Сваякоў кандыдата на прэзідэнта Літвы падазраюць у абыходзе санкцыяў супраць Беларусі


Бізнес сям’і кандыдата на прэзідэнта Літвы Ігнаса Вегеле падазраюць у абыходзе санкцыяў. Пра гэта гаворыцца ў супольным расследаванні літоўскіх выданняў LRT і «Siena», удзел у правядзенні якога браў і беларускі расследавальніцкі праект «Бюро».

Вулічнае жыццё Вільні, уличная жизнь Вильнюса
Вежа Гедзіміна. Вільня, Літва. 21 лютага 2024 года.
Фота: Белсат

Аб’ектам расследавання зрабілася кампанія «Vilpra», якая належыць бацьку кандыдата, Альгірдасу Вегеле, і якой кіруе ягоны брат Марцінас Вегеле.

Як паведамляецца, Літва актыўна прадавала кандыцыянеры ў Беларусь, пакуль на іх у 2022 годзе не былі накладзеныя санкцыі Еўразвязу. І хоць продажы ў Беларусь спыніліся, яны рэзка выраслі ў Кыргызстан. Станам на верасень 2023 года ў гэтую краіну адгрузілі з Літвы кандыцыянераў на 2,3 млн еўраў, але ў сам Кыргызстан іх дайшло толькі на 370 тыс. еўраў.

Сярод кампаніяў, якія ўдзельнічалі ў такім экспарце, была і «Vilpra». Як выявілі журналісты, контрагенты кампаніі ў Кыргызстане – «Mavic Expert» і «Service Pack LCD» – былі зарэгістраваныя ў Бішкеку паводле няісных адрасоў і да ўвядзення санкцыяў не праяўлялі вялікай эканамічнай актыўнасці. Пры гэтым яны працавалі з беларускай кампаніяй «Кастом-Сэрвіс», вядомаю датычнасцю да схемаў увозу дарагіх легкавых аўтамабіляў з ЕЗ у Расею праз Беларусь.

Ігнас Вегеле і ягоны брат адмаўляюць абвінавачанні і звязваюць іх з прэзідэнцкай кампаніяй.

Варта адзначыць, што сам кандыдат на прэзідэнта выступае супраць санкцыяў у дачыненні Беларусі. Таксама ён быў незадаволены тым, што Літва прыняла абраную беларускую прэзідэнтку Святлану Ціханоўскую, ды заклікаў Украіну да перамоваў з Расеяй.

Не адзіны кандыдат, да якога ёсць пытанні

Нагадаем, што ў сакавіку адмысловая парламенцкая камісія ў Літве сярод іншага расследавала, які ўплыў на прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседу (ён цяпер таксама ўдзельнічае ў выбарах) маглі мець людзі, звязаныя з бізнесам для траспартавання беларускіх угнаенняў. Паводле літоўскіх медыяў, гэтае пытанне ўзнялі, бо прэзідэнцкая служба раней прапаноўвала выключыць з санкцыйнага спісу беларускія ўгнаенні.

У заключэнні камісіі гаворыцца, што ў 2019 годзе ў перадвыбарны штаб Наўседы прыходзілі і сустракаліся з чальцамі штабу асобы, непасрэдна звязаныя з беларускімі ўгнаеннямі. Больш за тое, камісія высветліла, што высокапастаўленыя працаўнікі канцылярыі прэзідэнта Наўседы не толькі сустракаліся з гэтымі прадпрымальнікамі, але і хавалі гэтую інфармацыю ад камісіі.

«Камісія атрымала звесткі, што некаторыя асобы, звязаныя з беларускімі ўгнаеннямі, спрабавалі зрабіцца ці зрабіліся кіраўнікамі важных дзяржустановаў і дарадцамі прэзідэнта», – сказана ў высновах.

Прадстаўнікі прэзідэнта Літвы ў адказ заявілі, што расследаванне камісіі ёсць «спробай дыскрэдытаваць дзяржаву і канстытуцыйныя прынцыпы».

Прэзідэнцкія выбары ў Літве маюць адбыцца 12 траўня. Агулам у іх удзельнічаюць восем кандыдатаў. Самым папулярным з іх, паводле апошніх апытанняў, якраз і ёсць Наўседа і Вегеле.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў