ЗША пагражаюць новымі санкцыямі за «Паўночную плынь – 2» і Венесуэлу


Кангрэс Злучаных Штатаў Амерыкі гатовы прыняць новы законапраект аб штрафных мерах, калі Расея паспрабуе дабудаваць газаправод «Паўночная плынь – 2». Пра гэта піша нямецкая газета «Handelsblatt».

Hавiны
Расея не здольная самастойна завяршыць будаўніцтва «Паўночнай плыні – 2»
2019.12.24 20:49

Паводле выдання, санкцыі могуць закрануць еўрапейскія фірмы, што інвестуюць у праект, або кампаніі, якія будуць прымаць расейскі газ.

Газаправод пройдзе па дне Балтыйскага мора паралельна з ужо дзейнай «Паўночнай плынню». Фінляндыя, Швецыя, Нямеччына ды Данія дазволілі пракладку труб. Берлін спадзяецца, што праект за $ 10 млрд удасца завяршыць у «разумныя тэрміны». Расейскі прэзідэнт у сярэдзіне студзеня заяўляў, што будаўніцтва завершыцца да канца 2020 года або ў першым квартале 2021-га.

Hавiны
Швейцарская кампанія прыпыніла будаўніцтва «Паўночнай плыні – 2»
2019.12.21 08:36

Між тым ЗША і шэраг еўрапейскіх дзяржаў выступаюць супраць газаправода, бо ён, на іх думку, узмоцніць залежнасць Еўропы ад расейскага газу.

У снежні ЗША ўжо прынялі пакет санкцыяў супраць кампаніяў, якія прымаць удзел у будаўніцтве газаправода «Паўночная плынь – 2». Любая ўласнасць кампаніяў, што знаходзіцца на тэрыторыі Злучаных Штатаў, будзе замарожаная ў выпадку парушэння санкцыяў. У выніку швейцарская кампанія «Allseas» спыніла свой удзел у працы.

Расеі пагражаюць санкцыі за Венесуэлу

Таксама дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Робэрт О’Браен не выключыў, што Вашынгтон можа прыняць меры супраць расейскай кампаніі «Роснефть», пішуць РИА Новости.

Паводле яго, калі расейскія кампаніі не зразумеюць, што падтрыманне афіцыйнага кіраўніка Венесуэлы Нікаляса Мадура – «не проста бізнес-рашэнне, але гэта амаральна, з улікам таго, што гэта нясе народу Венесуэлы», ЗША «ў найбліжэйшай будучыні» могуць увесці санкцыі.

Раней у Вашынгтоне заяўлялі, што «Роснефть» дапамагае лацінаамерыканскай краіне прадаваць нафту, каб матэрыяльна падтрымліваць рэжым.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў