Тэрысу Мэй абвінавацілі ў разгалошванні таямніцы перамоваў па Brexit

Прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Тэрыса Мэй парушыла ўмовы прыватнасці перамоваў, якія яе партыя вядзе з парламенцкай апазіцыяй у справе пытанняў новай дамовы па Brexit. Пра гэта заявіў міністр фінансаў ценявога кабінета лейбарыстаў Джон Макданэл. Паводле яго словаў, прэмʼер-міністр паставіла пад пагрозу перамовы па Brexit дзеля ўласных інтарэсаў.

Гэткая рэзкая рэакцыя зʼявілася пасля публікацыі ў брытанскім штотыднёвіка The Sunday Times, піша dw.com. У артыкуле паведамляюцца магчымыя ўмовы кампрамісу, які Мэй нібыта збіраецца прапанаваць, каб заручыцца падтрымкай апазіцыйнай партыі.

«Прэмʼер-міністр Мэй на гэтым тыдні гатовая пайсці на апошні адчайны рызыкоўны крок, каб дамагчыся Brexit, і прапанаваць Джэрэмі Корбіну тры буйныя кампрамісы ў абмен на падтрымку пры правядзенні праз парламент новай угоды», – паведамляе The Sunday Times.

Пытанні, па якіх Мэй нібыта гатовая пайсці на саступкі, – гэта стварэнне часовага мытнага звязу з ЕЗ, а таксама ўвядзенне адзіных правілаў рынкавага абароту для пэўных катэгорыяў тавараў і прыняцце закона, які гарантуе працаўнікам у Вялікай Брытаніі тыя ж правы, што і ў Еўразвязе.

«Мы працавалі на ўмовах прыватнасці, як нас і прасілі. Мы не давалі брыфінгаў перад СМІ. Таму факт таго, што прэмʼер-міністр парушыла гэтыя правілы, выклікае вялікае расчараванне», – заявіў Макданел.

«Калі яна так сябе паводзіць, я цалкам магу зразумець, чаму яна не змагла дамовіцца пра прыстойнае пагадненне з ЕЗ», – дадаў палітык.

Адначасова брытанская газета The Daily Mail апублікавала артыкул кіраўніцы брытанскага ўрада, у якой яна заклікае лідара Лейбарысцкай партыі Джэрэмі Корбіна як мага хутчэй дамовіцца аб кампрамісе па Brexit.

Некаторыя эксперты трактуюць гэты выступ Мэй як рэакцыю на сігнал, які паслалі палітыкам выбарнікі на якія камунальных выбарах, якія адбыліся 2 траўня.

Па іх выніках партыя кансерватараў, якую ўзначальвае Мэй, страціла 1335 з 4000 мандатаў, а разам з гэтым і большасць у 45 камунах. Лейбарысты пазбавіліся 86 мандатаў. Пераможцам з выбарнай гонкі выйшла партыя ліберальных дэмакратаў, якая выступае за паглыбленне сувязяў з Еўразвязам, а таксама партыя «зялёных».

Лондан можа атрымаць ад Бруселю адтэрміноўку на Brexit яшчэ на год

СК belsat.eu

Hавiны