У Грузіі ўвялі каменданцкую гадзіну

Улады Грузіі 30 сакавіка ўвялі агульнанацыянальны каранцін у сувязі з пандэміяй каронавірусу. На такі крок яны пайшлі пасля таго, як лічба пацверджаных выпадкаў дасягнула 100.

Як паведамляе «Эхо Кавказа», уведзеная таксама каменданцкая гадзіна: грамадзяне не змогуць выходзіць на вуліцу з 9-й гадзіны вечара да 6-й гадзіны раніцы. У гэты час будуць працаваць толькі аптэкі. Пра гэта абвясціў прэм’ер-міністр Грузіі Георгій Гахарыя.

Георгій Гахарыя. Фота kavkazplus.com

Пачынаючы ад аўторка таксама нельга будзе збірацца ў групы больш за тры чалавекі (за выключэннем прадуктовых крам і аптэк – пры захаванні сацыяльнай дыстанцыі).

Грамадзянам, старэйшым за 70 гадоў забароняць выходзіць з дамоў (выключэнне – наведванне бліжэйшай прадуктовай крамы, аптэкі або шпіталю).

Паводле слоў прэмʼера, у Грузіі агульнанацыянальны каранцін пратрымаецца да 21 красавіка. Раней, 21 сакавіка, у краіне быў уведзены рэжым надзвычайнага становішча, а з 18 сакавіка былі закрытыя межы.

КА belsat.eu

Hавiны