BEROC палепшыў свой прагноз адносна росту ВУП Беларусі ў 2024 годзе


У базавым сцэнары беларуская эканоміка ў 2024 годзе вырасце на 2,1 %. Абноўлены макрапрагноз сёння прадставіў эканаміст BEROC Анатоль Харытончык. Паводле яго, прагноз адносна росту ВУП палепшыўся на 0,5 адсоткавага пункту, паведамляе «Reform».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Рост эканомікі ў нас у першым квартале ўвогуле некалькі перавысіў чаканні, але яго якасць была даволі нізкая. Гэта значыць, эканоміка ў нас працягнула перагравацца на фоне высокага спажывецкага попыту і зрушанага росту ў Расеі», – сказаў эканаміст.

Паводле Анатоля Харытончыка, прагноз быў павышаны з улікам вынікаў беларускай эканомікі ў першым квартале, а таксама павелічэння ацэнак росту расейскай эканомікі.

Паводле базавага сцэнара прагнозу BEROC, гадавая інфляцыя ў 2024-м складзе 6,1 %, сярэднегадавы курс долара – Br 3,29, а расейскага рубля – Br 3,57 за 100 расейскіх. Сярэдні заробак прагназуецца на ўзроўні Br 2187 у сярэднім за год.

«У 2025 годзе эканоміка можа запаволіцца, яе рост будзе недзе каля нуля, бо будзе ісці карэкцыя, балансаванне пасля стану перагрэву», – сказаў Харытончык.

Паводле базавага сцэнара, кантроль цэнаў у Беларусі застанецца цвёрдым. Яго паслабленне можна чакаць толькі пасля заканчэння палітычнай кампаніі ў 2025 годзе.

Міжнародны валютны фонд (МВФ) таксама змяніў у лепшы бок прагноз пра перспектывы росту беларускай эканомікі ў 2024 годзе. У МВФ мяркуюць, што ВУП Беларусі сёлета вырасце на 2,4 %. Гэта на 1,1 адсоткавага пункту больш за кастрычніцкі прагноз.

Прагнозы МВФ і BEROC лепшыя для беларускай эканомікі, чымся прадказваюць Сусветны банк (1,2 %) і нават Еўразійскі банк развіцця (2 %). Аднак гэта істотна менш за тое, што сабе запланавалі ўлады Беларусі – 3,8 %.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў