Ці існуе рэальная пагроза аншлюсу? Адказвае еўрадэпутат


Як Брусель глядзіць на інтэграцыйны ціск з боку Крамля? Якой будзе стратэгія беларуска-еўрапейскіх стасункаў у наступныя гады? У Бруселі наш карэспандэнт Алесь Сіліч паразмаўляў з Гэльмутам Шольцам, дэпутатам Еўрапейскага парламенту і чальцом Дэлегацыі ў справе дачыненняў з Беларуссю.

Сёння пытанне незалежнасці Беларусі адно з найважнейшых на парадку дня ў нашай краіне. І хоць падчас нядаўніх сустрэчаў у Сочы паміж беларускімі ды расейскімі прэмер-міністрамі ды прэзідэнтамі ніякіх гістарычных рашэнняў, на шчасце, прынята не было, але спробы Расеі ўключыць Беларусь у свой склад, хутчэй за ўсё, будуць працягвацца. Як вы пракаментуеце гэтую сітуацыю?

Па-першае, я хацеў бы падкрэсліць тое, што і Расейская Федэрацыя і Рэспубліка Беларусь ёсць чальцамі еўраазіяцкай супольнасці. Што я хачу гэтым сказаць? Незалежныя краіны мусяць мець суверэннае права ўдзельнічаць у розных формах дыялогу і супрацы – гэтак сама, як гэта робяць і краіны-чальцы Еўрапейскага Звязу. У гэтым сэнсе, я думаю, рэальныя выклікі якраз у тым, каб у выніку гэтага дыялогу мець магчымасць вырашаць праблемы як суверэнныя, незалежныя нацыі, народы і супольнасці грамадзянаў.

У гэтым адна з задачаў падобных сустрэчаў – фармаваць стратэгію супрацы Беларусі як незалежнай дзяржавы з сваімі партнёрамі. І гэта зусім не азначае, што незалежнай краіне трэба выключаць сябе з больш шырокіх, глабальных, новых выклікаў… І таму, я мяркую, кожны дыялог і супраца ёсць найлепшым шляхам развязваць праблемы ў інтарэсах грамадзянаў, а ў гэтым выпадку – і грамадзянаў Беларусі.

Ці бачыце вы расейскі ціск на Беларусь у працэсе гэтак званай інтэграцыі?

Уся канцэпцыя ў тым, што Расейская Федэрацыя, канечне, зацікаўленая, каб мець «адмысловыя стасункі» з краінамі, якія застаюцца ў гэтак званым наўпроставым суседстве з ёй, акрамя існага ўжо Еўраазіяцкага саюзу. І я б адзначыў яшчэ, што з 90-х гадоў мінулага стагоддзя шмат што змянілася ў свеце, і цяпер краінам самім трэба вырашаць, якім шляхам рухацца, і ці рэагаваць на ціск, які можа існаваць ад краіны-суседкі.

У той жа час, ёсць і краіны, якія ціснуць на іншыя краіны, і Расейская Федэрацыя – не вынятак у гэтым сэнсе. Але мы мусім развіваць больш шчырае, раўнапраўнае мысленне ў фармаванні партнёрства з гэтымі краінамі. І я спадзяюся, што беларускае грамадства, разам з палітычнымі сіламі, у тым ліку ўлады і апазіцыя, сфармуюць вельмі канкрэтнае сацыяльнае і эканамічнае развіццё сваёй краіны, якім шляхам рухацца і развівацца, – каб не быць выспай у моры, але часткай нашага агульнага кантыненту – Еўропы.

Які найгоршы сцэнар інтэграцыі паміж Беларуссю і Расеяй, на ваш погляд, можа быць рэалізаваны? Шмат хто з прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў Беларусі апасаецца, што магчымы аншлюс, інкарпарацыя Беларусі ў склад Расеі…

Магчыма, я вельмі далёкі ад думкі, што існуе рэальная небяспека аншлюсу. Гэтак званага аншлюсу… Я б глядзеў найперш на тое, якія папярэднія эканамічныя ўмовы ёсць для прыходу да новых рашэнняў у двухбаковых стасунках паміж краінамі. Альбо ў працэсе інтэграцыі ўсіх удзельнікаў еўраазіяцкай супольнасці. Чаму б Беларусі, напрыклад, не шукаць больш высокага ўзроўню супрацы з Казахстанам або іншымі краінамі Еўраазіяцкага саюзу, гэтак сама, як і з Еўрапейскім Звязам? Але гэта азначае і рэальнае ўсталяванне прававой дзяржавы ў краіне, правядзенне свабодных і справядлівых выбараў, гарантаванне павагі ўсіх грамадзянскіх правоў для кожнага ў Беларусі.

Я думаю, мы не мусім глядзець вузка толькі на адну праблему, але ўсе праблемы разглядаць разам, пакетам. І ў гэтым сэнсе мы глядзім у будучыню з надзеяй на рэструктурызацыю дэмакратычнай структуры Рэспублікі Беларусь.

Пару словаў пра будучыню стасункаў паміж Еўразвязам і Беларуссю... Як чалец дэлегацыі Еўрапейскага парламенту ў сувязях з Беларуссю – як вы бачыце далейшую стратэгію гэтых стасункаў? Ці варта нам чакаць зменаў у наступныя гады?

Я – адрозна, магчыма, ад іншых калегаў, дэпутатаў Еўрапейскага парламенту – выступаю за дыялог. Бо толькі дыялог можа даць нам новы пропуск у будучыню, да лепшых стасункаў. Я не хачу тут узгадваць санкцыяў, бо гэта, напэўна, іншая тэма, і праблемы, звязаныя з санкцыямі, моцна ўплываюць на прававое і эканамічнае існаванне Рэспублікі Беларусь. Але я па-ранейшаму перакананы, што нам трэба паглыбляць дыялог, трэба развіваць стасункі паміж 28 чальцамі ЕЗ і Беларуссю. І на гэтым шляху варта паспрабаваць зразумець адно аднаго лепш. Калі мы не разумеем адно аднаго, мы не здольныя знайсці развязання праблемаў у нашых стасунках.

Вы згадалі слова «дыялог», а з кім вы плануеце будаваць гэты дыялог? Напрыклад, ці збіраецеся наладзіць кантакты з тымі ж дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, гэтак званага беларускага «парламенту»? Нагадаю, што АБСЕ не прызнала вынікаў лістападаўскіх выбараў у Палату… Ці будзеце кантактаваць з ППНС?

Мы яшчэ не распачалі, калі шчыра, у новаабраным парламенце дыскусіяў наконт таго, як мы будзем фармаваць нашую стратэгію, якія крокі рабіць, а якіх не рабіць. Нам трэба гэта абмеркаваць! Але прынцыпова адзначу: нам трэба сустракацца з усімі – з апазіцыйнымі партыямі, дэмакратычнымі сіламі, прафсаюзамі, з іншымі эканамічнымі арганізацыямі, а таксама і з абранымі дэпутатамі.

Падкрэслю: мы ведаем, як адбываўся выбарчы працэс, але калі яны не зразумеюць нашага крытычнага падыходу, не пачуюць яго падчас наўпроставых кантактаў паміж намі, то мы не зможам дамаўляцца і пра новыя формы нашых стасункаў. І я мяркую, парламентам заўсёды варта шукаць магчымасці сустрэчаў паміж дэпутатамі, бо калі мы не маем наўпроставага абмену паміж парламентарыямі, мы не зможам прымаць аніякіх рашэнняў. Гэта азначае, што нам трэба быць шчырымі ў дыялогу, вельмі адкрытымі, крытычнымі, здольнымі выкладаць усе праблемы на стол, а потым абмяркоўваць, як іх вырашыць.

Наконт апазіцыі ды грамадзянскай супольнасці Беларусі у якіх сферах магчымая супраца з імі?

Вядома, як я ўжо сказаў, дыялог мусіць быць і з прадстаўнікамі апазіцыі. Напрыклад, я чалец еўрапейскай партыі левых, а ў Беларусі ёсць партыя «Справядлівы свет», наш партнёр. І мы, безумоўна, маем дыялог – ладзім, напрыклад, моладзевы абмен, і я спадзяюся, што спадар Калякін таксама будзе аднойчы абраны ў парламент, чаму не мець такога спадзеву? Таму паўтаруся: я за дыялог з усімі дэмакратычнымі сіламі ў вашай краіне.

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 20.12.2019

 

Стужка навінаў