Журналістку аштрафавалі за мімішны сюжэт пра тралейбусны парк у Магілёве

4 сакавіка суд Кастрычніцкага раёну Магілёва пастанавіў пакараць журналістку Аліну Скрабунову штрафам за рэпартаж пра юбілей Магілёўскага тралейбуснага парку, які 19 студзеня выйшаў у эфіры нашага тэлеканалу.

У сюжэце распавядаецца пра 50-гадовы юбілей Магілёўскага тралейбуснага парку і перспектывы развіцця электрычнага грамадскага транспарту. Вось гэты сюжэт:

Магілёўскаму тралейбусу 50 гадоў. Ці заменяць іх электробусы?

Журналістку пакаралі штрафам за «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ».

Аліна Скрабунова спрабавала давесці ў судзе, што не займалася вырабам і распаўсюдам прадукцыі СМІ, бо ні яна, ні аператар не з’яўляюцца ўласнікамі або акцыянерамі тэлеканалу «Белсат», і ў іх няма працоўнай дамовы з тэлеканалам. А таксама адзначыла, што сюжэт дэ-факта зрабіў іншы журналіст.

Аліна Скрабунова

«Гэта проста нейкае вета на збор і распаўсюджванне інфармацыі. Хаця гэтае права нам гарантуе Канстытуцыя Беларусі, а нашая міліцыя і суды гэтае права забіраюць. Мяне судзілі фактычна за інтэрвʼюіраванне грамадзянаў. То бок звычайная размова паміж людзьмі ў нас па-за законам. Гэта маразм», – кажа Аліна Скрабунова .

Суддзя Вольга Зарычнюк праігнаравала гэтыя аргументы і пастанавіла пакараць журналістку штрафам у памеры Br 1350. 24 лютага за гэты ж самы сюжэт аштрафавалі і аператара Аляксандра Сідарэўскага. Суддзя Кастрычніцкага суду Наталля Крашкіна прысудзіла яму Br 540 штрафу.

Міліцыянты Ленінскага РАУС уручаюць новую позву аператару Аляксандру Сідарэўскаму наўпрост ў судзе. Фота belsat.eu

І Скрабуновай і Сідарэўскаму сёння ў будынку суда ўручылі позвы ў Ленінскі РАУС на 10 сакавіка. Супрацоўнікі міліцыі патлумачылі, што супраць фрылансераў распачатая чарговая адміністрацыйная справа паводле артыкулу 22.9.ч.2 – незаконны выраб прадукцыі СМІ.

ЮВ belsat.eu

Hавiны