25 кастрычніка Берасцейскі абласны суд абвесціў прысуд па справе аб забойстве 8-месячнай дзяўчынкі ў Лунінцы. На лаве падсудных апынуліся маці дзяўчынкі і яе сябар, яны здзейснілі забойства, бо ім замінаў плач дзіцёнка. Дзяржабвінаваўца паведаміў «Tut.by», што прызначанае пакаранне цалкам супала з пазіцыяй пракуратуры.
26-гадовую маці дзяўчынкі і яе 48-гадовага знаёмага прызналі вінаватымі ў групавым забойстве заведама малалетняй з асаблівай жорсткасцю з хуліганскіх меркаванняў. Жанчыне прызначылі 25 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Гэта максімум для жанчын у Беларусі. Яе саўдзельніка прысудзілі да смяротнага пакарання.
Працэс праходзіў у закрытым рэжыме. На гэтым настаяла абвінавачаная і пацярпелы – бацька дзіцяці.
Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны. Абвінавачаныя ў клетцы сустрэлі яго спакойна, без эмоцыяў.
У Берасцейскай вобласці гэта першы смяротны прысуд за апошнія 10 гадоў.
Трагедыя адбылася ў Лунінцы год таму. Увечары 27 кастрычніка мінулага года бацька дзяўчынкі вярнуўся дахаты, дзе знайшоў труп дачкі.
Паводле «Медиа-Полесье», дзяўчынцы перарэзалі горла. Паводле «Tut.by», дзіцёнку адрэзалі галаву.
У гэты час у кватэры знаходзіліся 25-гадовая маці дзіцяці Наталля і яе 47-гадовы знаёмы Віктар. Абодва былі п’яныя. Экспертыза выявіла ў маці 1,6 праміле этылавага спірту ў крыві, у мужчыны – 1,2.
Паводле версіі абвінавачвання, у той дзень яны «беспадстаўна, з хуліганскіх памкненняў» забілі васьмімесячную дзяўчынку. Злачынства яны здзейснілі з асаблівай жорсткасцю «спосабам, загадзя спалучаным з прычыненнем асаблівых пакутаў». На целе дзіцяці выявілі сляды ад не менш 46 траўматычных уздзеянняў.
На этапе следства знаёмыя і сваякі характарызавалі Наталлю нейтральна: алкаголем не злоўжывала, любіла і клапацілася пра дзяцей. Аднак адзначалі, што да трагедыі яе нярэдка бачылі ў забаўляльных установах Лунінца. Часцяком – без мужа.
Наталлі і Віктару прад’явілі абвінавачванні ў групавым забойстве заведама малалетняй з асаблівай жорсткасцю з хуліганскіх меркаванняў.
Санкцыя артыкула прадугледжвае ад 8 да 25 гадоў пазбаўлення волі, пажыццёвае зняволенне або смяротнае пакаранне. Апошнія два віды пакарання ў Беларусі да жанчын не ўжываюць.
ДД belsat.eu