«У нас адціснулі працу». 300 чыгуначнікаў з Віцебску могуць застацца без працы


У траўні ў Беларусі з’явіўся самы працяглы і паводле часу, і паводле працягласці чыгуначны маршрут. Яго з’яўленне не проста стала рэкордным для краіны, але і спрычынілася да праблемаў з працай у чыгуначнікаў.

З 18 траўня ў Беларусі пачаў хадзіць новы цягнік № 606/605 «Берасце-Цэнтральнае – Полацк», які раней спыняўся ў Віцебску. Шлях з Берасця да Полацку ён праходзіць за 19 гадзін 12 хвілін, назад – за 17 гадзін 51 хвіліну. За гэты час ён праходзіць 893 кіламетры.

Цягнік Полацк – Берасце.
Фота: Віталь Скрыль, belsat.eu

Таксама маршрут аб’ядналі з саставам № 601/602 «Полацк – Гомель». І калі раней адлегласць паміж гарадамі можна было праехаць за 7 гадзін, то цяпер – на гэта спатрэбіцца ўдвая больш часу.

Эканамічна немэтазгодна

Але працаўнікі Віцебскага вагоннага ўчастку лічаць з’яўленне такога цягніка эканамічна немэтазгодным. Афіцыйны берасцейскі цягнік працягнулі з Віцебску да Полацку з прычыны эпідэміі каронавіруса і падзення праз гэта пасажырскай плыні. Віцебскія ж чыгуначнікі бачаць у такім рашэнні карупцыйны складнік.

У сваім звароце да Міністэрства транспарту, які ёсць у рэдакцыі «Белсату», яны адзначаюць, што пасля запуску цягніка яшчэ і да Полацку колькасць пасажыраў вырасла толькі на 2 %, бо амаль усе з іх едуць выключна да Віцебску, дзе шмат прадпрыемстваў і навучальных установаў.

«Увесь асноўны пасажырапаток ідзе менавіта да нашага гораду, далей рухомы састаў ідзе з абсалютна пустымі вагонамі, а гэта штодзённы пусты прабег вагонаў ад ст. Віцебск да ст. Полацк (~ 102 км) у адзін бок, плюс выдаткі на лакаматыў», – адзначаюць у звароце.

Чыгуначнікі адзначаюць, што гэта было вядома і раней, бо гадамі пустым з Віцебску да Полацку ходзіць цягнік «Полацк – Масква». На іх думку, эканамічна выгадным было б перагледзець схемы руху асноўных цягнікоў з Полацку да Віцебску і арганізаваць прычапныя вагоны замест працягнення ўсяго маршруту.

«Зусім мала людзей у цягніку»

Пра тое, што цягнік «Полацк – Берасце» да Віцебску ходзіць амаль пустым, пацвярджаюць і апытаныя 9 чэрвеня карэспандэнтам «Белсату» пасажыры. З Полацку ў Віцебск цягнік прыйшоў а 16:23, але выйшла з яго не больш за 10 чалавек.

«Не ведаю, колькі ўсяго ў цягніку пасажыраў. Але ў мяне ў вагоне толькі 2 чалавекі былі ад Полацку да Віцебску», – адзначыла правадніца аднаго з вагонаў.

«Пустыя вагоны. Без сэнсу катаюцца вагоны, ні для каго», – заявіў у сваю чаргу адзін з пасажыраў.

«Зусім мала людзей у цягніку, чалавек 8 максімум на цэлы плацкартны вагон», – дадаў іншы.

Праход да цягніка Полацк – Берасце.
Фота: Віталь Скрыль, belsat.eu

Не толькі час, але і людзі

Але пустыя цягнікі – далёка не адзіная заўвага, якая ёсць у працаўнікоў Віцебскага вагоннага ўчастку. Разам з працягненнем цягніка да Полацку ягонае абслугоўванне перадалі мясцовым праваднікам, хаця больш за 30 гадоў гэтым займаліся віцебскія.

«Тым самым яны фактычна пакінулі прыкладна 300 чалавек працоўнага калектыву [Віцебскага вагоннага ўчастку. – Рэд. Belsat.eu] без працы», – гаворыцца ў звароце.

Адна з працаўніц з Віцебску ў каментары карэспандэнту «Белсату» адзначыла, што спачатку заяўлялася, што гэтая мера часовая – на перыяд падзення пасажырапатоку з прычыну каронавіруса. Але пасля апошняй селектарнай нарады стала зразумела, што гэта не так.

«Каб людзі маўчалі да выбараў»

Зараз працаўнікам віцебскага ўчастку ўрэзалі прэміі, большую частку з іх «паслалі на прастой».

«Нас заганяюць на незразумелыя працы. Некуды хадзіць у гаспадарку, як кажуць, нашу на прыбіранне, фарбаванне і гэтак далей», – заявіла правадніца.

Астатнім часам прапануюць ездзіць на працу з Віцебску ў Полацк, дзе сваіх працаўнікоў не хапае для абслугоўвання цягніка, але час на дарогу паміж гарадамі не аплочваецца.

Цягнік Полацк – Берасце.
Фота: Віталь Скрыль, belsat.eu

Кіраўніцтва прафсаюзу дапамагчы віцебскім чыгуначнікам таксама не можа ці не хоча. Паводле неафіцыйных звестак, прафсаюзу даручана зрабіць так, каб «людзі маўчалі, хаця б да выбараў».

«А пасля выбараў мы ўжо нічога не адстаім. Пісалі скаргі, звароты, але пасля ніхто не пагадзіўся асабліва дапамагчы», – заявіла суразмоўца.

«Гэта ўсё пакрываецца ў вярхах»

Паводле яе, у прафсаюзе заяўляюць, што ніхто не будзе звольнены, але «непатрэбныя кадры натуральным адтокам будуць адсеяныя».

«А як быць людзям, у якіх і дзеці маленькія ёсць? І пенсійны стаж да канца не выпрацаваны? Дый зараз проста ўладкавацца на працу вельмі цяжка. Столькі гадоў адпрацавалі… І зараз вельмі крыўдна тое, што адбываецца. <…> Гэта ўсё адбываецца нахабна, адкрыта. Складваецца ўражанне, што гэта ўсё пакрываецца ў вярхах. Мы засталіся на гэтай сцежцы вайны сам-насам», – адзначыла правадніца.

Паводле яе, людзі ўжо гатовыя скінуцца грашыма, каб камусьці заплаціць і застацца з працай.

«Мы ў адкрытую сказалі, што калі мы нічога не даб’емся, хаця б мінімальнага, каб застацца на працы, будзем афіцыйную паперу пісаць у адміністрацыю прэзідэнта ці самому прэзідэнту. Калі ў нас нахабна, інакш не скажаш, проста адціснулі працу», – дадала правадніца.

Чыгуначны вакзал у Віцебску.
Фота: Віталь Скрыль, belsat.eu

Каб атрымаць афіцыйны каментар пра прычыны прыняцця апісаных вышэй рашэнняў і адносна будучага лёсу працаўнікоў Віцебскага вагоннага ўчастку, мы звярнуліся ў прэс-службу Беларускай чыгункі. Там параілі напісаць афіцыйны зварот. Пра вынікі адказу на наш зварот мы паведамім пазней.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў