Выкладчыца, каратыст ды інжынер ідуць у дэпутаты ў Магілёве. Навошта ім гэта?


Магілёўскія акруговыя камісіі пачалі рэгістраваць кандыдатаў у дэпутаты. Сярод шчасліўчыкаў, якія ўжо атрымалі пасведчанні аб рэгістрацыі, і героі нашай публікацыі. Надзея, Сяргей і Таццяна пагадзіліся шчыра распавесці, з якімі думкамі яны ідуць на выбары ў Палату прадстаўнікоў сёмага склікання.

Інжынер, каратыст і выкладчыца ідуць у дэпутаты ў Магілёве.
Фота: Belsat.eu

Усе тры кандыдаты вылучаюцца па цэнтральнай магілёўскай акрузе № 85. Ёсць яшчэ адзін агульны складнік – усе яны «альтэрнатыўныя» кандыдаты, то бок за імі не стаіць ніякая дзяржаўная ўстанова.

Не дзядзі 50-60-ці гадоў павінны вырашаць, як нам жыць, а мы самі

Надзея Салаўёва – выкладчыца і заснавальніца курсаў «Ангельскі за 80 дзён». Адна з тых, хто запачаткаваў беларускамоўнае навучанне ў школах Магілёва – дачка Надзеі Ялінка доўгі час была адзінай вучаніцай у класе з беларускай мовай навучання. Спосаб вылучэння Надзеі – ад партыі БНФ.

Надзея Салаўёва займаецца выкладаннем ангельскай мовы.
Фота: Belsat.eu

«Навошта іду ў дэпутаты? Па-першае, каб паказаць прыклад маладым, разумным і адукаваным людзям, што не дзядзі 50-60-ці гадоў павінны вырашаць, як нам жыць, а мы самі. Я хачу натхніць маладых людзей заняцца палітыкай і абараніць сваю чалавечую годнасць ад прыніжэнняў з боку дзеючай улады.

Раней я не высоўвала сваю кандыдатуру на выбарах, а цяпер вырашыла пайсці, бо не магу больш трываць, надакучыла жыць у «саўку». Да таго, якасць жыцця ў Беларусі заўважна ўпала, шмат людзей не з’язджае, а проста бяжыць з краіны. Мне не падабаецца, што павялічылася пагроза страты незалежнасці краіны».

Галоўныя складнікі праграмы Надзеі – нацыянальная бяспека, адукацыя і беларусізацыя.

Галоўныя складнікі праграмы Надзеі Салаўёвай: нацыянальная бяспека, адукацыя і беларусізацыя.
Фота: Belsat.eu

«Нацыянальная бяспека – каб людзі адчулі, што, калі Расея возьме Беларусь у сферу свайго ўплыву юрыдычна, эканамічна і тэрытарыяльна, то кожны пазбавіцца свайго дому. Прапаганда расейскіх каналаў прамывае мозг. Уратавацца ад гэтага можна толькі прасоўваючы беларускую мову і культуру, а таксама праз адукацыю. Сучасная беларуская адукацыя не адпавядае выклікам часу. Сутнасць і спосабы павінны быць зменены. Зараз адукацыйныя ўстановы рыхтуюць рабоў і абслугоўваючы персанал сістэмы. А мы павінны гадаваць асобу ў поўным сэнсе гэтага слова. Я хачу данесці гэта да ўсіх беларусаў. Калі мае думкі прымусяць кагосьці задумацца – ужо добра».

Hавiны
Канапацкую і Анісім не зарэгістравалі ў якасці кандыдатак. Ларысу Жыгар з «Маці 328» – так
2019.10.17 17:36

«Трэба праз сацыяльныя сеткі распавядаць пра выбары»

Сяргей Тышкавец – дырэктар аздараўляльна-спартовай установы «Школа здароўя», кіраўнік клубу каратэ «Саторы до». Ён вылучаўся шляхам збору подпісаў.

«Я – чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Мяркую, што жаданне актыўна дзейнічаць у мяне з’явілася дзякуючы баявым мастацтвам, адна з мэтаў якіх – абарона слабых, не здольных за сябе пастаяць. Я бачу шмат праблем у нашай дзяржаве і свеце і ў мяне ўзнікае жаданне іх выправіць».

Сяргей Тышкавец ідзе на выбары ў якасці кандыдата ўпершыню.
Фота: Belsat.eu

Сяргей прызнае, што за 4 гады працы дэпутатам не так ужо лёгка выправіць хібы, але абяцае пастарацца. Для яго гэта першая спроба вылучыцца ў дэпутаты. Што змусіла яго пайсці па гэтаму няпростаму шляху менавіта цяпер?

«У апошнія 5 гадоў жыцця ў мяне зʼявілася шмат энергіі. З кожным годам яе становіцца больш, як па спіралі. Я валанцёр розных арганізацыяй – напрыклад, Цэнтру гарадскіх ініцыятываў, пошукава-выратавальнага атраду «Анёл», міжнароднага грамадскага руху «АллатРа» і іншых. Я палюбіў усё тое, што робіць нашае жыццё лепш. Гэта досвед дае мне ўпэўненасць, што і з гэтым можа атрымацца».

Калі Сяргей стане дэпутатам, ён абяцае заняцца ўнясеннем зменаў у закон аб «дарожным падатку» – адвязаць падатак ад тэхагляду і ўвесці магчымасць плаціць памесячна.

Кандыдат у дэпутаты ў Магілёве Сяргей Тышкавец вылучаўся шляхам збору подпісаў.
Фота: Belsat.eu

«Я сам кіроўца і выдатна разумею тых, хто ездзіць не круглы год. Далёка ісці не трэба, у мяне бацька мала ездзіць на аўто. Чаму ён павінен плаціць за ўвесь год? І такіх людзей шмат. Іншае пытанне – чаму падатак прывязаны да тэхагляду? Я разумею, што так прасцей спаганяць з людзей грошы. Неабходна ствараць у дзяржаве такія ўмовы, каб чалавек сам быў зацікаўлены плаціць падатак і праходзіць тэхагляд. Гэта магчыма ў сітуацыі, калі чалавек будзе ведаць, што яго грошы пайшлі на рамонт тых жа дарог. Важна фармаваць у людзей адказнасць за сябе і грамадства, а не прымушаць плаціць падаткі праз страх атрымаць штраф».

Hавiны
Колькі кандыдатаў партыі вылучылі ў Палату прадстаўнікоў? Усе лічбы
2019.10.02 14:35

Кандыдатура Сяргея Тышкаўца асабліва цікавая на фоне іншых тым, што Сяргею ўдалося сабраць 1120 подпісаў за сваё вылучэнне. Пры гэтым калектыву школы ці заводу ў Сяргея ў падначаленні не было, а гэта значыць, што яму прыйшлося збіраць гэтыя подпісы доўга і карпатліва.

«Некаторыя людзі не давалі свой пашпарт з-за страху, што яны не таму могуць аддаць голас, потым іх звольняць з працы і ім няма чаго будзе есці. На жаль, прысутнічаюць і страх, і слабая інфармаванасць, што падтрымаць подпісам чалавек можа хоць усіх кандыдатаў. У большасці выпадкаў страх выкліканы прабелам у ведах. Трэба праз сацыяльныя сеткі распавядаць пра выбары, як яны праходзяць, што законна, а што – не».

Hавiны
Усё будзе паўпразрыста. Колькі беларусы заплацяць за новыя скрыні для галасавання?
2019.10.13 15:19

«Кожны можа прасачыць, як ідзе падлік галасоў»

Таццяна Сівачэнка – інжынер па адукацыі, працуе намеснікам дырэктара па навуковай працы на прадпрыемстве «Прамысловыя тэхналогіі і комплексы». Скончыла аспірантуру Белгарадскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэту імя Шухава, выдала кнігу аб энергаэфектыўнасці. Спосаб вылучэння – ад Абʼяднанай грамадзянскай партыі.

Таццяна Сівачэнка: «Я хачу, каб «Беларусь – краіна для жыцця» гучала ня саркастычна, а было праўдай».
Фота: Belsat.eu

«Я была ўпэўненая, што мае ідэі і веды па эфектыўнай вытворчасці будуць запатрабаваныя ў Беларусі. Але – не. Тады, каб садзейнічаць развіццю краіны, я стварыла сваю справу – канструктарскае бюро. Мае навуковыя распрацоўкі па энергабяспецы ўжо ўжываюцца ў Казахстане, але не ў Беларусі. Як высветлілася, беларускім уладам ініцыятыва не патрэбная. У нас прымаць рашэнні прызначаюць не ініцыятыўных, а паслухмяных кіраўнікоў. А яны не ўмеюць ствараць новае. Я зразумела, што сістэму трэба мяняць, і вырашыла пайсці ў палітыку».

Hавiны
Фіктыўная палітыка: як працуюць праўладныя партыі-прывіды
2019.10.05 10:10

Таццяна ўдзельнічае ў выбарах у якасці кандыдата ўжо другі раз. Першы раз яна вылучалася ў 2018 годзе ў Абласны савет дэпутатаў.

«Я, канешне, заўсёды ведала, што нашыя галасы ніхто не лічыць, але, калі ты сам апынаешся ўнутры ўсіх гэтых падзеяў, то перажываеш усё па-іншаму, настолькі тонка адчуваеш гэтую несправядлівасць. Пасля выбараў я ўсвядоміла значна ярчэй, што іду ў правільным кірунку, гэта быў нібы штуршок працягваць справу».

Кандыдат у дэпутаты Таццяна Сівачэнка займаецца тэмамі тэхналагічнага развіцця і экалагічная бяспецы рэгіёна.
Фота: Belsat.eu

Як зрабіць выбары больш дэмакратычнымі? На гэтае пытанне Таццяна дакладнага адказу даць не можа. Але яна ўпэўнена, што кожны чалавек можа неяк паўплываць: галоўнае не быць абыякавым і не стаяць з краю.

«Кожны чалавек можа стаць назіральнікам на выбарах і на ўласныя вочы ўбачыць сітуацыю. Не бойцеся прыйсці на ўчастак для галасавання – у выбарчых камісіях сядзяць не іншапланецяне, там нашыя з вамі суседзі, знаёмыя, настаўнікі нашых дзяцей. Кожны можа прасачыць, як ідзе падлік галасоў і ў выпадку парушэння выбарчага працэсу нагадаць членам камісіі заканадаўства. Магчыма, калі на кожны ўчастак мы будзем прыходзіць як у кінатэатр, чалавек так па 100, то і зможам змяніць сітуацыю».

Аб’ектыў
Беларусы распавялі, ці лічаць выбары святам
2019.10.15 23:14

Праграма ў Таццяны датычыцца тэхналагічнага развіцця вобласці: «Я ўжо даўно займаюся распрацоўкай энергатэхналагічнага абсталявання і хачу, каб усе мае навыкі, уменні і распрацоўкі працавалі не толькі за межамі Беларусі. Таксама мяне хвалюе тэма экалагічнай бяспецы Магілёва. Гэта набалелая тэма для большасці беларусаў у сувязі з паўсямесным будаўніцтвам небяспечных вытворчасцяў».

Вольга Васільева, фота аўтара Belsat.eu

Стужка навінаў