Ці ліквідацыя іранскага генерала – пачатак Трэцяй сусветнай? І чаму не


4 студзеня 2020 г. Багдад. На фота аўтамабіль, у якім вязуць цела забітага амерыканскімі вайскоўцамі генерала Касэма Салеймані. Загад аб ягонай ліквідацыі аддаў прэзідэнт ЗША Доналд Трамп. Фота Khalid Al Mousily/Reuters

Сайт Сістэмы воінскай павіннасці ЗША ўпаў учора з прычыны масавага заходу амерыканцаў, якія правяраюць сваю рэгістрацыю або рэгіструюцца на ім, паведаміла амерыканская ўстанова. Служба мае ўлічваць людзей, якія падпадаюць пад магчымы вайсковы прызыў. Цяпер узброеныя сілы ЗША фармуюцца толькі з добраахвотнікаў.



Дзяржаўнае ведамства адзначыла, што тое было выкліканае дэзынфармацыяй. Гэта адбылося адразу пасля знішчэння амерыканскаю ракетай іранскага генерала Касэма Салеймані ў Іраку.

Учора ў сувязі з тою ж падзеяй гэштэг #WorldWarIII выйшаў у топ Twitter.

Хто такі быў генерал САлеймані і што ён рабіў у Іраку?

Салеймані кіраваў «Кудс» – шматлікімі сіламі спецыяльных аперацыяў у складзе Корпусу вартаўнікоў Ісламскай рэвалюцыі Ірану. Сам Корпус ператварыўся з аналагу моцна ідэалагічна матываваных унутраных войскаў, якія маюць абараняць іранскі шыіцкі ісламісцкі рэжым, у магутную карпарацыю сілавікоў з інтарэсамі ў сферы бізнесу, вонкавай палітыкі ды кантрабанды.

Шыізм – другі паводле колькасці пасля сунізму асноўны кірунак ісламу. Найбольшая колькасць шыітаў жыве ў Іране і Азербайджане, яны таксама складаюць значныя долі насельніцтва Іраку, Пакістану ды Індыі. Дзяржаўная рэлігія ў Іране.

Аднак «Кудс» у гэтым паралельным іранскім войску (рэжым аяталаў не надта давярае сваёй звычайнай арміі як менш ісламісцкай сіле) займае асаблівую пазіцыю – гэтыя падраздзяленні ў значнай ступені сталі ці не галоўным сродкам, з дапамогаю якога Іран праводзіць сваю палітыку ў суседніх краінах.

У Ліване «Кудс» трэнавалі і пастаўлялі зброю для баевікоў шыіцкай ісламісцкай арганізацыі «Хізбула», якая ваявала супраць Ізраілю, а таксама супраць мясцовых хрысціянаў і мусульманаў-сунітаў. «Хізбулу» лічаць тэрарыстычнаю арганізацыяй блізу 20 краінаў свету.

У Палестыне «Кудс» дапамагалі тэрарыстам з груповак «Хамас» ды «Ісламскі джыхад».

«Кудс» у Іраку дапамагалі розным шыіцкім вайсковым фармаванням, бралі ўдзел у крывавай грамадзянскай вайне паміж шыітамі ды сунітамі, у тым ліку ладзілі напады на амерыканскія войскі.

Рука і пярсцёнак забітага генерал Касэма Салеймані. Фота Salampix / Zuma Press / Forum

Найбольш актыўна «Кудс» дзеялі ў грамадзянскай вайне ў Сірыі, набіраючы і адпраўляючы ў бой на баку рэжыму Башара Асада тысячы чалавек – як іранцаў, гэтак і шыітаў з іншых краінаў. Актыўнасць баявых дзеянняў Ірану была такая, што страты толькі іранскіх грамадзянаў у Сірыі ацэньваюцца як мінімум на некалькі тысячаў, а таксама было афіцыйна прызнана, што ў Сірыі загінулі 13 іранскіх генералаў.

Флэш-бэк з 2012 года

Яшчэ ў кастрычніку дырэктар ізраільскай выведкі «Масад» адказаў на пытанне журналістаў пра магчымую ліквідацыю Салеймані: «Ён яшчэ не зрабіў той памылкі, якая б паставіла яго ў прэстыжы ліквідацыйны спіс. Ён цудоўна ведае, што ягонае знішчэнне не немагчымае».

«Салеймані арганізоўваў акты тэрарызму для дэстабілізацыі Блізкага Усходу апошнія 20 гадоў. Тое, што ЗША зрабіла ўчора, трэба было зрабіць даўно», – заявіў прэзідэнт ЗША Доналд Трамп у прамове, каментуючы знішчэнне іранскага генерала.



Ці стане ліквідацыя камандзіра спецпадраздзяленняў у складзе Корпусу вартаўнікоў Ісламскай рэвалюцыі Ірану прычынай Трэцяй сусветнай? Чаму амерыканцы пайшлі на такі крок? І чаму Салеймані забілі менавіта на гэтым тыдні?

Авіяўдар па Салеймані нанеслі праз некалькі дзён пасля спробы пратэстоўцаў у Багдадзе ўзяць штурмам амерыканскую амбасаду. У Вашынгтоне заявілі, што напад на дыпмісію быў здзейснены паводле распараджэння генерала Салеймані.

Пасля ракетнага ўдару Трамп заявіў, што Салеймані планаваў новы напад на амерыканскую амбасаду. «Мы будзем заўсёды бараніць нашых дыпламатаў, службоўцаў, усіх амерыканцаў і нашых хаўруснікаў», – дадаў Трамп.

Відавочна, што гэтыя словы нагадваюць пра збройны напад на амерыканскую амбасаду ў Лівіі ў 2012 годзе ў горадзе Бэнгазі, калі загінуў амерыканскі амбасадар, яшчэ трое амерыканцаў і 10 лівійскіх паліцыянтаў. У той час Рэспубліканская партыя ЗША, да якой належыць Трамп, рэзка асудзіла адсутнасць рэакцыі тагачаснага дзяржаўнага сакратара Гілары Клінтан на просьбы павялічыць узровень абароны амбасады ЗША ў Бэнгазі.

Гэткім чынам, Трамп паказвае ўсім не толькі гатовасць абараняць сваіх грамадзянаў па ўсім свеце, але і бароніць сябе ад магчымай крытыкі ўнутры ЗША ў год прэзідэнцкіх выбараў, знішчаючы пагрозу новага нападу на амерыканскую амбасаду ў Іраку.

Трэцяя сусветная? Не сёння

Новай сусветнай вайны з нагоды ліквідацыі іранскага спецслужбоўца, які сістэмна супрацоўнічаў з тэрарыстамі, не будзе.

Для сусветнай вайны патрэбнае сутыкненне 2 або больш вялікіх дзяржаваў свету. А Іран – не вялікая дзяржава свету. І магутных ваенных хаўруснікаў, якія маглі б кінуць выклік тым жа ЗША і хаўруснікам амерыканскім, у Ірану няма.

У Іраку мясцовыя жыхары выйшлі на вуліцы не толькі пратэстуючы супраць забойства Салеймані на іракскай тэрыторыі, але і святкуючы гэтае забойства.

Іран можа зрабіць некалькі правакацыяў, арганізаваць некалькі тэрактаў або новы канфлікт на Блізкім Усходзе паміж шыітамі ды сунітамі, зноў перашкодзіць транзіту нафты каля сваіх берагоў. Але максімум, чаго даможацца, – новых амерыканскіх бамбаванняў, ракетных абстрэлаў, эканамічных санкцыяў ЗША або ААН. На гэтым усё скончыцца да новага абвастрэння.

belsat.eu

Стужка навінаў