Міліцыя будзе сачыць за месцамі масавага адпачынку пры дапамозе дронаў


Менская міліцыя плануе не толькі патруляваць месцы масавага адпачынку ў пешым парадку, але і выкарыстоўваць беспілотнікі. Пра гэта паведамляе агенцтва «Минск-Новости».

Міліцэйскі дрон.
Фота: pressmvd / Telegram

«Гэта дапаможа аператыўна адсочваць абставіны, вызначаць месцы ўчынення правапарушэнняў і перадухіліць магчымыя няшчасныя выпадкі», – заявіў намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі ГУУС Менгарвыканкаму Сяргей Прыгодзіч.

Прадстаўнік ГУУС адзначыў, што асаблівую ўвагу супрацоўнікі міліцыі будуць надаваць месцам масавага адпачынку, размешчаным ля вады, а таксама месцам, дзе грамадзяне бавяць свой летні час.

«Нагадаю, што распіццё слабаалкагольных і спіртных напояў у месцах, не прызначаных для гэтых мэтаў, забароненае. Міліцыя будзе пільна за гэтым сачыць, а ў выпадку выяўлення фактаў – праводзіць з грамадзянамі прафілактычныя гутаркі. Асабліва злосных парушальнікаў прыцягнуць да адміністратыўнай адказнасці», – зазначыў Прыгодзіч.

У Менску вызначана 13 месцаў масавага адпачынку, 12 з іх размешчана каля вады. Толькі ў трох дазволенае купанне: на абсталяваных пляжах Цнянскага вадасховішча, вадасховішча Дразды і Камсамольскага возера.

Нагадаем, у сакавіку 2023 года міліцыя паведаміла, што ў ГУУС і УУС створаныя падраздзяленні для выкарыстання беспілотнікаў.

Hавiны
МУС: на пратэстах у Беларусі могуць быць выкарыстаныя беспілотнікі
2023.03.18 17:20

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў