Прадстаўніца ЗША пры ААН Келі Крафт у лісце да Рады Бяспекі ААН заявіла, што Вашынгтон «гатовы без папярэдніх умоваў удзельнічаць у сур’ёзных перамовах з Іранам з мэтай перадухілення далейшай пагрозы міжнароднаму міру і бяспецы або эскалацыі з боку іранскага рэжыму». Пра гэта паведамляе Reuters.
У лісце Крафт забойства генерала Касема Салеймані абгрунтоўваецца выкарыстаннем артыкулу 51 Статуту ААН, які прадугледжвае права дзяржавы на самаабарону. Амбасадарка дадае, што ЗША гатовыя прыняць дадатковыя дзеянні ў рэгіёне па меры неабходнасці абароны жыццяў і інтарэсаў амерыканцаў.
- У ноч на 3 студзеня генерал Касем Салеймані, камандуючы элітным спецпадраздзяленнем «Кудс» у складзе Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі, быў забіты ў Іраку ў выніку авіяўдару ЗША. У Пентагоне заявілі, што авіяўдар быў нанесены па загаду прэзідэнта Доналда Трампа. Тэгеран абвясціў, што адпомсціць ЗША за забойства генерала.
- Авіяўдар па Салеймані быў нанесены праз некалькі дзён пасля спробы пратэстоўцаў у Багдадзе ўзяць штурмам амерыканскую амбасаду. У Вашынгтоне заявілі, што напад на дыпмісію быў здзейснены па распараджэнні генерала Салеймані. Паводле інфармацыі амерыканскіх вайскоўцаў, Салеймані і спецназ «Кудс» нясуць адказнасць за гібель сотняў амерыканскіх вайскоўцаў, а таксама вайскоўцаў міжнароднай кааліцыі, і за раненні тысяч з іх.
- У ноч на 8 студзеня Іран выпусціў некалькі дзясяткаў ракетаў па ваенных базах у Іраку з кантынгентам ЗША. Іранскія СМІ паведамілі, што ў выніку ўдараў загінулі каля 80 чалавек, але ў Вашынгтоне сцвярджаюць, што чалавечых ахвяраў не было, а шкода для базаў была мінімальная. Эксперты мяркуюць, што іранская атака была хутчэй сімвалічнай: калі б Тэгеран хацеў стварыць рэальную пагрозу вайсковай прысутнасці ЗША ў Іраку, то нанёс бы значна мацнейшы ўдар.
ІІ belsat.eu