«Усё стаіць мёртва». На заходняй мяжы – кіламетровыя чэргі фураў


Чарга на беларуска-польскай мяжы. Фота belsat.eu

У сувязі з актыўным распаўсюдам каронавіруса Польшча 15 сакавіка закрыла межы для іншаземцаў. Выключэнне зрабілі толькі для кіроўцаў фураў. Аднак у першы ж дзень на беларуска-польскай мяжы ў прапускным пункце «Брузгі» сабралася шматкіламетровая чарга з цяжкагрузаў. Карэспандэнт Belsat.eu паразмаўляў з кіроўцамі, якія чакаюць магчымасці ўехаць у Польшчу.

«Адно прасоўванне за тры гадзіны»

У першы ж дзень абмежавання ўезду ў Польшчу на беларуска-польскай мяжы ў прапускным пункце «Брузгі» не было ніводнага легкавога аўтамабіля ці аўтобуса. Чарга з фураў яшчэ з раніцы была зусім невялікая, аднак бліжэй абеду расцягнулася амаль на 10 кіламетраў. Кіроўцы збіваюцца ў групкі, абмяркоўваюць сітуацыю і спрабуюць звязацца з калегамі «па той бок», каб хоць нешта дазнацца аб затрымках на мяжы.

«Уяўлення не маем, проста стаім з раніцы, адно прасоўванне за тры гадзіны, і ўсё стаіць мёртва!» – выказваецца адзін з кіроўцаў. «Даўно такога не было!» – абураецца ягоны калега.

Hавiны
Вакзалы прадаюць апошнія аўтобусныя білеты ў Літву і Украіну. Рэйсы ў Польшчу і Латвію адмененыя
2020.03.15 16:07

Хтосьці з фуршчыкаў змог звязацца з кіроўцам, які мінуў мяжу, і перадае словы сваёй групцы: на польскай мяжы вельмі скрупулёзна правяраюць фуршчыкаў, мераюць тэмпературу, апрацоўваюць цяжкавік. З боку Польшчы таксама сабралася чарга з грузавых аўтамабіляў, расцягнулася больш за 10 кіламетраў.

Кантроль на польска-чэшскай мяжы. Кіроўцу фуры мераюць тэмпературу.
Фота: Irek Dorozanski / Forum

Кіроўцы пакідаюць фуры і едуць на таксі ў горад

Больш за ўсё кіроўцаў пужае перспектыва завязнуць у чарзе на некалькі дзён. Побач ёсць некалькі бензастанцыяў – адзіны паратунак для кіроўцаў: «Паесці ёсць з сабою трошкі, на пару дзён хопіць, а так купіць нешта або ў туалет – на запраўку», – кажа адзін з кіроўцаў. Сітуацыя стала праблемай для іншагародніх фуршчыкаў, якіх даволі шмат, гарадзенцы ж зусім не пераймаюцца: «Ды я туды не паеду, я лепш у Горадню вярнуся, чаго я буду там сядзець? Я лепш дома пасяджу!» – кажа адзін фуршчык. «Няхай да заўтра фура стаіць, заўтра прыедзем, будзем паўторна браць, калі не заўтра, дык паслязаўтра», – дадае другі. Яшчэ па абедзе некалькі кіроўцаў папросту пакінулі свае фуры ў чарзе, выклікалі таксі і з’ехалі дамоў, папярэдзіўшы пра сітуацыю на мяжы сваё начальства.

На польска-літоўскай мяжы.
Фота: Michal Kosc / Forum

З Італіі – адразу на каранцін

Некалькі разоў за гадзіну можна ўбачыць фуры, якія рухаюцца ў кірунку Горадні з боку Польшчы. Спыніўшыся, кіроўца распавядае: «Нашыя нас моцна не правяралі, пыталі адкуль мы едзем. Самае галоўнае, каб не з Італіі ехалі. Мы ехалі з Галандыі, і вялікага кантролю не было. Калі б быў з Італіі, то адразу ў каранцін». З размоваў ля мяжы робіцца зразумела, што падчас выезду з Беларусі ніякай праверкі на каронавірус няма. Гэтым займаецца выключна польскі бок. Калі ж кіроўца ўязджае ў Беларусь, у яго папросту мераюць тэмпературу і пытаюцца, з якой краіны вяртаецца. Фуршчыкі ж каронавірус падхапіць не баяцца – працаваць трэба.

Услед за Польшчаю з 16 сакавіка на 10 дзён закрывае межы і Літва. Ужо пад вечар да беларуска-літоўскага пункту пропуску «Прывалка» ўтварылася аналагічная чарга з фураў.

Хто, акрамя фуршчыкаў, мае права мінаць польскую і літоўскую мяжу?На гэты момант уехаць у Польшчу ці Літву могуць грамадзяне гэтых краінаў, муж, жонка і дзеці грамадзянаў гэтых краінаў, дыпламаты, уладальнікі сталага віду на жыхарства ў Літве ці Польшчы. Па мінанні мяжы палякі і літоўцы мусяць здаць аналізы ды прайсці 14-дзённы каранцін. У Беларусі ж пакуль ніякіх надзвычайных захадаў не прымаюць.

Абноўлена
«По соображению карантина». Расея закрывае мяжу з Беларуссю
2020.03.16 00:38

АК, Belsat.eu

Стужка навінаў