За два дні датэрмінова прагаласавалі больш за 790 тысяч беларусаў

У датэрміновым галасаванні на парламенцкіх выбарах узялі ўдзел 11,51 % выбарцаў, паведамляе Цэнтрвыбаркам.

У Берасцейскай вобласці прагаласавалі 10,58 % выбарцаў ад агульнай колькасці, у Віцебскай вобласці – 12,87 %, у Гомельскай – 12,41 %, у Гарадзенскай – 10,08 %, у Менскай вобласці – 11,72 %, у Магілёўскай – 11,97 %.

Крыніца: rec.gov.by

У спісы выбарцаў уключаныя 6 865 834 беларусы. Такім чынам, ужо прагаласавалі больш за 790 000 чалавек. Падчас мінулых парламенцкіх выбараў у 2016 годзе датэрмінова прагаласавалі 9,63 % выбарцаў ці каля 670 000 чалавек.

Назіральнік злавіў дзяўчыну, якая спрабавала ўкінуць пачку бюлетэняў на выбарчым участку

«Яўка накручваецца вельмі сур’ёзна»

Між тым незалежныя назіральнікі заяўляюць пра шматлікія парушэнні падчас датэрміновага галасавання.

«Па выніках дзвюх дзён датэрміновага галасавання мы бачым, што яўка накручваецца вельмі сур’ёзна», – адзначыў у каментары «Белсату» прэс-сакратар кампаніі «Права выбару» Аляксей Янукевіч.

Суразмоўца падкрэсліў, што 11,51 % – гэта нават самая высокая афіцыйная лічба датэрміновага галасавання за ўвесь час. Дадзеныя ж на акругах, дзе назіраюць прадстаўнікі «Права выбару», даюць цалкам іншыя лічбы – ад 3,1 % у Горадні да 8,2 % у Менску.

Назіральнікі кампаніі зафіксавалі ўжо 159 парушэнняў выбарчага заканадаўства, асноўныя з іх – неналежнае захаванне скрыняў для галасавання і неадпаведнасць колькасць выбарцаў, якія прагаласавалі, паводле звестак камісіяў і назіральнікаў. Ужо пададзена 56 скаргаў.

«Выбары адбываюцца паводле старых адпрацаваных схемаў, адзінае што, з апераджэннем графіку як па яўцы, так і па вырубцы і прэсінгу на кандыдатаў», – падкрэсліў Аляксей Янукевіч.

Скрыні не кантралююцца належным чынам

Завышэнне яўкі фіксуюць і назіральнікі ад кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

«Датэрміновае галасаванне, якое павінна насіць характар выключэння, калі выбарца не можа прагаласаваць менавіта ў дзень выбараў, у нас носіць характар правіла», – заявіў belsat.eu адзін з кіраўнікоў кампаніі Валянцін Стэфановіч.

Адзначыў ён і несвабодны характар датэрміновага галасавання, калі, паводле шматлікіх сведчанняў, адміністрацыі ВНУ ды прадпрыемстваў «намякаюць», што ўдзел у галасаванні кімсьці кантралюецца.

«Гэта ўсё сведчыць, што некаторыя катэгорыі выбарцаў змушаюцца да датэрміновага галасавання. Ці, як мінімум, гэта носіць арганізаваны характар тымі суб’ектамі, якія ў ніякім разе не з’яўляюцца ўдзельнікамі выбарчага працэсу», – заявіў суразмоўца, назваўшы гэтую з’яву непрыхаваным адміністрацыйным рэсурсам.

Выклікае ў праваабаронцаў і захаванасць выбарчых скрыняў падчас датэрміновага галасавання. На думку Валянціна Стэфановіча, ніякіх механізмаў належнага кантролю за скрынямі няма. Нават відэакамер на ўчастках, як у Расеі, якія б вялі наўпроставую трансляцыю ўвесь час.

Суразмоўца падкрэсліў, што калі працэдура датэрміновага галасавання выклікае недавер, то з гэтым трэба нешта рабіць. А адмова ўладаў прымаць неабходныя захады выклікае яшчэ большы недавер, дадаў ён.

ЮВ belsat.eu

Hавiны