Турма віншуе з Калядамі!

Флорэнс Ўідыкомб трымае калядную паштоўку з пасланнем ад кітайскага зняволенага. фота– Dominic Lipinski / PA Images / Forum

 

6-гадовая Флорэнс Ўідыкомб набыла за паўтара фунта ў лонданскім супермаркеце Tesco зробленыя ў Кітаі танныя калядныя паштоўкі. Імаверна, яна хацела пацешыць віншаваннямі сваіх сяброў і блізкіх. Але аказалася, што святочныя паштоўкі зробленыя не проста ў Кітаі, а рукамі кітайскіх зняволеных. На адной з іх, з выявай кацяня, было напісана: «Мы зняволеныя замежнікі ў кітайскай турме Цінпу ў Шанхаі. Нас прымушаюць працаваць супраць нашай волі. Дапамажыце нам і паведаміце праваабарончым арганізацыям».

Напэўна, 6-гадовай дзяўчынцы было няпроста зразумець драматызм сітуацыі, але сетка Tesco, што купляе прадукцыю кітайскага прадпрыемства Zhejiang Yunguang Printing, усё зразумела і ацаніла.

«Мы здзівіліся гэтымі паведамленнямі і неадкладна прыпынілі вытворчасць на фабрыцы, дзе друкуюцца гэтыя паштоўкі, і пачалі ўласнае расследаванне», – заявіў прадстаўнік гэтай кампаніі.

Раней яны пра гэта не здагадваліся! Ісціна дайшла да іх толькі пасля публікацыі пра гэта ў The Times!

Рабская праца – не толькі ў Кітаі

Увесь свет завалены таннымі кітайскімі таварамі. Кітайскія кампаніі могуць дэмпінгаваць на радасць замежным спажыўцам па адной простай прычыне: працу работнікаў у гэтай камуністычнай краіне не абароненая законам, а ўсялякія спробы прафесійнай самаарганізацыі кітайскія ўлады жорстка пераследуюць. Пакупнікі таннай кітайскай прадукцыі мусяць разумець, што яны жывуць у дабрадзействе за кошт бяспраўных работнікаў, а часам і коштам рабскай працы кітайскіх зняволеных.

Сітуацыя ў Кітаі не ўнікальная. Прымусовую працу зняволеных выкарыстоўваюць шмат у якіх краінах, а ў таталітарных рэжымах яе без нацяжак можна назваць рабскай.

Hавiны
«Ад сажы ў носе растуць ракавінкі». Асуджаныя па артыкуле 328 – аб працы на зоне
2019.12.04 10:08

У нацысцкай Нямеччыне было больш за тысячу канцлагераў для прымусовай працы зняволеных, і гэта без уліку больш як пяці мільёнаў грамадзянскіх асобаў, сагнаных з акупаваных тэрыторый менавіта для прымусовай працы. У Савецкім Саюзе ў сталінскія часы было больш за 30 тысяч месцаў зняволення – ад маленькіх спецкамендатураў да 53-ох вялікіх лагерных упраўленняў з тысячамі аддзяленняў, пунктаў і калоніяў. Праца зняволеных выкарыстоўваўся і на так званых вялікіх будоўлях сацыялізму, дзе сярэдняя працягласць працы і жыцця зняволенага складала некалькі месяцаў.

СССР, Расея, Беларусь – праца зняволеных на экспарт

У Расеі і сёння сітуацыя з працай зняволеных далёкая ад паспяховай.

«Уся мая брыгада ў швейным цэху працуе па 16-17 гадзін у дзень. Ад 7:30 да 0:30. Сон – у лепшым выпадку гадзіны чатыры ў дзень. Выходны здараецца раз у паўтара месяца. Амаль усе нядзелі – працоўныя», – пісала ў 2013 годзе з лагера палітзняволеная Надзея Талаконнікава.

Паводле яе, у калоніі была распаўсюджаная сістэма нефармальных пакаранняў: жанчынам забаранялі ўваходзіць у барак з марозу аж да адбою, не дазвалялі есці ўласныя прадукты, не давалі наведваць прыбіральню, зняволеных каралі шматгадзінным стаяннем на пляцы без права наведвання прыбіральні, прымушалі працаваць голымі ў швейным цэху.

Зняволеныя вырабляюць тавары не толькі для нацыянальнай эканомікі, але і на экспарт. З СССР, напрыклад экспартавалі ў добрыя краіны Захаду лес, нарыхтаваны рукамі зняволеных. У тым ліку і палітычных зняволеных. У жаночай калоніі, дзе сядзела Надзея Талаконнікава, шылі форму для расейскіх вайскоўцаў, а ў беларускім прадпрыемстве «№4» пры гомельскай жаночай калоніі – не толькі для сваёй міліцыі, але і для сілавікоў у Зімбабвэ і Мазамбіку.

Hавiны
Зроблена за кратамі. Якія тавары і для каго вырабляюць беларускія зняволеныя?
2018.09.04 17:17

Турэмнікі могуць спаць спакойна

Магчыма, шмат хто здзівіцца, але прымусовую працу зняволеных не забаранілі міжнародным заканадаўствам. Артыкул 8 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах у пункце 3 а) абвяшчае, што «ніхто не павінен змушацца да прымусовай або абавязковай працы». А ўжо ў пункце 3 b) сарамліва ўдакладняецца, што «у тых краінах, дзе ў выглядзе пакарання за злачынства можа прызначацца пазбаўленне волі, спалучанае з катаржнымі працамі, пункт 3 не лічыцца перашкодай для выканання катаржных работ па прыгаворы кампетэнтнага суда, які прызначыў такое пакаранне». Канвенцыя МАП аб забароне прымусовай працы таксама не распаўсюджвае гэтую забарону на працу зняволеных.

Турэмнікі ў дэспатычных краінах могуць спаць спакойна: міжнароднае права дазваляе катаржную працу, і зняволеных можна эксплуатаваць з улікам гэтага дазволу і ў адпаведнасці са сваймі нацыянальнымі людаедскімі традыцыямі. Застаецца адзін клопат – не дапусціць уцечкі інфармацыі з турмаў і лагераў. А гэта час ад часу здараецца.

Некалькі гадоў таму жыхарка гораду Сіера Віста (штат Арызона, ЗША) Лора Ўолес распавяла на сваёй старонцы ў Facebook, што яе свякроў набыла ў мясцовай краме сеткі Walmart сумачку, і ў ёй знайшла запіску ад кітайскага зняволенага. Аўтар скардзіўся на нечалавечыя ўмовы жыцця і працы:

«Зняволеныя ў турме Іншань ў Гуансі, Кітай, працуюць па 14 гадзін на дзень без перапынкаў, да 12-й ночы. А хто не паспеў скончыць працу да гэтага часу – таго збіваюць. Ежа без алею і солі… Быць вязням у Кітаі – горш, чым быць канём, каровай, авечкай, свіннёй ці сабакам у ЗША».

У чэрвені 2014 года жыхарка Вялікай Брытаніі набыла сукенку, на бірцы якой пабачыла паведамленне. Аўтар пісаў, што рабочых прымушаюць «працаваць да знясілення».

Грошы не пахнуць і тавары таксама

Такія паведамленні дастаўляюць нязручнасці турэмным начальнікам і ставяць у няёмкае становішча заходніх аптовых перакупнікаў і гандлёвыя сеткі. Ім няёмка перад сваймі пакупнікамі, якія ў радасныя дні Каляд раптам атрымліваюць наглядныя сведчанні чалавечых пакутаў і вымушаныя думаць на гэтыя непрыемныя тэмы замест таго, каб бесклапотна марнаваць грошы і весяліцца. А некаторыя з пакупнікоў пачынаюць пратэставаць, разумеючы, што іх вясёлы дабрабыт заснаваны не толькі на іх уласнай працы, але і на пакутах невядомых ім вязняў. Часам яны нават далучаюцца да грамадскай кампаніі байкоту тавараў кітайскай вытворчасці.

Таму гандлёвыя сеткі запэўніваюць, што рэгулярна праводзяць аўдыт, каб выключыць закупку тавараў, вырабленых вязнямі. Як праводзяцца такія аўдытарскія праверкі ў таталітарных краінах, добра разумеюць тыя, каму даводзілася там жыць. Астатнія ўспрымаюць усё адзін да аднаго і таму не турбуюцца.

Вядома, грошы не пахнуць, і тавары таксама. І ўсё ж, часам добрапрыстойным пакупнікам прыходзяць вось такія запіскі з пекла, і тады ім даводзіцца вырашаць, што рабіць далей. Па-ранейшаму закрываць вочы і радавацца ўсёпераможнай таннасці кітайскіх тавараў, або ўспрымаць гэтыя рэдкія вестачкі як папярэднія позвы на непазбежны суд, які кожнаму аддасць паводле дзеяў ягоных.

Аляксандр Подрабінэк для Belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў