Сікорскі: рэжым у Менску васальны Расеі, паправіць стасункі з ім немагчыма


Міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі, выступаючы 25 красавіка ў Сейме, звярнуў асобную ўвагу на стасункі з уладамі Беларусі і беларускімі дэмакратычнымі сіламі.

Радаслаў Сікорскі, Радослав Сикорский
Міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі на прэс-канферэнцыі ў Міністэрстве замежных справаў. Варшава, Польшча. 5 лютага 2024 года.
Фота: Белсат

Кіраўнік польскага МЗС адзначыў, што Беларусь з’яўляецца васалам Расеі. Паводле яго, польскі бок цалкам страціў надзею на паляпшэнне стасункаў з Беларуссю пры рэжыме Аляксандра Лукашэнкі. Стасункі між дзвюма краінамі цяпер найгоршыя, сказаў міністр.

«Палітычны крызіс, які цягнецца больш як тры гады, парушэнне правоў чалавека, беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі, падтрыманне расейскай агрэсіі супраць Украіны, правакаванне міграцыйнага крызісу – усё гэта ўяўляе сурʼёзныя пагрозы для цэлага рэгіёну. Перажываем за сітуацыю ў краіне, з якой нас абʼядноўваюць стагоддзі сумеснай гісторыі і моцныя культурныя сувязі», – заявіў ён.

Кіраўнік польскага МЗС падкрэсліў, што асаблівую занепакоенасць польскага боку выклікае становішча польскай меншасці ў Беларус, «якая стала закладнікам рэжыму». Таксама польскія ўлады будуць надалей дамагацца вызвалення журналіста Анджэя Пачобута.

Калі Лукашэнка хоча якіх-небудзь паляпшэнняў у стасунках, то мусіць паказаць сваю аўтаномію ад Расеі, дадаў Радослаў Сікорскі. Міністр падтрымаў увядзенне санкцыяў супраць уладаў Беларусі і Расеі і іх сінхранізацыю паміж сабою.

Кіраўнік МЗС адзначыў, што плануе супрацоўнічаць з дэмакратычнай апазіцыяй Беларусі і Расеі, падтрымліваць іх. А таксама процістаяць прапагандзе праз «TVP WOLRD», у тым ліку на беларукай, расейскай і ўкраінскай мовах.

Адзіная надзея Пуціна – нерашучасць NATO

Адносна вайны ва Украіне Сікорскі адзначыў, што Расея імкнецца зрынуць міжнародны парадак, усталяваны пасля 1989 года – замяніўшы логіку права і добраахвотнасці хаўрусаў «логікай сілы, сфер уплыву і дыктату звышдзяржаў над суседзямі». Паводле яго, Польшча ўжо сутыкаецца з рознымі формамі гібрыднай агрэсіі, такімі як дэзынфармацыя, кібератакі, выкарыстанне энергетычнай залежнасці або інструменталізацыя міграцыйнага ціску.

Міністр заявіў, што напад Расеі на любога чальца NATO непазбежна прывядзе да ейнай паразы. Альянс мае ў тры разы больш вайсковага персаналу, у тры разы больш авіяцыйных рэсурсаў і ў чатыры разы больш караблёў, чым Расея, сказаў ён.

«Не мы – Захад – павінны баяцца сутычкі з Пуціным, а наадварот. Варта памятаць пра гэта не для таго, каб узмацніць пачуццё пагрозы ў расейцаў, бо NATO – гэта абарончы пакт, а каб паказаць, што расейскі напад на любога з чальца альянсу скончыцца ейнай непазбежнай паразай», – сказаў Сікорскі.

Паводле яго, «адзіная надзея Пуціна [прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна. – рэд. belsat.eu] – гэта наша адсутнасць рашучасці».

Ён паведаміў, што намінальны валавы ўнутраны прадукт краін NATO і ЕЗ складае больш як 45 трлн долараў. «Сукупны ВУП Расеі і Беларусі складае ўсяго 2,2 трлн, гэта значыць у 20 разоў меншы», – адзначыў міністр замежных спраў.

Сікорскі адпрэчыў расейскую прапаганду пра нібыта планы Варшавы на далучэнне земляў заходняй Украіны:

«Паўтараю, каб Крэмль таксама пачуў: Львоў – гэта Украіна».

Паводле міністра, захаванне ўсебаковага падтрымання незалежнасці Украіны з боку Еўразвязу будзе прыярытэтам еўрапейскай палітыкі ўраду. 

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў