У менскай «дзясятцы» каронавірусам інфікаваныя каля 10 супрацоўнікаў

Большасць супрацоўнікаў хуткай у Менску – ужо кантакты першага ўзроўню. Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Менскі шпіталь № 10 цалкам закрылі для прыёму пацыентаў з COVID-19 і кантакты першага ўзроўню. Паводле стану на 6-га красавіка, тут каля дзесяці інфікаваных медыкаў. Пра гэта «Белсату» распавяла лекарка, якая працуе ў медычнай установе.

Доктарка распавядае, што яшчэ на мінулым тыдні інфікаваных пацыентаў і тых, з кім яны кантактавалі і ў каго пацвердзіўся каронавірус, пераводзілі ў іншыя больніцы. 3-га красавіка было вядома, што каронавірус пацвердзілі ў аднаго з супрацоўнікаў шпіталя.

Цяпер «дзясятку» цалкам перапрафілявалі для прыёму хворых на COVID-19.

Суразмоўца дадае, што месцы ў больніцы яшчэ ёсць, смерцяў не было. Супрацоўнікаў, якія захварэлі, не адпускаюць дадому, яны на каранціне ў шпіталі.

2000 – 68 000 смерцяў. Прагнозы вынікаў эпідэміі для Беларусі

Агулам у 10-й гарадской клінічнай больніцы – 1070 месцаў для хворых.

«З COVID-19 выяўляюць дастаткова, у суботу паступіла 150 чалавек. Прыёмнае аддзяленне ўсім забяспечылі, ёсць маскі, бахілы, але не ведаю, ці надоўга хопіць. Супрацоўнікі пераважна набываюць усё самі, падключаюць знаёмых, каб здабыць рэспіратары», – працягвае суразмоўца.

Дзяўчына дадае, што пік захворвання яшчэ не наступіў:

«Улічваючы адсутнасць каранціну, невыкананне прафілактыкі, адсутнасць інфармаванасці людзей аб тым, што адбываецца, у тым ліку лекараў, а таксама каранціну ўва ўсіх сферах, думаю, пік захворвання яшчэ чакае нас».

Між іншага, лекарка падзялілася гісторыяй пацыенткі з цяжкай пнеўманіяй і выяўленаю пазней каронавіруснай інфекцыяй: жанчына ўкрыла інфармацыю пра свой кантакт з людзьмі, якія прыехалі Італіі. Паводле нашай крыніцы, праз гэта заразіліся некалькі супрацоўнікаў, а два аддзяленні медустановы закрылі на каранцін.

«Лекараў павінна быць у дзесяць разоў больш». Медык з ЗША – аб тым, што чакае Беларусь у час эпідэміі

Дзяўчына адзначае, што самі медыкі працуюць у інфармацыйным вакууме.

«Увесь персанал трымаюць у няведанні, кожны дзень нешта мяняецца. Нам нічога не паведамляюць, у нас нават няма статыстыкі. Але тых, хто захварэў будзе шмат. Вірус вельмі кантагіёзны і хутка распаўсюджваецца», – дадала яна.

Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, колькасць інфікаваных каронавірусам у нашай краіне дасягнула 700 чалавек.

ДР/ДД belsat.eu

Hавiны