ЦВК не знайшла ў словах Лукашэнкі заўчаснай агітацыі і дыскрымінацыі жанчын

У Цэнтральную выбарчую камісію Беларусі паступілі шматлікія звароты аб нязгодзе з выказваннямі Аляксандра Лукашэнкі, які вылучаецца кандыдатам у прэзідэнты.

У зваротах адзначаецца, што выказванні дзейнага кіраўніка краіны маюць дыскрымінацыйны характар у дачыненні да беларускіх жанчын і парушаюць артыкул 47 Выбарчага кодэкса, паведамляе ЦВК.

У адказ на гэта Цэнтрвыбаркам адзначыў, што артыкул 47 Выбарчага кодэксу, які ўстанаўлівае абмежаванні пры правядзенні перадвыбарчай агітацыі, не ўжываецца да асобаў, якія высоўваюцца кандыдатамі ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, бо ў артыкуле прадугледжаныя патрабаванні да агітацыйнай дзейнасці кандыдатаў у прэзідэнты пасля іх рэгістрацыі.

«Паняцця заўчаснай агітацыі, на якую паказваюць заяўнікі, выбарчае заканадаўства не ўтрымлівае. Такім чынам, прававых падстаў для вынясення патрабаванага заяўнікамі папярэджання асобе, якая вылучаецца кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, няма», – заявілі ў ЦВК.

Што датычыць дыскрымінацыі жанчын, то гэта, паводле адказу, асабістае меркаванне аўтараў зваротаў.

Лукашэнка назваў Ціханоўскага «шалудзівым», а пра Цапкалу сказаў, што ёсць на яго кампрамат

29 траўня падчас наведвання МТЗ Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў жанчын няма шанцаў на абранне прэзідэнтам.

«У нас Канстытуцыя не пад жанчыну. І ў нас грамадства не саспела для таго, каб галасаваць за жанчыну. Таму што ў нас паводле Канстытуцыі прэзідэнт валодае моцнай уладай. У нас не Літва. Там прэзідэнтам была Даля Грыбаўскайтэ, прыйшла, паўсміхаліся, пасядзела і пайшла. Ні за што не адказвае, таму што там парламенцкая рэспубліка. У нас – не. Прэзідэнтам будзе мужык, я ў гэтым абсалютна перакананы», – заявіў Лукашэнка.

МГ belsat.eu

Hавiны