«У парламенце бачу сябе стопудова». Стас Шашок пра выбары, «Legalize» і фэйкавыя акаўнты МУС


Стас Шашок. Фота Ірына Арахоўская

«Я ў актывізме ўсё жыццё», – кажа Станіслаў Шашок. У 2006 годзе дзіцём ён расклейваў улёткі за Мілінкевіча, у 15 гадоў упершыню трапіў у аўтазак, скончыў юрфак БДУ, працаваў назіральнікам на некалькіх выбарах. Сёлета 24-гадовы Шашок балатаваўся на дэпутацтва ў Палату прадстаўнікоў, аднак улады не прапусцілі ніводнага апазіцыйнага кандыдата. Belsat.eu пагутарыў са Стасам пра апазіцыю і радыкалізм, ціск сілавікоў і ягоныя амбіцыі.

Аб’яднанне актывістаў Моладзевы блок з’явілася гэтаю восенню. Актывісты Задзіночання беларускіх студэнтаў, кампаніяў «Legalize Belarus» і «Вучоба важнейшая» выступілі з патрабаваннямі адмяніць прымусовае размеркаванне студэнтаў, дэкрыміналізаваць артыкул 328 Крымінальнага кодэксу і змяніць правілы адтэрмінавання ад службы ў войску. Васьмёра чалавек з Моладзевага блоку балатаваліся ў сваіх акругах паводле спісаў БСДП (Г), аднаго пазбавілі рэгістрацыі. Шашок ішоў у дэпутаты ад Паўднёва-Заходняй акругі № 99.

У асноўны дзень галасавання, 17 лістапада, Стас разам з даверанай асобай, актывістам Пятром Маркелавым, на адным з участкаў запатрабавалі пералічыць галасы. У выніку абодва аказаліся ў РАУСе. Маркелаву інкрымінавалі дробнае хуліганства. А 19 лістапада выклікалі ў міліцыю і былога кандыдата на дэпутацтва.

Запыт з ГУБАЗіК у міліцыю быў сфармаваны яшчэ 6 лістапада

– Я атрымаў выклік у пастарунак, бо на мяне прыйшла папера з ГУБАЗіК (Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй). На маёй старонцы «УКантакце» ёсць відэаролік «Станаўленне Гітлера як аратара» – гэта 15-хвілінны фрагмент з сусветнавядомага фільму «Узыходжанне дʼябла». У роліку тлумачылася, якія прыёмы падчас прамоваў выкарыстоўваў Гітлер. Цяпер супраць мяне праз гэтае відэа хочуць распачаць справу паводле 17.10 КаАП («Распаўсюд нацысцкай сімволікі»). Ну, я падумаў, што нічога не губляю, калі напішу ў міліцыі тлумачэнне, і напісаў, маўляў, проста нарэзка кадраў з фільму.

– З чым вы звязваеце ўзмацненне ціску?

– Натуральна, з маім удзелам у выбарах і грамадскай актыўнасцю ў межах кампаніі «Legalize Belarus». Дарэчы, запыт з ГУБАЗіК у міліцыю быў сфармаваны яшчэ 6 лістапада – адразу пасля таго, як ім не спадабалася акцыя «Канапляныя Дзяды». Я разумею, што яны супраць самой кампаніі для дэкрыміналізацыі артыкулу 328, аднак гэтая дзейнасць ну ніяк не падпадае пад экстрэмізм і нацызм! Таксама работнікі ГУБАЗ пішуць мне з фэйкавых акаўнтаў у сацсетках, я ўпэўнены, што гэта яны: вельмі лёгка зразумець з метадаў і стылю.

2 красавіка 2018 года. Акцыя за дэкрыміналізацыю лёгкіх наркотыкаў у Менску. Фота – Ірына Арахоўская / Белсат

– Чаму вам стала блізкая тэма дэкрыміналізацыі наркатычнага артыкулу?

– Я лічу артыкул 328 адною з самых значных праблемаў у Беларусі, бо спажыўцоў, якія не наносяць ніякай шкоды іншым людзям, караюць вялізарнымі тэрмінамі. Што можа быць больш каштоўным за свабоду чалавека? Хіба толькі жыццё. Але маім аднагодкам ламаюць жыцці. За тое, што хтосьці перадаў «касяк», яны атрымліваюць па 8 гадоў за кратамі. Дэкрыміналізацыя некаторых частак артыкулу ды ўвядзенне панятку «значная і нязначная колькасць рэчыва» дазволіла б падзяліць выразна спажыўцоў і сапраўдных распаўсюднікаў.

– Чаму пастанавілі ўзяць удзел у выбарчай кампаніі?

– Бо гэта добры інструмент, наймацнейшы інструмент уплыву на нашую дзяржаву і грамадства. На пачатку кампаніі мы аб’ядналіся ў Моладзевы блок, узнялі адразу некалькі моладзевых праблемаў, выйшлі на больш сурʼёзны ўзровень…

– Але ці вы сапраўды верылі, што здолееце перамагчы на гэтых выбарах?

– Я ведаю, што выбараў у Беларусі няма, бо сам чатыры разы быў назіральнікам і аднойчы – даверанай асобаю кандыдата: на выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў у 2014 годзе. Я не меў ілюзіяў, але цяпер моцна шкадую, што не ішоў да канца.

– Што гэта значыць – «да канца»?

– Трэба было актыўней агітаваць. Я катэгарычна не згодны з апазіцыянерамі, якія выступаюць за байкот, кажуць, што выбараў усё адно няма.

– Вы толькі што казалі тое самае.

– Так, выбараў няма, але трэба змагацца за тое, каб яны былі! Вось, напрыклад, сітуацыя: падчас сёлетніх выбараў я на ўласныя вочы бачыў, колькі людзей прагаласавала за мяне – дакладна больш за сотню, а ў выніку камісія напісала 46. Мы пачалі крычаць на іх, патрабаваць пераліку, мы не маглі не абурыцца. Назіральнікі называюць адну лічбу, а старшыня камісіі кажа іншую – ну зусім нахабства! Злачынства пасярод белага дня.

На выбарах у Палату прадстаўнікоў Стас Шашок быў адным з самых маладых кандыдатаў у дэпутаты. Фота Ірына Арахоўская

У Моладзевага блоку не было першаснаю мэтаю перамагчы на выбарах, якіх няма. Мы аб’ядналіся, каб увогуле ўзняць праблемы па краіне, скансалідаваць моладзь

– А ці не падаецца вам, што, колькі ні змагайся на месцах, усё адно будзе існаваць той жа ЦВК, які ўсё сфальсіфікуе?

– Разумееце, з гэтых выбараў я зрабіў выснову, што байкот – гэта вельмі пасіўная форма. Мне шмат змагароў старой загартоўкі казалі: «Навошта вы ідзяце, здымайцеся з выбараў». Але калі вы сыходзіце ў байкот, каму ад гэтага лепей? Уладзе абыякава, яна ўсё адно намалюе свае лічбы.

– Шмат апазіцыянераў, як вы кажаце, старой загартоўкі, самі раней заклікалі да байкоту, а сёлета бралі ўдзел. У чым вашыя пазіцыі адрозніваюцца?

– Шчыра кажучы, я не ведаю, як яны там працавалі… Адно – зрабіць экшан на ўчастку, паспрабаваць паказаць, што нязгодны і патрабуеш пераліку, а іншае – значыцца намінальна ў спісах нейкай партыі ды хадзіць па прэс-канферэнцыях, казаць: «Пакуль будзе Лукашэнка – не будзе выбараў».

Стас Шашок. Фота Ірына Арахоўская

– «Еўрапейская Беларусь», напрыклад, спальвала бюлетэні ля ЦВК…

– Я не хачу нічога дрэннага сказаць, я за любыя хады акрамя галадавання, яны малайцы… Але радыкалізм – гэта адно, а папрацаваць і пераканаць апалітычную частку насельніцтва, вярнуць ім веру ў змены – іншае, гульня больш на перспектыву. Спаліць пасведчанні – тое самае, што байкот. Ты круты, спаліў паперу, але што ты зрабіў для рэпу, як той казаў?

– Вы выкарысталі слова «радыкалізм». Мне цікава, як вы разумееце яго ў нашых беларускіх рэаліях.

– Такое адчуванне, што гэтае паняцце мне хтосьці навязаў. Я лічу, што ў грамадстве, канечне, мусяць быць і тыя, хто паліць пасведчанні і крычыць «Луку на муку». Але выходзіць на плошчу і казаць «далоў уладу!», пры гэтым нічога не прапаноўваючы, – ну, такое. Людзі не пойдуць, два мільёны не пойдуць.

– Заклік да выхаду на мірны сход – радыкалізм?

– У беларускай памяркоўнай рэальнасці – так, гэта выхад на плошчу з максімальным патрабаваннем змясціць Лукашэнку, з праграмаю максімум. Не зусім канструктыўна. Колькі Статкевіч за апошнія гады выводзіў па 200 чалавек? І нічога ж не змянілася!

Праблема Статкевіча і «Еўрапейскай Беларусі» ў тым, што яны кажуць класныя рэчы, але не паказваюць, якім чынам змяніць сітуацыю. Проста льецца вадаспадам пратэставая лірыка.

16 лістапада 2019 года. Перадвыбарчы пікет Моладзеавага блоку на вуліцы Зыбіцкай у Менску. Фота – Ксенія Тарасевіч/«Белсат»

– А ў вас не лірыка?

– У нас хоць і моладзевы парадак дня, але мы з Моладзевым блокам хаця б кажам канкрэтныя рэчы: супраць прымусовага размеркавання студэнтаў і за самакіраванне ва ўніверсітэтах, за працяг адукацыі замест тэрміновай службы ў войску, за дэкрыміналізацыю артыкулу 328.

– Значыць, у Моладзевага блоку няма патрабавання сыходу Лукашэнкі?

– Мы гуртаваліся вакол трох павестак: некаторыя з актывістаў блоку ўжо некалькі гадоў займаюцца гэтымі праблемамі, і мы не хочам быць галаслоўнымі.

Трэба сказаць, што Моладзевы блок знаходзіць водгук у моладзі, палітызуе яе, натхняе і прываблівае новых удзельнікаў. Сёння ў нас 10-12 чалавек у кіраванні (у асноўным, былыя кандыдаты) і прыблізна 60 валанцёраў. Хаця мы і ездзілі агітаваць у Магілёў, актыўна працуем пакуль толькі ў Менску.

Стас Шашок сярод іншага стажор Беларускага Хельсінскага Камітэту. Фота Ірына Арахоўская

– Магчыма, вы збіраецеся далучаць новыя патрабаванні да праграмы Моладзевага блоку?

– Я б вельмі хацеў пашыраць прастору свабоды. Гэта проста неадэкватна, што за вулічныя акцыі ў нас трэба плаціць міліцыі, камунальнікам, хуткай. Важна змагацца за права на свабоду мірных сходаў. Людзі мусяць мець магчымасць выйсці на вуліцу і сказаць, калі ім нешта не падабаецца. Гэта адзіны эфектыўны спосаб давесці дзяржаве, калі яна недзе памылілася.

– Вы бачыце сябе ў палітыцы праз 10 гадоў? У свабоднай Беларусі?

– Добра, калі пражыву 10 гадоў [смяецца]. Я настолькі далёка не загадваю, я нават на паўгода наперад свае жыццё не планую, бо ўсё вельмі дынамічна. Яшчэ ў ліпені я не ведаў, што буду кандыдатам. Вядома, хацелася б жыць праз 10 гадоў у больш вольнай Беларусі.

У парламенце я бачу сябе стопудова, у наступным скліканні. Мне якраз будзе 28 – сама тое для маладога палітыка.

Hавiны
«Мы не хочам быць такімі ж поснымі і сумнымі, як дзейныя дэпутаты». Вялікая размова з кандыдатам ад Моладзевага блоку
2019.11.04 18:49

Размаўляла Кацярына Андрэева belsat.eu

 

Стужка навінаў