Якія тэсты на каронавірус выкарыстоўваюць у Беларусі ды ў свеце?


У Беларусі да 31 сакавіка была зроблена 31 тысяча тэстаў на COVID-19. Такія звесткі прыводзіць Міністэрства аховы здароўя. У параўнанні з іншымі краінамі – гэта многа ці мала? Якія тэсты выкарыстоўваюцца ў Беларусі ды ці можна ім давяраць? Разбіраўся «Белсат».

Паводле міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка, 1 красавіка ў Беларусь паступяць больш за 2 тысячы тэст-сістэмаў з Кітаю. Іх перадаюць Беларусі ў якасці гуманітарнай дапамогі. Раней намесніца міністра Алена Богдан казала пра «1008 панэляў экспрэс-тэстаў з Кітаю».

Па звестках Мінздароўя, у Беларусі сёння існуюць тры варыянты тэстаў на каронавірус: адзін айчыннай вытворчасці, другі – расейскай і трэці, які наша краіна атрымала па лініі САЗ.

«У Беларусі ёсць тры віды тэстаў. Калі адзін з тэстаў паказвае станоўчы вынік, то паралельна з санэпідпрацай ідзе праверка тэстаў яшчэ двума варыянтамі», – сказаў падчас прэс-канферэнцыі 25 сакавіка міністр Каранік. Ён таксама адзначаў, што САЗ перадавала Беларусі і наборы на правядзенне 6 тысяч тэстаў нямецкай вытворчасці. Ці скарысталіся гэтым наборамі – невядома.

Тэсты беларускай вытворчасці былі распрацаваныя на базе геномнага сіквенсу – структуры будовы вірусу. Яе Беларусі і іншым краінам перадалі з САЗ. Нашыя спецыялісты распрацавалі тэст цягам тыдня, сцвярджала Богдан.

ВІДЭА
Лукашэнка, Зяленскі, Пуцін і Трамп. Хто больш баіцца каронавіруса?
2020.03.29 11:22

Расейскія тэсты, якія паступілі да нас, былі распрацаваныя ў дзяржаўным навуковым цэнтры вірусалогіі і біятэхналогіі «Вектар». Яны характарызуюцца як даўгія і не вельмі адчувальныя. Як пісала «Медуза», да нядаўняга часу «Вектар» быў адзіным вытворцам, а цяпер на рынак выйшла яшчэ і прыватная кампанія «Эватэк-Мірай Геномікс», звязаная з алігархамі Ротэнбергамі. Яна будзе прадаваць тэсты, зробленыя іншай кампаніяй, «Смартлайфкеа», і атрымае выключнае права на пастаўкі тэстаў у лабараторыі.

Раней тэсты на COVID-19 праводзілі толькі ў Менску, але напрыканцы сакавіка адкрылася яшчэ адна лабараторыя, якая прымае біяматэрыял на даследаванне – у Магілёве. Сюды вязуць аналізы і з Віцебскай вобласці. Паводле інфармацыі «Беларусь-1», у адной такой лабараторыі могуць праводзіць больш за 200 тэстаў за содні.

Спецыялісты не рэкамендуюць правядзенне экспрэс-тэстаў на каронавірус, бо адзіная сістэма тэставання, прызнаная на сённяшні дзень САЗ, гэта ПЛР-тэсты (палімеразная ланцуговая рэакцыя). Нелабараторныя экспрэс-тэсты, якія ў асобных краінах можна набыць у аптэках, лічацца не самымі дакладнымі.

Прадстаўнік САЗ у Беларусі Батыр Бердыклычаў адзначыў у каментары TUT.by, што стандартнае даследаванне на наяўнасць каронавірусу трывае прыкладна 4 гадзіны, бо столькі часу як раз займае ПЛР-рэакцыя. Таму здаваць аналізы на каронавірус пажадана выключна ў лабараторыях.

Мінздароўя не называе кампанію з Кітаю, якая паставіць тэст-сістэмы. Раней у свеце з’яўляліся паведамленні, што кітайскія экспрэс-тэсты кампаніі Shengzhen Bioeasy Biotechnology аказаліся няякаснымі. Гэтак, Іспанія мусіла вярнуць 640 тысяч тэст-сітэмаў, бо яны мелі адчувальнасць толькі 30 % пры норме 80 % і часам проста «не бачылі» вірус. Таксама няякасныя тэсты атрымалі Нідэрланды і Бельгія. Украіна нядаўна набыла тэсты той жа кітайскай кампаніі, аднак, як патлумачылі ў адміністрацыі Кіева, гэта нібыта тэсты на антыгены, а дэфекты былі ў тэстаў на антыцелы.

Тым часам у ЗША кампанія Abbott Laboratories атрымала дазвол федэральных уладаў на продаж тэсту, які паказвае наяўнасць вірусу за 5 хвілін, піша Reuters. Для атрымання адмоўнага спатрэбіцца 13 хвілін. Кампанія плануе наладзіць вытворчасць да 50 тысяч адзінак штодзённа. У свабодны продаж яны яшчэ не паступалі.

Hавiны
«Сустракаемся, паціскаем рукі, абдымаемся». Лукашэнка распавёў, як паводзіць сябе падчас пандэміі
2020.03.28 09:54

«Давяраць можна тэстам з адчувальнасцю больш за 70 %»

Сітуацыю каментуе беларус Аляксей Носаў, які працуе лекарам у шпіталі Валенсіі. Паводле спецыялізацыі ён траўматолаг, але быў мабілізаваны для лекавання пацыентаў з ускладненнямі каронавірусу. Апошнія два дні ён сам знаходзіцца на каранціне, атрымаўшы станоўчы вынік тэсту на COVID-19.

Аляксей Носаў. Фота са старонкі ў Facebook

«Самае дзіўнае, што ў Іспаніі няякасныя тэсты набыла не нейкая фірма – гэта было зроблена на ўзроўні дзяржавы. У кітайскай кампаніі нават не было ліцэнзіі на дзейнасць, а эфектыўнасць саміх тэстаў складала ўсяго 20 %.

Давяраць можна тэстам з адчувальнасцю больш за 70 %. Экспрэс-тэстаў, якія б выклікалі давер, няма ў шырокім карыстанні. Таму тое, што набываюць у Кітаі, – лухта. Адзіныя прызнаныя тэсты – гэта саскрэб з насаглоткі. Назіранне за рэакцыяй займае каля 48 гадзін, бо трэба пабачыць рост вірусу», – кажа Аляксей.

Паводле медыка, у яго ўзялі мазок у нядзелю, а пра вынік паведамілі раніцай у аўторак. Паколькі ў яго хвароба працякае ў лёгкай форме (асноўны сімптом – страта нюху), Аляксея адправілі дадому на каранцін.

Hавiны
У Іспаніі вайскоўцы выяўляюць дзясяткі памерлых ад каронавірусу ў дамах састарэлых
2020.03.25 08:47

«Працэдура не самая прыемная і выглядае наступным чынам: запіхваюць у горла палачку, у некалькі разоў большую за вушную, праводзяць шарыкам пару разоў, а потым такую ж палачку – у кожную ноздру сантыметраў на дзесяць. Аналіз крыві і мачы таксама бяруць, каб выявіць магчымае запаленне, ускладненні.

Лекаў ад вірусу насамрэч не існуе, а ў тэрапіі пнеўманіі выкарыстоўваць найбольш моцныя антыбіётыкі: комплекс азітраміцыну і гідроксіхларахін. Гэта важна пачаць пры прыкметах пнеўманіі адразу пасля шпіталізацыі і да атрымання вынікаў тэсту», – тлумачыць лекар.

Сам ён падазрае, што заразіўся не на працы, а ад уласных дзяцей, якія пэўны час пасля ўспышкі вірусу ў рэгіёне яшчэ хадзілі ў школу. На думку валенсійскага лекара, у Беларусі павінны больш адказна паставіцца да пандэміі.

«Калі і далей усё будзе выглядаць гэтак жа – палыхне агнём. Бо людзі працягвалі ўвесь час стасавацца, выходзілі без масак. Інкубацыйны перыяд прайшоў і зараз наваліцца хваля. Адзіны спосаб папярэдзіць яе – выключыць паніку і ўключыць галаву, пільна выконваць усе меры бяспекі. Калі апранаеш маску – то абараняеш іншых. Атрымліваецца, ты абараняеш, а чалавек, які сродкамі абароны не карыстаецца – не абараняе цябе», – дадае медык.

Hавiны
Мінздароўя агучыла новыя лічбы па каронавірусе
2020.03.30 15:07

КА Belsat.eu

Стужка навінаў