Служба нацыянальнай бяспекі (СНБ) Арменіі затрымала чалавека, якога падазраюць у распаўсюдзе інфармацыі, што можа нанесці шкоду дзяржаве, грамадству ды асобе.
У прэс-службе СНБ паведамілі, што 3 студзеня на старонцы карыстальніка Facebook «Дыяны Аруцюнян» была апублікаваная інфармацыя пра тое, што «прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян павіншаваў прэзідэнта ЗША з паспяховымі дзеяннямі ў дачыненні да высокапастаўленага вайскоўца Ірану».
Гэтая ілжывая інфармацыя затым была распаўсюджаная ў азербайджанскіх і іранскіх медыях, адзначылі ў ведамстве. У СНБ падкрэслілі, што яна можа нанесці шкоду дзяржаве, грамадству ды асобе.
Чалавек, які кіраваў фэйкавай старонкай «Дыяны Аруцюнян», затрыманы і даў тлумачэнні ў сувязі са сваймі дзеяннямі. У дачыненні да яго распачатая крымінальная справа.
МГ belsat.eu