Сусветны банк: у Беларусі фінансавая рэцэсія. Міністр эканомікі думае інакш


13 лістапада падчас Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва ў Менску міністр эканомікі Дзмітрый Крутой паспрачаўся з прадстаўніком Сусветнага банку ў Беларусі Алексам Крэмерам, які заявіў, што наша краіна знаходзіцца ў стане «фінансавай рэцэсіі».

«Я не падзяляю меркаванне кіраўніка прадстаўніцтва Сусветнага банку аб захаванні ў краіне фінансавай рэцэсіі», – заявіў Крутой.

Паводле міністра, у гэтым годзе больш высокія тэмпы інвестыцыяў у асноўны капітал. «Гэта сведчыць аб тым, што мясцовыя і замежныя прадпрымальнікі вераць у нашу эканоміку і эканамічную палітыку», – падкрэсліў беларускі чыноўнік.

«Банкі адчуваюць дэфіцыт ліквіднасці, акрамя таго ў іх вельмі высокая доля праблемнай запазычанасці. Па гэтай прычыне банкаўскі сектар не зможа пашыраць крэдытаванне», – заявіў Крэмер.

Прадстаўнік Сусветнага банку мяркуе, што гэта можна лічыць «фінансавай рэцэсіяй».

Крэмер нагадаў, што ў Беларусі ў 2002-2011 гадах быў усплёск крэдытавання. За гэты час банкаўскія актывы выраслі з 16 % ВУП да 66 % ВУП.

«Гэтая сістэма абвалілася ў 2015-2016 гадах, калі ў Беларусі былі праблемы з плацежным балансам і давялося згарнуць вонкавыя запазычанасці», – адзначыў Крэмер. Паводле яго, макраэканамічная карэкцыя выявілася ў выглядзе высокіх ставак па крэдытах і ўзмацненні жорсткасці патрабаванняў да рэзерваў. У выніку «прыватны сектар ня меў доступу да крэдытавання», – канстатаваў прадстаўнік Сусветнага банку.

ЮВ, belsat.eu, паводле interfax.by

Стужка навінаў