Трамп аб'явіў, каго хоча бачыць паслом ЗША ў Беларусі


Прэзідэнт ЗША намінаваў спецыялістку ў еўрапейскіх пытаннях Джулі Фішэр амбасадаркай Беларусі, падае прэс-служба Белага дому. Цяпер яе кандыдатура патрабуе зацверджання ў Сенаце ЗША.

У панядзелак, 20 красавіка, Дональд Трамп заявіў пра намер вылучыць на пасаду надзвычайнага і паўнамоцнага амбасадара Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусі Джулі Фішэр, якая служыць цяпер на пасадзе намесніка памочніка дзяржсакратара па пытаннях Заходняй Еўропы і Еўрапейскага звязу.

Джулі Фішэр.
Фота: Reuters

Джулі Фішэр атрымала дыплом магістра ў Цэнтры Ўілсана Прынстанскага ўніверсітэту і вывучала праблематыку Расеі і Усходняй Еўропы ва Універсітэце Паўночнай Караліны.

У 2011–2013 гадах Фішэр служыла намесніцаю дырэктара офісу генеральнага сакратара NATO, дзе займалася пытаннямі Паўночнай Амерыкі, балтыйскіх краінаў, аперацыйнай палітыкай ды пытаннямі абароны і стрымлівання.

У яе паслужным спісе – праца ў амбасадах ЗША ў Тбілісі, Кіеве і Маскве.

Дыпламатка валодае расейскай, французскай і трошкі гаворыць па-грузінску.

Каб узначаліць амбасаду ў Беларусі, дыпламатцы спатрэбіцца зацверджанне яе кандыдатуры верхняй палатай амерыканскага парламенту. AFP падае, што вылучэнне Фішэр не выклікала негатыўнай рэакцыі ў амерыканскіх заканадаўцаў, але калі адбудзецца зацверджанне яе кандыдатуры, невядома: пакуль сенатары застаюцца на вымушаных канікулах праз эпідэмію каронавіруса.

Пра абмен пасламі Беларусь і ЗША заявілі ўлетку 2019-га. Дзяржсакратар ЗША Майкл Пампэа падчас візіту ў Менску 1 лютага пацвердзіў хуткае прызначэнне амбасадара.

У Беларусі амбасадара ЗША няма з 2008 года.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў