Як беларусы замежжа перажываюць сітуацыю з каронавірусам?


Каронавірус працягвае заставацца галоўнай навіной у свеце. Краіны – суседкі Беларусі закрываюць межы. У Беларусі каранцін пакуль не ўведзены. Як беларусы, якія жывуць за мяжой, рэагуюць на каронавірус і навіны, звязаныя з ім?

Жанчына ў масцы ў Венецыі.
Фота: MANUEL SILVESTRI / Reuters / Forum

Хрысціна (імя змененае на просьбу гераіні), жыве ў Лондане

Паводле афіцыйных дадзеных у Вялікай Брытаніі 590 чалавек хварэюць на каронавірус, неафіцыйна мяркуецца, што колькасць у 20 разоў больш – 10 тыс. Цяжка сказаць, як гэта адбіваецца на жыцці. Дакладна стала менш людзей на вуліцах. І дзякуй богу! (смяецца). А так – цягнікі ходзяць, школы працуюць. У маім універсітэце ў аднаго са студэнтаў, які жыве ў інтэрнаце, знайшлі каронавірус. І нават тады каранцін не абвясцілі, ён і ўсе, хто з ім кантактаваў, самаізаляваліся.

Усіх заахвочваюць працаваць з дому. Я так зрабіць не магу, таму езджу кожны дзень на працу. Магчыма, з наступнага тыдня ўсім скажуць, што варта перайсці на хатні офіс.

Hавiны
Уведзена становішча «эпідэміялагічнай пагрозы». Польшча закрывае межы для іншаземцаў
2020.03.13 20:58

Значна меней стала турыстаў, што вельмі прыемна. Нават у метро амаль заўсёды можна прысесці! Людзі шмат гавораць пра каронавірус. Але не было аніякіх афіцыйных абвестак ад ураду. Напрыклад, у Ірландыі закрылі ўсе школы на каранцін, і яны разумеюць, што лепей сядзець у хаце. Я выйшла з працы сёння і ўбачыла сотні людзей, якія сядзяць у барах ці побач і п’юць піва.

У крамах усё скупаюць: бакалею, туалетную паперу, кашы хуткага прыгатавання. Мне такі падыход незразумелы.

Падаецца, што ўся паніка ў медыях. Нібыта яны самі раздулі паніку, калі можна было проста даваць адэкватныя парады, што можна і не можна рабіць. Напрыклад, пісаць пра мыццё рук, кантакты з іншымі людзьмі. А зараз, калі ўсё прыняла сапраўды жорсткі абарот, гуляюць на кантрастах.

Hавiны
«У вас 37.9 – не пусцім»: на польскай мяжы ва ўсіх правяраюць тэмпературу
2020.03.14 13:34

Іван Малібошка, жыве ў П’ячэнца на поўначы Італіі

Паніка была два тыдні таму, і калі толькі пачаўся каранцін. Вось тады закупаліся прадуктамі як вар’яты. Але зараз усё ў парадку. Усе прадукты, лекі без праблем прадаюцца ў любой краме. Маладыя італійцы нават дапамагаюць людзям сталага веку: прапаноўваюць бясплатна схадзіць у краму, каб тыя не выходзілі з хаты.

Рэагуюць па-рознаму. Былі і такія, хто круцілі насамі і казалі: «Ерунда гэты ваш каронавірус!». Але праблема не ў самім захворванні, а ў тым, што для ўсіх хворых месцаў не хапае, бракуе апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх. Таму мы і мусім знаходзіцца ў хаце: каб не перадаваць вірус, не трапіць у шпіталь і, як след, каб усім хапіла месцаў.

Іван Малібошка.
Фота: уласны архіў

Зараз мы чакаем пастаўкі апаратаў для штучнай вентыляцыі лёгкіх з Кітаю, бо там ужо пік эпідэміі пайшоў на спад, і дзякуй богу. А Італіі жыццёва неабходныя гэтыя апараты. Я вельмі ўдзячны дактарам. Яны працуюць не пакладаючы рук тры тыдні, не спяць, мала ядуць, носяць маскі…

Я працую настаўнікам музыкі, вучу людзей граць на фартэпіяна і зараз выкладаю онлайн, выходжу толькі да месца, дзе ёсць інструмент. З сабой у мяне мусіць быць спецыяльны дакумент: навошта я выйшаў з хаты, куды, калі вярнуся. Выходзіць увогуле можна толькі на працу, у аптэку, шпіталь, ці каб пакінуць Італію. Перасоўвацца па П’ячэнцы і ўвогуле паміж гарадамі – забаронена. Інакш – штраф 206 еўра, потым могуць нават у турму пасадзіць.

Hавiны
+5500 хворых на каронавірус. Італія даганяе Кітай
2020.03.14 07:13

Але ёсць і бонусы. За камуналку падчас каранціну мы мусім заплаціць толькі напачатку чэрвеня ці нават ліпеня. Відэасэрвіс Amazon Video Prime даў бясплатную падпіску на тры месяцы. Мая трэнажорка дала падпіску на воркауты-онлайн. А потым, пасля каранціну, можна будзе месяц займацца бясплатна.

Стужкі навінаў гудзяць інфармацыяй аб каронавірусе. Зразумела, што эканоміка Італіі руйнуецца. Яна і так была вельмі слабая, а зараз з-за адсутнасці турыстаў ёсць верагоднасць, што ўсё проста рухне.

ВІДЭА
Што будзе далей з каронавірусам?
2020.03.13 20:48

Кацярына Матрунчык, жыве ў Хайфе, Ізраіль

У мяне такое адчуванне, што ўсе вельмі стаміліся ад выпрабаванняў, якія зваліліся на ізраільцянаў. У нас ужо трэція выбары запар, адчуванне, што палітыкі проста самасцвярджаюцца за наш кошт: ураду няма ўжо год, аніхто не можа дамовіцца паміж сабой. А тут яшчэ і гэты каронавірус, які вельмі палохае людзей. Скупаюць літаральна ўсе прадукты першай неабходнасці.

Я працую ў бары, і даўно не бачыла яго пустым на пачатку змены. Маладыя сем’і не хочуць выходзіць нікуды, сталыя людзі не жадаюць рызыкаваць здароўем. Але з 10 гадзінаў вечару ў бары ўжо шмат моладзі, якая абмяркоўвае, што каронавірус – праблема, якую раздулі СМІ і сацыяльныя сеткі. Абмяркоўваюць, што ад грыпу таксама паміраюць тысячы чалавек, але аніхто не звяртае на гэта ўвагі. Кажуць, што чуткі аб падзенні коштаў на нафту ці курсаў валюты звязаныя з хваробамі, і камусьці гэта на руку.

Кацярына Матрунчык.
Фота: уласны архіў

Атмасфера панурая. Усе, хто вярнуўся з іншых краінаў, сядзяць на каранціне. У нас зараз не хапае супрацоўнікаў.

Мае сябры вярнуліся з Вены, і не выходзяць зараз з хаты. Просяць сяброў купіць ім ежы ды выкінуць смецце. У транспарце ўсё болей людзей у масках. Асабіста я нядаўна была ў мясцовым шпіталі хуткай дапамогі, дык першае, што ў мяне запыталі – гэта сімптомы каронавірусу.

У пятніцу стала вядома, што ўсе школы і ўніверсітэты зачыняюцца да 15 красавіка. Дзеці радуюцца: школу адмянілі.

У нас увялі закон: нельга праводзіць імпрэзы, на якіх можа быць больш за 100 чалавек. Некаторыя кампаніі пераводзяць супрацоўнікаў на неаплочваемы адпачынак.

«Ад суботы мы ўсе зачыненыя на каранцін. Працуюць толькі транспарт, прадуктовыя крамы і шпіталі. Усё астатняе не працуе: бары, гандлёвыя цэнтры, кінатэатры. Усе ў шоку. Ізраільцянам добра, бо ў іх ёсць мама і тата, да якіх можна паехаць жыць. А дзе рэпатрыянтам браць грошы на рахункі? Я ад заўтра ўжо не працую», – кажа Кацярына Матрунчык.

Людміла Трэбунскіх, жыве ў Салоніках, Грэцыя

З серады ў Грэцыі быў абвешчаны каранцін у дзіцячых садках, школах, секцыях. А ўжо з вечара пятніцы Міністэрства адукацыі ўнесла карэктывы, і з сёння [14 сакавіка. – Belsat.eu] працуюць толькі супермаркеты, аптэкі і пякарні, а кавярні ды рэстарацыі – толькі на дастаўку. Усё астатняе мусіць быць зачынена. Краіна пакуль што не абмежавала ані ўезд, ані выезд. Будзем назіраць, што будзе з панядзелку. Але, улічваючы сітуацыю і досвед Італіі, хутчэй за ўсё зробяць такія захады.

Людміла Трэбунскіх.
Фота: уласны архіў

Тыя, хто маюць магчымасць працаваць на далечыні, працуюць з хаты. Для той сітуацыі, у якой знаходзіцца грэчаская эканоміка, удар неверагодны. Не ведаю, адкуль грошы будуць браць, каб выплаціць тым, хто зараз на каранціне.

На вуліцах ды ў крамах панікі не назіраю. У ціхіх раёнах бабулі і дзядулі жывуць сваім жыццём, спакойна купаюцца на моры.

Нам далі дакладныя медычныя інструкцыі, іх можна знайсці ў інтэрнэце, каб любы жадаючы мог прачытаць. У першую чаргу ўсім раяць ісці на прыём да свайго тэрапеўта. Таксама ёсць магчымасць прайсці бясплатнае тэставанне на каронавірус, па ўсёй Грэцыі 16 такіх шпіталяў. У прыватных лабараторыях тэст будзе каштаваць ад 120 да 300 еўра.

Людміла Трэбунскіх.
Фота: уласны архіў

Мой муж працуе ў галіне транспартных паслугаў і працягвае працаваць у звычайным рэжыме. Сіндыкат, дзе ён працуе, сёння праводзіў дэзынфекцыю ўсіх машынаў.

Для мяне асабіста гэтая сітуацыя ўжо даўно не пра вірус, а пра зусім іншыя рэчы. Яна вельмі дакладна паказала, як лёгка кіраваць людзьмі са страхам смерці. Я за здаровы сэнс, прыняцце адэкватных вырашэнняў. Каб жыць і думаць аб жыцці. Я за такія рэчы. Вельмі не люблю панікёраў, якія спрабуюць сеяць паніку ці зарабляюць на гэтым. Пазбавіць чалавека волі – гэта самае страшнае, што можа адбыцца. І гэта зараз спрабуюць зрабіць.

Hавiны
WHO: Еўропа стала эпіцэнтрам пандэміі каронавіруса
2020.03.13 20:30

Арцём Каранкевіч, жыве ў Сарасоце, Фларыда

У ЗША ўсе гавораць і думаюць пра каронавірус. Каранціна няма, але шмат хто працуе дыстанцыйна. Многія панікуюць. У крамах людзі купляюць ваду, нават бʼюцца з-за туалетнай паперы ў гіпермаркетах. У гэтым годзе ў ЗША будуць прэзідэнцкія выбары, і каронавірус – шанец для кожнага з кандыдатаў паказаць сябе. Таму хвароба становіцца вельмі палітызаванай. Напрыклад, людзі даведаліся, што Трамп звольніў пару гадоў таму групу даследчыкаў пандэміі і скараціў фінансаванне.

Цяжка сказаць, ці стала менш людзей на вуліцах – я жыву ў маленькім горадзе, дзе ўсе на машынах ездзяць. Больш за ўсё наганяюць паніку медыі. Але і людзі стараюцца. У нас у ва Флорыдзе быў забаўны выпадак. Мужчына, які выглядаў як азіят, хацеў абрабаваць краму. Ён сказаў, што калі яму не дадуць грошы, то ён будзе чхаць на касіраў.

Арцём Каранкевіч.
Фота: уласны архіў

Але галоўны выклік – гэта медыцына. У ЗША сапраўды асаблівая сітуацыя з аховай здароўя: яна не бясплатная, таму шмат хто баіцца рабіць тэсты. Бо потым можа быць каранцін і, як след, вялізныя рахункі. Таму хворых можа быць значна болей, проста мы пра іх не ведаем.

Страхавыя фірмы не ведаюць, што рабіць з хворымі, як арганізоўваць выплаты. Мая сяброўка захварэла зараз на нібыта прастуду. Мы ёй кажам праверыцца, але яна не хоча. Бо гэта можа быць вельмі дорага [Дональд Трамп падпісаў загад, каб тэсты на каронавірус былі бясплатныя. –Belsat.eu].

Арцём Каранкевіч.
Фота: уласны архіў

Я асабіста не ведаю, што мне рабіць. Я вучуся і жыву за кошт стыпендыі, якая пакрывае толькі харчаванне і навучанне. Кампус – гэта адзінае месца, дзе я магу дазволіць сабе жыць і харчавацца. Ляцець у Беларусь – не варыянт, бо ў любы момант Амерыка ці Беларусь могуць зачыніць межы. Квіткі цяжка купіць, асабліва калі ты студэнт і маеш толькі стыпендыю.

Але зараз універсітэт на каранціне, кампус зачыняюць праз 10 дзён і я не ведаю, дзе мне жыць і як. Я вучуся на спецыяльнасці «анімаваны дызайн», мой ноўтбук нават не пацягне патрэбныя праграмы. Таму навучанне онлайн для мяне не варыянт. Зараз я абсалютна не ведаю, што я буду рабіць ужо праз 10 дзён, калі трэба будзе выселіцца з пакоя.

Ксенія Тарасевіч Belsat.eu

Стужка навінаў