Тэрыса Мэй назвала умовы, пры якіх пакіне пасаду прэм'ер-міністра


Прэм’ер-міністр Злучанага Каралеўства Тэрыса Мэй не застанецца на сваёй пасадзе на час перамоваў з Еўразвязам пра ўмовы будучай супрацы. Пра гэта яна заявіла падчас сустрэчы з дэпутатамі кіруючай Кансерватыўнай партыі, паведамляе The Financial Times (FT). Мэй паабяцала паплечнікам, што сыдзе з пасады кіраўніка ўраду, калі большасць дэпутатаў палаты абшчын ратыфікуюць яе дамову.

Раней Мэй спрабавала зацвердзіць палажэнні пагаднення двойчы – у студзені і сакавіку. У першы раз яе праект дамовы праваліўся з розніцай у 230 галасоў, у другі раз – з розніцай у 149 галасоў. Супраць дамовы Мэй у сакавіку прагаласавалі, у прыватнасці, 238 сябраў апазіцыйнай Лейбарысцкай партыі і 75 кансерватараў. Пасля правалу Мэй шукае магчымасці пераканаць паплечнікаў і зацвердзіць пагадненне з трэцяй спробы.

«У інтарэсах нашай краіны і нашай партыі я гатовая пакінуць сваю пасаду раней, чым збіралася. Я прашу кожнага з прысутных у гэтым пакоі падтрымаць пагадненне пра выхад з ЕЗ, каб мы маглі ажыццявіць рашэнне брытанскага народу і пакінуць Еўрапейскі звяз у запланаваным парадку», – сказала Тэрыса Мэй.

Мэй выказала надзею, што кансерватары стаяць на парозе новага перыяду ў гісторыі, на працягу якога ім пад сілу пабудаваць квітнеючую будучыню для Брытаніі.

«Я ўсведамляю вашае жаданне, каб другі этап перамоваў па Brexit быў рэалізаваны новым лідарам і ў адпаведнасці з новымі прынцыпамі, і я не збіраюся гэтаму перашкаджаць», – падкрэсліла яна.

Трэцяе галасаванне ў палаце абшчын па пытанні пагаднення Мэй мае адбыцца на працягу 27-29 сакавіка, паведамляе FT. Калі дамова прэмʼера будзе ратыфікаваная, яна сыдзе са сваёй пасады летам. Такім чынам, кансерватары змогуць выбраць сабе новага лідара да восені, калі партыя праводзіць штогадовую канферэнцыю, тлумачыць выданне.

Дэпутаты пазітыўна адрэагавалі на выступ Мэй.

Перамовы паміж Брытаніяй і ЕЗ па Brexit праводзяцца ў два этапы. Падчас першага этапу Мэй і прадстаўнікі ЕЗ узгаднілі ўмовы, паводле якіх Вялікая Брытанія пакіне звяз – яны зафіксаваныя ў лістападаўскім пагадненні.

Пасля першага этапу Брытанія афіцыйна перастане зʼяўляцца членам ЕЗ. У той жа час бакі працягнуць эканамічную супрацу на працягу пераходнага перыяду, які будзе доўжыцца як мінімум да снежня 2020 года. За гэты час Брытанія і ЕЗ павінны будуць завяршыць другі этап перамоваў, закліканы дасягнуць кансэнсусу па фармаце будучай супрацоўніцы ў галіне гандлю, бяспекі, вонкавай палітыкі, а таксама ў іншых сферах.

Hавiны
ЕЗ пагадзіўся адкласці Brexit
2019.03.21 19:51

CK belsat.eu паводле rbc.ru

Стужка навінаў