Церцель: За Бабарыкам стаяць «лялькаводы ў «Газпраме», а, можа быць, і вышэй»

Кіраўнік КДК Іван Церцель, каментуючы на брыфінгу затрыманне Віктара Бабарыкі, заявіў, што ведае, «якія лялькаводы стаяць за ягонай дзейнасцю», піша БелТА.

«Уяўляецца, што Бабарыка спрабуе пагуляць у высакароднасць. Мы ў сваю чаргу ведаем, што лялькаводы, якія стаяць за яго дзейнасцю, асцерагаюцца, што нашы дзеянні прывядуць да атрымання дадзеных і пацвярджэння іх датычнасці да гэтай супрацьпраўнай дзейнасці.

Такімі асобамі з’яўляюцца, мы ведаем, вялікія начальнікі ў «Газпроме», а, можа быць, і вышэй », – сказаў Церцель.

ДФР распачаў шэраг крымінальных спраў паводле:

  • арт.243 (ухіленне ад выплаты сум падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры);
  • арт.235 (легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам);
  • арт.210 (крадзеж у асабліва буйным памеры);
  • арт.209 (махлярства);
  • арт.430 (атрыманне хабару) і арт.431 (дача хабару) Крымінальнага кодэксу.

Церцель таксама пракаментаваў заявы Віктара Бабарыкі, што знойдзеныя ў затрыманых па «справе Белгазпрамбанку» грошы належаць яму.

«Сапраўды, Бабарыка заявіў, што гэтыя грошы належаць яму. Разам з тым мы дакладна ведаем з паказанняў затрыманых асоб, што гэтыя грашовыя сродкі былі незаконна выведзеныя з Беларусі па сістэме афшораў, затым размеркаваныя паміж удзельнікамі супрацьпраўнай дзейнасці ў адпаведнасці з раней абумоўленымі працэнтамі», – дадаў Церцель.

Нагадаем, Віктар Бабарыка быў затрыманы сёння пасля допыту ў ДФР, адвакаты не маглі да яго патрапіць. Агулам па «справе Белгазпрамбанку» затрыманыя каля 20 чалавек.

КДК: Віктар Бабарыка затрыманы як «арганізатар супрацьпраўнай дзейнасці»

КА belsat.eu

Hавiны