У Эквадоры на радовішчы Армадзільё блок 55 «Беларуснафта» прасвідравала яшчэ адну высокапрадуктыўную свідравіну. Чакаецца, што пасля ўводу ў прамысловую эксплуатацыю з яе будуць здабываць 64 тоны нафты цягам сутак.
Глыбіня свідравіны амаль тры з паловаю кіламетры, цяпер на ёй вядуцца работы па ўладкаванні і асваенні, паведамляе прэсавая служба «Беларуснафты».
Распрацоўка радовішча Армадзільё блоку 55 праводзіцца па кантракце паміж дзяржаўнай нафтаздабываючай кампаніяй Эквадору «Пэтраамазонас» і даччыным прадпрыемствам «Беларуснафты» – АТ «Сэрвіс Ойл Эквадор Эквасэрвойл». Праект уключае аптымізацыю вытворчасці, развіццё інфраструктуры, геолагавыведку, бурэнне і рамонт свідравінаў на радовішчы Армадзільё, выпрацоўку методыкі павелічэння нафтааддачы.
Беларусы кантралююць увесь тэхпрацэс, аказваюць паслугі ў галіне супервайзінгу, суправаджэння бурэння, асваення і эксплуатацыі свідравінаў. Спецыялісты Беларускага навукова-даследчага і праектнага інстытуту нафты вырашаюць комплекс геалагічных задач: ад апрацавання і інтэрпрэтацыі інфармацыі да складання мадэляў і ацэнкі геалагічнай базы Армадзільё. Менавіта геолагі інстытуту падрыхтавалі рэкамендацыі, падказалі, дзе трэба рабіць свідравіны.
Зараз, з улікам новага аб’екта, на Армадзільё нафта здабываецца з 6 свідравінаў. Сутачны абʼём дасягае больш за 300 тон чорнага золата. Чакаецца, што назапашаная здабыча нафты сёлета складзе звыш 100 тысячаў тон. Усяго ж згодна з дамовай з «Пэтраамазонас» плануецца стварыць 11 свідравін.
СК, belsat.eu