, была справа, але яна адбылася пасля забойстваў Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. Паўлічэнка дапамагаў вырашаць фінансавыя пытанні, выбіваць грошы. Паводле Гараўскага, Паўлічэнка выклікаў яго і яшчэ аднаго «СОБРаўца» і сказаў – некаму далі крэдыт, і гэты крэдыт не вяртаецца. Паязджайце. І яны паехалі», – заявіў Дорахаў.

Але, паводле яго, бізнесмены «мелі добры «дах»». У выніку СОБРаўцаў затрымалі, была распачатая крымінальная справа. Але Паўлічэнка здолеў закрыць справу, ніякі прысуд па ёй не выносіўся, адзначыў журналіст.

Паўлічэнка заявіў, што пераблытаў Гараўскага

Юрый Гараўскі ў размове з «Deutsche Welle» заявіў, што ў 1999 годзе ўдзельнічаў у выкраданні былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, былога старшыні ЦВК Віктара Ганчара і бізнесоўца Анатоля Красоўскага. Паводле яго, забіваў іх асабіста кіраўнік СОБРу Паўлічэнка.

Паўлічэнка спачатку сказаў, што Гараўскі сапраўды служыў у яго, але зганьбіў гонар войскаў праз вымаганне. Пазней ён стаў адмаўляць, што ведаў яго. Былы камандзір СОБРу заявіў, што, «магчыма, паблытаў з іншым байцом».

Вось фота, дзе Паўлічэнка і Гараўскі разам

Але пасля было знойдзенае фота, на якім Паўлічэнка і Гараўскі разам удзельнічаюць у святкаваннях 20-годдзя Асацыяцыі ветэранаў падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння войскаў МУС «Гонар» у лістападзе 2017 года.

МГ belsat.eu

Hавiны