Беларускія тарты ды пернікі паедуць на Блізкі Ўсход


Геаграфія экспарту беларускага хлеба пашыраецца. Неўзабаве хлебабулачныя і кандытарскія вырабы, а таксама вафлі пакаштуюць жыхары Ізраіля ды Іярданіі.

Сакрэт беларускіх хлебаробаў у шокавай замарозцы, якая павялічвае тэрмін прыдатнасці. Дзякуючы новай тэхналогіі беларускія вырабы можна захоўваць да паўгода без дадатковых кансервантаў. Гэта дазваляе пастаўляць хлеб у нязменным выглядзе ў Арменію, Іярданію, Азербайджан, Ізраіль, Расею, ЗША, Сінгапур ды Латвію.

За апошні год экспарт беларускага хлеба і кандытарскіх вырабаў значна павялічыўся. Толькі сёлета 6 сталічных хлебазаводаў выпеклі больш за 85 тысяч тон хлеба, французскіх эклераў, тартоў ды пернікаў.

На вонкавыя рынкі за апошнія 11 месяцаў рэалізавана больш за 4 тысячы тон прадукцыі, у тым ліку 890 тон замарожаных вырабаў. Кожны месяц за мяжу мы прадаем хлеба на 300 тысяч долараў.

Дзякуючы распрацоўкам беларускіх вучоных экспарт беларускай прадукцыі ў Арменію, Іярданію, Азербайджан, Ізраіль, Расею ў гэтым годзе павялічыўся ў 1,5 разы.

Дастаўляюць беларускі хлеб па мору і паветры. За содні вырабы далятаюць у Сінгапур альбо Іярданію. За акіян дарога даўжэйшая і займае месяц. Спачатку хлеб вязуць фурамі з Менску ў порт Клайпеды, адтуль паромамі ў ЗША ды Ізраіль.

Цяпер навукоўцы разам з хлебапёкамі працуюць над некалькімі ноу-хау. Стэрылізацыя ўпакоўкі пры тэмпературы + 110 дазволіць захоўваць хлеб свежым да 60 дзён, а палепшаная шокавая замарозка павялічыць тэрмін прыдатнасці тартоў да года.

ДР belsat.eu  паводле tvr.by

Стужка навінаў