Як гомельцы падтрымалі Грэту Тунбэрг


Актывісты аб’яднання «ВелаГомель» распачалі фотапраект з гэштэгам #IamGreta. Яны здымаюцца ў супрацьгазах на фоне сметніц ці закінутых канструкцыяў. Да здымкаў удзельнікі дадаюць свае каментары, чаму яны падтрымліваюць Грэту Тунбэрг, і выказваюць салідарнасць са шведскай экаактывісткаю.

У межах фотапраекту салідарнасці гомельскія велалэдзі паўтарылі тры знакамітыя фотаздымкі Грэты Тунбэрг – у часопісах GQ, Time і падчас кліматычнага страйку.«Гэты фотапраект хутчэй пра душэўную экалогію, – кажа адная з удзельніц Святлана Кароль. – Бо падлетак зазнала хвалю гэйтарства ў сувязі са сваймі ментальнымі асаблівасцямі ды актывізмам. З гледзішча апошняга я асабіста захапляюся гэтаю дзеўчынай. Яна экаактывістка, ейны голас загучаў з высокіх трыбунаў, яна прыцягнула ўвагу ўсяго свету да праблемаў экалогіі».

Вікторыя і Віталь Бабічавы, якія ўзялі ўдзел у фотапраекце, заклікалі звярнуць увагу на экалагічныя праблемы і пачаць іх развязваць з сябе: адмовіцца ад залішняга спажывецтва, пластыкавых пакункаў, ежы жывёльнага паходжання.

«Нашая сям’я спрабуе прытрымлівацца разумнага спажывання, – кажа Вікторыя ў каментары да фота. – Мы ўсталявалі фільтры для вады, адмовіліся ад бутэляванай вады, у цёплы час года асноўны транспарт для нас – ровар, сартуем смецце, прытрымліваемся этычнага харчавання. Дзякуючы Грэце, ейнаму прыкладу, я часцей стала думаць пра «патрэбныя рэчы» для камфортнага жыцця. У маіх звычках ёсць шмат чаго, што трэба змяніць. Змены перадусім трэба пачынаць з сябе».

Тых, хто таксама хоча выказаць салідарнасць з Грэтаю Тунбэрг, ініцыятары заклікаюць падтрымаць фотапраект. Для гэтага трэба звяртацца да фатографа аб’яднання з гэштэгам #IamGgreta.

Ларыса Шчыракова, фота Сяргея Лысенкі belsat.eu

Стужка навінаў